Да Дня работнікаў бытавога абслугоўвання насельніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі

Нумары Соцыум

image_pdfimage_print

ЖЫЛЫ ФОНД – ПАКАЗЧЫК «ІМУНІТЭТУ» КАМУНАЛЬНІКАЎ

Камунальная тэма – у ліку самых гарачых у грамадстве, таму што падаграваецца ростам тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі. Аднак спецыялісты жыллёва-камунальнай гаспадаркі нязменна працуюць над тым, каб у больш якасным і сучасным выглядзе забяспечыць нас гэтымі паслугамі, за якія мы плацім і вакол тарыфаў на якія не перастаём спрачацца.

У намесніка дырэктара па жыллёвай гаспадарцы УП «Стаўбцоўскае АКС» Галіны Гараднік большая частка працоўнага дня акурат і прысвечана самаму важнаму – рабоце з жыльцамі, з іх зваротамі, якія паступаюць у дыспетчарскую службу. На абслугоўванні АКС знаходзяцца 162 шматпавярховыя жылыя дамы, а таксама інтэрнат, перададзены РБУ, ды, напэўна, і са злабадзённымі пытаннямі адносна ўтрымання жыллёвага фонду дэфіцыту ніколі не было і не будзе. Сёлета ж іх колькасць вырасла  ў сувязі з уступленнем у сілу Указа Прэзідэнта № 535, які, у прыватнасці, кардынальна змяняе падыход да санітарнага ўтрымання дапаможных памяшканняў (пад’ездаў), у гэтым накірунку пакідае за жыльцамі права выбару. Для многіх шмат што пакуль выглядае новым і нязвыклым.

– Над гэтым мы працуем: выязджаем, тлумачым патрабаванні нарматыўных дакументаў. Праводзім сходы грамадзян. З людзьмі трымаем пастаянны кантакт, – звяртае ўвагу Галіна Гараднік і, па-жаночы шчыра, выказвае ўласнае жаданне: – Хочацца, каб і людзі нас чулі, разумелі. 

Без узаемных кантактаў і разумення немагчыма працаваць ні з жыльцамі, ні з калегамі. У падпарадкаванні Галіны Гараднік – калектыў у складзе 41 работніка. Гэта спецыялісты па прыватызацыі, пашпартнай рабоце, сантэхнікі і – асноўны састаў – рабочыя па комплексным утрыманні домаўладанняў. Іх паўсядзённы клопат – тэхабслугоўванне дахаў, балконаў, інжынерных сетак у шматпавярховых дамах. Штогод праводзяцца планавыя работы па бягучым і капітальным рамонце жыллёвага фонду. Спіс аб’ектаў фарміруецца зыходзячы з агульных аглядаў будынкаў, а працэнт выканання планавых работ напрамую залежыць ад фінансавання.

У мінулым годзе, напрыклад, капітальна былі адрамантаваны тры дамы па вуліцы Ленінскай у Стоўбцах, дом па вуліцы Школьнай, 27, у Наваколасаве. Аналагічныя планы ёсць і на бягучы год. Падзвіжкі прыкметныя, хоць, зразумела, патрэбы ў рамонце зношанага жыллёвага фонду існуюць значна большыя. Нельга не ўлічваць і псіхалагічны фактар – каму, скажыце, не хочацца, каб падобны рамонт прыйшоў менавіта ў яго дом, а не ў суседні?! Ад гэтага бываюць і незадавальненне, спрэчкі, скаргі… У цэлым камунальнікі ставяцца да іх нармальна, без лішняй амбіцыёзнасці. «Імунітэт» забяспечваюць своечасовае рэагаванне на паведамленні грамадзян, недапушчэнне аварыйных сітуацый. 

– У нас у эксплуатацыі дамы ад аднаго да дзевяці паверхаў. У 86-ці дамоў сярэдні «ўзрост» перасягнуў 40 гадоў. Пастаянна на наш баланс перадаецца ведамаснае жыллё – яно патрабуе бягучых і капітальных укладанняў. На нашым абслугоўванні адзіны ў раёне дом сацыяльнага тыпу. Жыллё гэтае добрае, камфортнае, але ўзнікае праблема культуры карыстання, утрымання яго з боку жыльцоў. Заходзіш у новы пад’езд – а там бруд, безгаспадарлівасць… У некаторых жыльцоў – ужо запазычанасць па жыллёва-камунальных плацяжах, – акрэслівае асаблівасці і праблемы на жыллёвым «фронце» Галіна Гараднік.

Але не толькі прафесіяналізм (у камунальнай гаспадарцы яна больш за 15 гадоў) чуецца ў яе развагах, калі прыходзіцца сутыкацца з сямейнай нядобранадзейнасцю. У складзе камісіі Галіна Гараднік, як прадстаўнік АКС, заходзіць у кватэры, кантралюе выкананне правілаў пражывання. Пасля асобных такіх знаёмстваў, гутарак з жыльцамі наступае шок. Чаму маладая жанчына, якая рыхтуецца стаць маці, не турбуецца пра парадак вакол сябе, зняважліва гаворыць пра сваю матулю?! Страшна зазіраць у яе будучыню…

Сама Галіна Іванаўна –  гаспадыня ўласнага дома, жонка, маці дваіх дзяцей і ўжо – маладая бабуля. Жывуць дружна ўсе разам. Дзякуй Богу, і ў родную Аталезь ёсць да каго ехаць – матуля сустракае на парозе. Калісьці сям’я была шматдзетнай. Бацькі працавалі ў калгасе, трымалі вялікую гаспадарку. «Кожны з нас, дзяцей, меў свае абавязкі, – успамінае Галіна Іванаўна. – Прыходзілася цяжка працаваць. Таму, магчыма, сваё будучае ўяўляла такім: пабудую ў горадзе ўласны прыгожы дом, з усімі зручнасцямі, і буду стукаць абцасікамі па асфальце. Таму і выбрала прафесію інжынера-будаўніка».

Разам з Галінай Іванаўнай выязджаем у адзін з жылых дамоў у Стоўбцах, дзе камунальнікі рамантуюць дах па сігнале жыльцоў, і становіцца зразумела, што прафесія ў яе – нялёгкая, не кабінетная і зусім нежаночая. З бягучай дакументацыяй падыходзіць да яе малады майстар Міхаіл Бабіла. Ён закончыў тэхналагічны ўніверсітэт, цяпер завочна займаецца ў БНТУ, аднак практычная парада ад вопытнага спецыяліста ніколі не бывае лішняй. З даху спускаюцца па аўтавышцы муляр IV разраду, брыгадзір Дзяніс Сямашка і тынкоўшчык ІІІ разраду Іван Герасімчык. Працуе вадзіцель аўтавышкі – Міхаіл Лявончык, воін-інтэрнацыяналіст. Майстар задаволены іх работай.

Відавочна, намесніку дырэктара па жыллёвай гаспадарцы аб’яднання камунальных службаў Галіне Гараднік ва ўсім трэба разбірацца, быць граматным і ўважлівым кіраўніком. Яе праца па выніках работы за 2015 год адзначана падзякай раённага выканаўчага камітэта.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара

 

КАМБІНАТ ВА ЎМОВАХ КАНКУРЭНЦЫІ

«Дзякуй усім работнікам камбіната за іх працу – ва ўмовах канкурэнцыі ім няпроста спраўляцца з даведзенымі заданнямі, заставацца вернымі сваёй прафесіі», – падкрэслівае дырэктар ААТ «Стаўбцоўскі раённы камбінат бытавога абслугоўвання» Святлана Янушкевіч.

 Па выніках работы за 2015 год тэмп росту бытавых паслуг у супастаўных цэнах склаў 102,2 працэнта, у тым ліку ў сельскай мясцовасці – 103,3 працэнта.  Энергазберажэннем дасягнуты значны паказчык – мінус 7,5 (пры плане – мінус 6). План па здачы другаснай сыравіны выкананы на 110 працэнтаў. Дзякуючы падтрымцы раённага выканаўчага камітэта прадпрыемствы і арганізацыі раёна актыўна размяшчалі на камбінаце заказы на пашыў спецадзення.

Выкананыя аб’ёмы работ дазволілі зарабіць сродкі, якія камбінат укладвае ў сваё развіццё. Так, у аграгарадку Дзераўная зроблены рамонт коштам 150 мільёнаў рублёў, адкрыта банкетная зала. Для жыхароў аграгарадка гэта магчымасць адзначыць значныя падзеі, юбілейныя даты і іншыя мерапрыемствы. У Стоўбцах у Доме быту адкрыта манікюрная зала. Камбінатам набыты за ўласныя сродкі тры швейныя машыны для швейнага цэха,  для пральні – пральная машына. Абноўлены комплексныя прыёмныя пункты ў Яблынаўцы і Новай Вёсцы.           

Раённы камбінат бытавога абслугоўвання славіцца сваімі старажыламі, такімі як галоўны бухгалтар Марыя Курыльчык, галоўны эканаміст Ала Рэўтовіч, спецыяліст аддзела кадраў Таццяна Глушакова, загадчыца Дома быту Аліна Бондарава разам з двума дружнымі калектывамі – атэлье і цырульні. У цырульню ў гэтым годзе прыйшлі маладыя спецыялісты, якім ёсць у каго вучыцца: Алену Шыркоўскую і Раісу Уласік па праву называюць настаўнікамі моладзі. Ладзяцца справы ў абутковай майстэрні, якую ўзначальвае вопытны спецыяліст Вера Бець, у пральні на чале з брыгадзірам Марынай Міхалевіч, у швейным цэху на чале з загадчыцай Таццянай Галаўко.

З нагоды прафесійнага свята нельга не адзначыць работнікаў камбіната, якія абслугоўваюць сельскіх жыхароў. Гэта дзякуючы іх адказнасці, ініцыятыве і стараннасці пры любых эканамічных умовах выконваюцца даведзеныя планавыя заданні. Сярод іх – прыёмшчыцы комплексных прыёмных пунктаў Валянціна Аляшкевіч (Стары Свержань), Алена Пятровіч (Новы Свержань), Святлана Говен (Аталезь), Людміла Храмцова (Засулле). У Вішняўцы шчыруе Алена Сухаверх – у свой час на гэтым месцы працавала яе матуля, Яўгенія Васільеўна Ермаковіч. Ад яе дачка пераняла эстафету. Дзякуючы сямейнай дынастыі ёй ёсць у каго атрымаць параду і дапамогу.

Паспяхова ўліваюцца ў калектыў бытавікоў і свежыя кадры. Так адбылося з начальнікам сельскіх комплексных прыёмных пунктаў Святланай Самахвал. На комплексным прыёмным пункце ў Новай Вёсцы працуе прыёмшчыца-цырульнік Наталля Цімашэнка. За некалькі гадоў яна выдатна зарэкамендавала сябе. У мінулым годзе на КПП у Шашках прыйшла прыёмшчыца Ганна Сурко, пра якую таксама толькі станоўчыя водгукі. Святлана Александровіч (у былым – загадчыца КПП у Рубяжэвічах) працуе прадаўцом магзіна ў Доме быту, дзе адкрыты секцыі па продажы мужчынскіх кашуляў ад дзяржынскай фабрыкі «Эліз», штораў ад ААТ «Стужка» і бялізнавага трыкатажу ад ААТ «Світанак», а таксама рэалізуюцца вырабы швейнага атэлье і т. п. Прадпрыемства ўскладае надзеі на галоўнага інжынера Аляксандра Камаева, які прыйшоў працаваць на камбінат напрыканцы 2015 года.                    

Нельга не ўспомніць ветэранаў камбіната, іх шматгадовую добрасумленную працу, і ў першую чаргу яго былых дырэктараў – Надзею Навіцкую і Анатоля Яўсейчыка, якія не губляюць сувязі з прадпрыемствам і сёння.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *