Падысці ўзважана і абдумана

Адукацыя Нумары

Раённы выканаўчы камітэт прыняў рашэнне аб пераводзе аддзялення дзіцячага сацыяльнага прытулку Стаўбцоўскага сацыяльна-педагагічнага цэнтра з Мясёнкаўшчыны на базу Акінчыцкага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад – пачатковая школа з ліквідацыяй у гэтай навучальнай установе пачатковай школы і пераводу дзяцей-пачаткоўцаў  у іншыя стаўбцоўскія агульнаадукацыйныя школы. Як кожнае новае рашэнне, і гэтае закранула інтарэсы асобных людзей, і кожны імкнецца бачыць у гэтай сітуацыі свае асабістыя патрэбнасці. Каб даведацца, чым выклікана прыняцце такога рашэння раённай уладай, мы гутарым з начальнікам аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Людмілай Стонька.

–       Рэарганізацыя Акінчыцкага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад – пачатковая школа ў Акінчыцкі дзіцячы сад з’яўляецца планавай, меркавалася, што гэта адбудзецца ў верасні 2015 года. Летам мінулага года спецыялісты аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама сумесна са спецыялістамі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі і падраднай будаўнічай арганіазацыі наведалі вучэбна-педагагічны комплекс. Было ўстаноўлена, што на даных плошчах можна адкрыць толькі адну групу дзіцячага сада на 20 месцаў, а таксама правесці рамонтныя работы па рэканструкцыі ўстановы. Улічваючы, што на тэрыторыі нашага раёна з 1 верасня 2015 года адбылася рэарганізацыя трох устаноў адукацыі ў вучэбна-педагагічныя комплексы «дзіцячы сад – сярэдняя школа», рэарганізацыя Акінчыцкага ВПК была перанесена на 2016 год. Для кіраўніцтва і педагагічнага калектыву гэтай установы адукацыі, як і для бацькоў дзяцей, гэта не было навіной. Рашэнне раённай улады не спантаннае, а абдуманае, узважанае і абгрунтаванае эканамічнымі падлікамі.

–       Агучце іх, калі ласка.

–       У бягучым навучальным годзе Акінчыцкі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад – пачатковая школа наведваюць 66 дзяцей, з іх – 42 дашкольнікі і 24 вучні. У першым класе навучаюцца чатыры чалавекі, у другім – 10, у трэцім – сем, у чацвёртым – тры. Паводле праведзенага аналізу на бліжэйшыя пяць гадоў, колькасць дзяцей 1-4 класаў не перасягне 30 чалавек. У 2016/2017 навучальным годзе, напрыклад, у першы клас плануецца залічыць толькі пяць дзяцей з 11, якія пражываюць на тэрыторыі гэтага мікрараёна райцэнтра. Варта ў такой сітуацыі гаварыць і аб тым, што малая колькасць вучняў у класе не дазваляе настаўніку ў поўнай меры выкарыстоўваць эфектыўныя формы і метады навучання. У класах складана арганізаваць ўзаеманавучанне вучняў у парах і групах, выкарыстоўваць калектыўныя формы навучання, а самім вучням павышаць свой інтэлектуальны ўзровень, маючы зносіны з равеснікамі. Складанасць узнікае і пры арганізацыі фізкультурных заняткаў з дзецьмі ў пазаўрочны час, паколькі ў адпаведнасці з нарматыўнымі дакументамі Міністэрства адукацыі напаўняльнасць груп у гарадской мясцовасці павінна быць не менш за пяць вучняў. Усе гэтыя магчымасці маленькія жыхары мікрараёна Акінчыцы могуць атрымаць у сярэдніх школах і гімназіі Стоўбцаў. У гімназіі № 1 вучні 1-4 класаў мэтанакіравана рыхтуюцца да паступлення ў гімназічныя класы з выдатнай магчымасцю вывучэння асобных прадметаў на павышаным узроўні. Вучні СШ № 2 паспяхова рэалізуюць свае таленты ў эстэтычным накірунку – танец, выяўленчае мастацтва. У СШ № 3 пачаткоўцы могуць наведваць Школу юных інтэлектуалаў «Эрудыт» па падрыхтоўцы да алімпіяд, конкурсаў даследчага характару. Работа гэтай навучальнай установы ў плане развіцця інтэлектуальных здольнасцяў прызнана не толькі ў нашым раёне, але і ў рэспубліцы. Акрамя гэтага, вучні могуць развіваць свае таленты ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі, Стаўбцоўскай дзіцячай школе мастацтваў адразу ж пасля ўрокаў.

–       Наколькі зручна і поўна арганізавана транспартнае забеспячэнне гэтага мікрараёна райцэнтра?

–       У сучасны момант з мікрараёна Акінчыцы ў Стоўбцы арганізавана сем рэйсаў гарадскога аўтобуса: з 06.10 да 19.45, у 14.30 праязджае прыгарадны аўтобус Стоўбцы – пансіянат. З 1 верасня 2016 года дадаткова будзе выдзелены транспарт аддзялення дзіцячага сацыяльнага прытулку для падвозу дзяцей у школы горада.

–       Людміла Мар’янаўна, мы падышлі да яшчэ аднаго пытання рэарганізацыі – аддзялення дзіцячага сацыяльнага прытулку.

–       З 1 чэрвеня адначасова з рэарганізацыяй Акінчынцкага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад – пачатковая школа ў памяшканні пачатковай школы ВПК будзе адкрыта аддзяленне дзіцячага сацыяльнага прытулку. Раённы сацыяльны прытулак доўгі час функцыянуе  ў вёсцы Мясёнкаўшчына ў памяшканні былой  Кнотаўшчынскай васьмігадовай школы – двухпавярховым будынку, разлічаным на 190 месцаў. Затраты на ўтрыманне аддзялення прытулку ў год складаюць 1,2 мільярда рублёў. Эканамістамі падлічана, што перамяшчэнне гэтага аддзялення ў Акінчыцы дазволіць скараціць затраты на яго ўтрыманне больш чым на палову. Бацькам жа будзе зручна наведаць дзяцей, каб наладзіць узаемаадносіны і вярнуць іх у родную сям’ю. На 21 сакавіка бягучага года ў гэтым аддзяленні праходзяць рэабілітацыю восем выхаванцаў. Бывае, што дзяцей двое, трое. Агучу і расходы па Акінчыцкім вучэбна-педагагічным комплексе. Сума расходаў у год на аднаго вучня складае 44 мільёны 870 тысяч рублёў, а па раёне ў сярэднім – 24 мільёны 835 тысяч рублёў.  Лічбы гавораць самі за сябе. Хачу звярнуцца да бацькоў: разумна асэнсоўвайце ўсё, стрымлівайце свае эмоцыі, не заражайце імі сваіх дзяцей, якія павінны ісці ў школу з радасцю. Гэта дапаможа ім мець пазітыўны настрой, так неабходны для засваення складанай вучэбнай праграмы і раскрыцця здольнасцяў ва ўстановах дадатковай адукацыі.

Святлана ЖЫБУЛЬ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *