Уладзімір РАДЗЕВІЧ: «Люблю сваю справу, ёю жыву і адданы ёй без астатку»

Нумары Сельская гаспадарка Факты, падзеi, людзi

image_pdfimage_print

На мінулым тыдні ў Салігорску прайшла ўрачыстасць з нагоды ўручэння спецыяльнай прэміі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта «Чалавек года Міншчыны» за 2015 год.

Гэтую прэстыжную ўзнагароду старшыня аблвыканкама Сямён Шапіра ўручыў 22 лепшым прадстаўнікам нашай вобласці.

У намінацыі «Вытворчая дзейнасць» лаўрэатам спецпрэміі «Чалавек года Міншчыны» стаў кіраўнік СФГ «Сула» Стаўбцоўскага раёна Уладзімір Радзевіч.

Сялянская фермерская гаспадарка «Сула» была створана пятнаццаць гадоў назад. За гэты час яе кіраўнік чатыры разы станавіўся лаўрэатам конкурсу «Лепшы прадпрымальнік года» ў намінацыі «Лепшая сялянская фермерская гаспадарка» на ўзроўні вобласці і двойчы – на рэспубліканскім.

– Уладзімір Уладзіміравіч, прыміце шчырыя віншаванні з такой важнай узнагародай. Вы вядомы фермер не толькі ў нашай краіне, а і за яе межамі. Неаднойчы тытулаваны, вы станавіліся лаўрэатам конкурсу «Лепшы прадпрымальнік года». Як вы ўспрынялі вестку аб прысваенні  ганаровага звання «Чалавек года Міншчыны»?

– Лічу, што гэта высокая ацэнка маёй працы, якая пацвярджае правільнасць выбранага накірунку. І адначасова – аванс на будучае, які трэба апраўдаць, працуючы яшчэ больш эфектыўна. Шчыра кажучы, любому чалавеку прыемна, калі яго заўважаюць, а ў мяне асабіста – гонар за прызнанне нялёгкай сялянскай працы.

– А чаму вы заняліся фермерствам, і менавіта вырошчваннем бульбы?

– На той час, як у мяне ўзнікла задумка адкрыць сваю справу, я ўжо меў вопыт работы ў камерцыйных структурах. Мяне падтрымаў бацька, з якім разам пачалі працаваць. Вывучылі беларускі рынак. Высявалі на выдзеленай зямлі збожжавыя. Бульбу апрабоўвалі і пачыналі з невялікай плошчы – двух гектараў. Не ўсё спачатку атрымлівалася, бо бульбаводства – няпростая галіна, якая патрабуе немалога напружання і ведаў. Аптымізму, аднак, не страчвалі.  

– І калі справа наладзілася, адбыўся, так бы мовіць, прарыў?

– Пасля паездкі з групай фермераў у Галандыю, пабачыўшы тамтэйшую тэхналогію вырошчвання і захоўвання бульбы, зразумеў, што і як трэба рабіць, каб дабіцца высокага выніку. Пачалі з насення. І сёння працягваем цесна супрацоўнічаць з вядомай нямецкай кампаніяй EUROPLANT, якая спецыялізуецца на селекцыі вырошчвання насення бульбы. З’яўляемся і яе дылерам. Затым набылі лініі па каліброўцы і фасоўцы бульбы, спецыяльную імпартную тэхніку для апрацоўкі глебы і бульбаўборачныя камбайны, пабудавалі бульбасховішчы. Укладвалі свае грошы і карысталіся крэдытамі Белаграпрамбанка. Сёння садзім 200 гектараў бульбы, атрымліваем высокую ўраджайнасць, што дазволіла акупіць затраты і атрымаць прыбытак. 

– І пашырыць вытворчасць, адкрыць новыя прадпрыемствы.

– Так. Пад маім патранажам утварыліся  два – «Аграцэнтр Сула» і «Сула Плюс». Кожнае прадпрыемства займаецца сваёй справай: першае – вырошчваннем таварнай бульбы, другое – яе мыццём, паліроўкай, фасоўкай і продажам. СФГ «Сула» спецыялізуецца на вырошчванні насення. 

Чакаем рашэння райвыканкама аб выдзяленні дадаткова 300 гектараў зямлі, каб пасадзіць сёлета 700 гектараў бульбы.

– Новае прадпрыемства «Сула Плюс» пачало работу напрыканцы мінулага года, раскажыце пра гэта крыху падрабязней.

– Будавалася яно больш за год. Магутнасць за дзве змены – да 140 тон мытых і паліраваных клубняў. Бульба сёлета танная, таму рэалізацыя гэтай прадукцыі ў прамым сэнсе нас выратоўвае, бо дазваляе  прадаваць бульбу па прымальнай цане. Адгружаем тавар у Санкт-Пецярбург, Маскву, Малдову, а таксама ў Іванава. У Еўрасаюзе адкрыты для нас рынкі дзвюх краін – Сербіі і Нарвегіі.

– На гэтым тыдні вы сустракаліся з прадстаўніком французскай кампаніі Teve de France. Якія вынікі праведзеных перамоў?

– Гэтая кампанія займаецца перапрацоўкай, продажам і ўпакоўкай бульбы ў Еўропе. Кампанія лабіруе свае інтарэсы, а мы, у сваю чаргу, маем сваю цікавасць да іх праекта – пашырыць рынак збыту. Французы прапануюць нам заказ на вырошчванне шасці сартоў харчовай бульбы галандскай і французскай селекцый па іх тэхналогіі. Для далейшай рэалізацыі бульбы пад  брэндам Primeale, вядомым ва ўсім свеце, адначасова і нашым лагатыпам, на Расійскім рынку і ў Эміратах.

– А чаму французы выбралі менавіта вас?

– Прадстаўнікі кампаніі наведалі летась першую міжнародную выстаўку «Еўразійская бульба – 2015», якая праходзіла на базе нашай сялянскай фермерскай гаспадаркі. Цікавіліся, тады яшчэ у стадыі будаўніцтва, прадпрыемствам «Сула Плюс». Затым прыехалі зноў, паглядзелі якасць вырашчанай бульбы і прапанавалі нам заключыць кантракт. Гэта сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы, і такое супрацоўніцтва нам выгадна. Дарэчы, маем неблагую карысць ад праведзенай выстаўкі: расійскія фермеры набываюць у нас насенне.

– Уладзімір Уладзіміравіч, акрамя бульбы, вы вырошчваеце і іншыя культуры. Як тут ідуць справы?

– Засяваем 240 гектараў рапсам і звыш двухсот – зернебабовымі. На базе нашай гаспадаркі створаны і працуе Аграцэнтр, прадстаўнікі нямецкай фірмы BASF праводзяць доследы па апрацоўцы раслін прэпаратамі гэтай вядомай кампаніі. Цеснае супрацоўніцтва ў тэхналогіі вырошчвання рапсу дазваляе нам атрымліваць высокую ўраджайнасць гэтай тэхнічнай культуры – звыш 43 цэнтнераў масланасення з гектара. Ёсць рынак збыту. Сёлета, разам з іншымі фермерамі, мы заключылі кантракт на пастаўку тысячы тон фуражнага гароху нямецкім вытворцам камбікорму для рыб.

– А якія планы работы на бліжэйшыя гады?

– Планы на будучае вялікія, а як атрымаецца – пакажа час, бо эканамічная сітуацыя зараз няпростая. У бліжэйшай перспектыве атрымаць дадаткова зямлю. А таксама ажыццявіць яшчэ адзін праект – пабудаваць за гэты год на вытворчых плошчах «Сула Плюс» міні-завод па перапрацоўцы бульбы ў сухое пюрэ. Такая прадукцыя карыстаецца попытам у харчовай прамысловасці, у прыватнасці, мясаперапрацоўчай і хлебапякарнай. У сухім пюрэ маюць патрэбу прадпрыемствы, якія гатуюць хуткія сняданкі і абеды. Толькі адна кампанія па вытворчасці чыпсаў – «Анега» – спажывае гэтага прадукту да 600 тон у год і набывае яго ў Расійскіх вытворцаў. У будаўніцтва будуць укладзены немалыя інвестыцыі. Дарэчы, «Сула Плюс», так задумана, стане лагістычным перапрацоўчым цэнтрам. Паспяхова і выгадна прадаць – гэтая навука намнога складаней, чым вырасціць ураджай.

– Вы задаволены сваёй работай, той справай, якой прысвяцілі жыццё?

– Так. І не шкадую, што вярнуўся ў вёску, дарагую майму сэрцу малую радзіму – Ячонку, дзе прайшло дзяцінства. Я люблю сваю работу, ёю жыву і аддаюся выбранай справе без астатку.  Бачу перспектывы далейшага развіцця і прыкладаю намаганні, каб ажыццявіць намечанае. Мне ёсць каму перадаць свой бізнес. Малодшая дачка, юрыст па адукацыі, ужо сёння ажыццяўляе свой праект пад назвай  «Дачная сотка» – рэалізоўвае ў гандлёвых кропках сталіцы насенне бульбы высокіх рэпрадукцый для дачнікаў. Першая выручка ад продажу на гэтым тыдні паступіла на наш разліковы рахунак.

Шчырай працай і адданасцю зямлі  фермер Уладзімір Радзевіч заслужыў ганаровае званне «Чалавек года Міншчыны».

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *