Пераходны прыз зноў у «Вялікім Двары»

Нумары Сельская гаспадарка Факты, падзеi, людзi

На мінулым тыдні прайшоў пяты злёт аператараў машыннага даення сельгаспрадпрыемстваў раёна. На мерапрыемства, якое стала традыцыйным, з усіх гаспадарак запрасілі лепшых даярак, брыгадзіраў фермаў і тэхнікаў-асемянатараў – усяго 56 чалавек, якія дасягнулі ў сваіх калектывах высокіх паказчыкаў у працы. Гэтых працавітых і шчырых вясковых жанчын аб’ядноўвае прафесійнае майстэрства.  Варта згадаць, што за мінулы год адна даярка стала дзевяцітысячніцай, сямнаццаць аператараў машыннага даення надаілі ад кожнай каровы сваёй групы звыш васьмі тысяч кілаграмаў малака, шаснаццаць – звыш сямі, пяцьдзясят адна – звыш шасці, сорак пяць – звыш пяці.

У абноўленай сталовай ААТ «Жацерава» для старанных жывёлаводаў ладзіўся святочны агеньчык. У зале сабраліся людзі, стараннямі якіх прымнажаюцца здабыткі раёна. Менавіта рукамі гэтых жанчын, якія не ведаюць стомы, ствараецца дабрабыт гаспадарак. Гэта яны кожны дзень устаюць на золку, каб паспець своечасова падаіць сваіх рагуляў. Затым адправіць прадукцыю на перапрацоўчыя заводы, каб мы заўтра маглі купіць малако і вырабленыя з яго прадукты ў магазіне. Для кожнай даяркі ферма, вобразна кажучы, стала другім домам, а калектыў – адзінай сям’ёй.

– Сёння мы чарговы раз сабраліся на такое важнае гадавое мерапрыемства, каб аддзячыць вам за вашу нялёгкую працу і аказаць знакі ўвагі і павагі, – сказаў, адкрываючы злёт, першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарча Дзяніс Колясень. – Мы цэнім вас і ўшаноўваем лепшых з лепшых, самых дастойных за рупнасць, цярпенне, майстэрства і вернасць прафесіі. Спадзяёмся, што нам удасца стварыць вам святочны настрой і вы змястоўна адпачняце ад працоўных будняў, перадасце адна адной накоплены вопыт і гэты дзень запомніцца вам надоўга. А вашы каляжанкі, з якімі падзеліцеся ўражаннямі, прыкладуць намаганні для таго, каб дабіцца яшчэ вышэйшых вынікаў у працы і ў наступным годзе трапіць у спіс запрошаных на падобнае мерапрыемства.

Дзяніс Сяргеевіч павіншаваў жанчын са святам, пажадаў усім здароўя, шчасця і ажыццяўлення задум.

Заставацца такімі ж прыгожымі, чароўнымі, задорнымі і непаўторнымі пажадаў жывёлаводам дырэктар ААТ «Жацерава», старшыня раённага савета Аграпрамысловага саюза Іван Краўчук. І каб не пасавалі перад цяжкасцямі, якія пастаянна сустракаюцца на шляху, а пераадольвалі іх, як бы нялёгка ні было. Начальнік аддзела жывёлагадоўлі райсельгасхарча Галіна Шуранкова адзначыла, што ў гэтай галіне не павінна быць выпадковых людзей.   Справу трэба любіць, а жывёла заўсёды аддзячыць за ласку. Яна падкрэсліла, што ў зале сабраліся якраз такія людзі, якія плённа шчыруюць у жывёлагадоўлі. Далучылася да выступоўцаў, з пажаданнямі ўдачы, і дырэктар райплемстанцыі Людміла Курыльчык.

На працягу вечара пра кожную жанчыну-працаўніцу і жанчыну-маці былі сказаны цёплыя і шчырыя словы. Апладысменты – заслужаная ўзнагарода руплівіцам фермаў і захавальніцам дамашняга ачага.

Перадавы калектыў ТАА «СЖК «Налібакі», які на працягу некалькіх апошніх гадоў лідзіруе ў малочных справах раёна, прадстаўлялі вопытныя аператары машыннага даення, васьмітысячніцы Алена Вялічка, Святлана Рынкевіч, Галіна Чыжэўская і тэхнік-асемянатар Таццяна Міхно. На перадавых пазіцыях жывёлаводы ААТ «Каганец», якія павысілі свой рэйтынг і замацаваліся на другім месцы. Удзячнасць за працу атрымалі Валянціна Калкоўская, Ванда Фамішкіна, Наталля Вазнюк і брыгадзір Галіна Каробка. У  згуртаваным і працавітым калектыве ААТ «Вялікі Двор» у ліку лепшых па дасягнутых паказчыках вызначаюцца тры Наталлі – Мяшок, Хмель, Жылко, і Ірына Гудзь. Заслугоўваюць пахвалы руплівіцы ПДСУП «Профі-Аграцэнтр» Кацярына Кажамяка, Таццяна Гелейша, Галіна Фенька і Ірына Карповіч.

Гучнымі апладысментамі ўзнагародзілі прысутныя праслаўленую ў мінулым даярку, Героя Сацыялістычнай Працы, брыгадзіра МТФ «Пагарэлае» ААТ «Радзіма Якуба Коласа» Зінаіду Ярашэвіч, якая шчыруе ў жывёлагадоўлі больш за паўстагоддзя. Пад кіраўніцтвам гераіні працуе Лідзія Рымашэўская, якая надаіла летась ад каровы больш за дзевяць тысяч кілаграмаў малака. Гэта лепшы вынік у раёне. Заслугоўваюць падзякі за працу Святлана Столп і тэхнік-асемянатар Эрна Фішэр. Вылучаюцца стараннасцю аператары машыннага даення МТФ «Жацерава» Ларыса Вяргейчык, якая спалучае абавязкі тэхніка-асемянатара, Аксана Меляшкевіч, Ніна Мушык і Таццяна Рудаман. Не адстаюць па выніках работы ад сваіх суседзяў работніцы ААТ «Агранёманскі» Наталля Ідт – у нядаўнім мінулым пераможца конкурсу сярод маладых аператараў машыннага даення, Валянціна Нарановіч, Нона Філіна і тэхнік-асемянатар Іна Крывель. Дабрабыт СГФ «Аталезь-агра» ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс» ствараюць Ніна Лук’янчык,  Раіса Дубіцкая, Святлана Амельчанка і ветфельчар Наталля Сянько, якая спалучае абавязкі тэхніка-асемянатара. Шчыра апладызіравалі старанным Марыне Шыла, Валянціне Калянко, Ірыне Рачок, тэхніку асемянатару Вользе Ермаковіч з ААТ «Вішнявецкі-агра»; тэхніку-асемянатару Святлане Неўмяржыцкай (яе фотаздымак змяшчалі на раённую Дошку гонару), Інесе Раманоўскай, Вользе Дзеркачовай, Людміле Хрысто з ААТ «Рубяжэвічы»; тром Аленам – Босай, Патапенка і Пячурка, тэхніку-асемянатару Раісе Талэйка з ААТ «Дзераўное»; Вользе Сядура, Хрысціне Хімарода, Алене Васільевай і брыгадзіру Жанне Доўнар з ААТ «Рочавічы»; Жанне Буцька, Марыі Едзінец, Наталлі Салаўёвай і Марыне Ясюкевіч з ААТ «Шашкі»; Марыне Дзеніс, Ганне Смольнік, Таццяне Кладзько і брыгадзіру Валянціне Бурдукевіч з ААТ «Радзіма Дзяржынскага».

Па выніках работы за мінулы год пераможцам у раённым спаборніцтве сярод малочнатварных фермаў раёна стаў калектыў МТФ «Вялікі Двор» аднайменнага таварыства, якому перададзены пераходны прыз, заснаваны райкамам прафсаюза і ўпраўленнем сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама ў гонар Героя Сацыялістычнай Працы Зінаіды Ярашэвіч.

З заключным словам выступіла старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Тамара Калошыч, якая падзякавала ўсім, хто браў удзел у мерапрыемстве і хто яго падрыхтаваў, пажадала далейшых поспехаў у рабоце і шчасця ў асабістым жыцці. Падкрэсліла, што гэтая добрая традыцыя будзе працягвацца надалей.

Усе ўдзельніцы злёту атрымалі падарункі. Жанчын парадаваў цікавай праграмай народны вакальны ансамбль «Дольніца» Горкаўскага сельскага дома культуры. Арганізатарамі і спонсарамі мерапрыемства выступілі райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, упраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, раённы савет Аграпрамысловага саюза, якія стварылі для жанчын сапраўднае свята. А напрыканцы ўсіх чакаў прыемны сюрпрыз – запрашэнне на канцэрт Алены Сцепаненка.

На здымках: удзельнікаў злёту віншуе першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарча Дзяніс Колясень; Герой Сацыялістычнай Працы, брыгадзір МТФ «Пагарэлае» Зінаіда Ярашэвіч (справа) перадае пераходны прыз аператару машыннага даення МТФ «Вялікі Двор» Наталлі Мяшок; старшыня раённага савета Аграпрамысловага саюза Іван Краўчук уручае падарунак Лідзіі Рымашэўскай; перадавыя аператары машыннага даення ТАА «СЖК «Налібакі» (злева направа) Святлана Рынкевіч, Таццяна Міхно (тэхнік-асемянатар), Галіна Чыжэўская і Алена Вялічка; шматдзетныя маці, якія нарадзілі і вырасцілі па чатыры і пяць дзяцей (злева направа): Наталля Салаўёва, Святлана Столп, Жанна Буцька, Алена Васільева, Алена Патапенка, Марыя Дзеніс; пасля канцэрта – здымак на памяць з Аленай Сцепаненка.

Надзея БАТАЛКА

Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *