Улада адказвае справай

Нумары Соцыум Улада. Слова. Справа

image_pdfimage_print

Кожны чалавек лічыць, што яго праблема найважнейшая і яе можна вырашыць на абласным ці нават толькі рэспубліканскім узроўні. Дыялог, які адбыўся паміж саветнікам старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь Мікалуцкай Алай Валянцінаўнай з заяўнікамі падчас прамой лініі і прыёму грамадзян, засведчыў адваротнае: многія пытанні ў кампетэнцыі мясцовых улад.

У ліку першых звярнуліся да Алы Валянцінаўны жыхары вёскі Слабодка Старасвержанскага сельсавета. Яны расказалі, што ў вёсцы ёсць згарэлы дом, які абавязкова патрэбна знесці. Прысядзібная тэрыторыя ў недагледжаным стане, зарасла пустазеллем. Старшыня сельвыканкама Марына Таяноўская дала тлумачэнні і паказала пакет дакументаў, што падрыхтаваны па гэтым пытанні. Знойдзены ўласнік гэтага дома, які пражывае ў другой вобласці. Зараз усё робіцца для таго, каб выклікаць гаспадара ў сельвыканкам і вырашыць праблему з сядзібай.

Паступіла некалькі тэлефанаванняў наконт добраўпарадкавання дарог. На вуліцы – вясна. «Грунтоўка» раскісла. Адсюль і трывожныя сігналы з месцаў. Ала Валянцінаўна ўдакладніла прыналежнасць дарог у спецыялістаў. Людзей яна абнадзеіла: «Прадстаўнікі службаў выедуць. Пастараемся зрабіць усё ад нас залежнае. Я разумею, што сродкаў, спецыялістаў і тэхнікі для вырашэння набалелых пытанняў з вясковымі дарогамі не хапае. Вашу праблему аператыўна вырашыць ДРБУ № 135».

Жыхары аграгарадка Шашкі падымалі праблему добраўпарадкавання мясцовых могілак, паступалі тэлефонныя званкі з просьбай даць некаторыя тлумачэнні наконт пенсіённага заканадаўства.

На прыём да саветніка старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь прыйшла жыхарка горада Стоўбцы (вул. Цэнтральная, 7). Яна расказала аб праблеме ўсіх жыхароў іх пад’езда. У кватэрах холадна, тэмпература ў студзені была толькі 10 градусаў. Супрацоўнікі ЖКГ меры па ліквідацыі нязручнасцяў не прымалі. Адразу ж на гэты адрас была накіравана рабочая група. Факты пацвердзіліся. Дадзена канкрэтнае даручэнне супрацоўнікам ЖКГ па ліквідацыі тэмпературнай праблемы і па пераразліку за ацяпленне кватэр у гэтым доме.

Паступалі звароты грамадзян, якія насілі індывідуальны характар. На ўсе тэлефанаванні і звароты былі дадзены канкрэтныя тлумачэнні і адказы. Адказным службам райвыканкама дадзены даручэнні выехаць на месца, разабрацца і выправіць сітуацыю ў бліжэйшы час.

Падводзячы вынікі работы на прамой лініі і прыёме грамадзян, Ала Валянцінаўна зазначыла: «За кожным зваротам, тэлефонным званком стаіць чалавек з яго асабістымі праблемамі. Неабходна старацца разглядаць кожнае пытанне і па меры магчымасці іх вырашаць, не зацягваць. Патрэбна ўладам самім ісці да людзей, а не чакаць падказкі «праблемных адрасоў». Вось такія сустрэчы з грамадзянамі – гэта не толькі добрая магчымасць дапамагчы канкрэтнаму чалавеку, але і быць у курсе мясцовых праблем, якія дапамагаюць убачыць тэндэнцыі ў развіцці рэгіёна. Калі едзеш па горадзе, бачна, што ён расце, прыгажэе. Уражанне станоўчае, ды і пытанні вырашаюцца на мясцовым узроўні».

Нэлі АСТРЭЙКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *