Падзеі і здарэнні

Нумары Падзеі і здарэнні

У пажарнай часці тыдзень, на шчасце, прайшоў спакойна. 27 студзеня ў 00.21 паступіла паведамленне ад суседзяў аб задымленні ў пад’ездзе дома ў Стоўбцах па вуліцы Цэнтральнай, 19. Па прыбыцці выратавальнікаў было ўстаноўлена, што ў кватэры № 66 гаспадыня разам са сваім знаёмым заснулі пасля распівання спіртнога. Канапа занялася ад цыгарэты. За дзеянні, якія маглі выклікаць пажар, 46-гадовая гаспадыня аштрафавана на 3 900 000 рублёў. У сувязі з моцнымі маразамі і пагрозай абмаражэнняў і пераахаладжэнняў супрацоўнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях настойліва нагадваюць правілы бяспечнага знаходжання на вуліцы. І мабільныя акцыі праходзяць цяпер непасрэдна на гарадскіх і сельскіх вуліцах, з дапамогай гучнагаварыцеля.
Міліцыяй зарэгістравана 90 паведамленняў аб правапарушэннях, у выніку якіх узбуджана 10 крымінальных спраў, у дзевяці з іх устаноўлены падазраваемыя. З аўтамабіля «Фольксваген-джэта», прыпаркаванага на ноч ля дома па вуліцы Цэнтральнай, зніклі аўтамагнітола, навігатар і асабістыя дакументы. Грамадзянін вынес бутэльку гарэлкі з магазіна «Дабраном». Вадзіцель аўтамабіля «Форд сіера» на 51-м км аўтадарогі Івянец – Рубяжэвічы – Стоўбцы ў вёсцы Сцяцкі ўчыніў наезд на пешахода, апошні атрымаў цяжкія траўмы.
Пракуратурай раёна выяўлены факты парушэння патрабаванняў Закона Рэспублікі Беларусь «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб», дапушчаныя ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, у райвыканкаме, Заямнаўскім сельвыканкаме. Да прыкладу, пісьмовыя звароты грамадзян павінны быць разгледжаны не пазней за 15 дзён. І не пазней як за адзін месяц тыя, якія патрабуюць дадатковага вывучэння і праверкі. Аднак адказ на некаторыя звароты дадзены са спазненнем, не заўсёды грамадзянам тлумачыцца парадак абскарджання таго ці іншага рашэння, ажыццяўляецца належны кантроль за разглядам вусных заяў і т. п. Па выніках праверкі ўнесена прадстаўленне.
Суд арыштаваў на тры месяцы 38-гадовага жыхара Зарэчча, раней не раз судзімага, які абрабаваў дачу ў садовым таварыстве «Верас» паблізу Коласава. За ўхіленне ад выплаты аліментаў на працягу трох і больш месяцаў 37-гадовы навасвержанец прыгавораны да 160 гадзін грамадскіх работ. Панеслі адказнасць трое хуліганаў: двое з іх, са Стоўбцаў і Новага Свержаня, атрымалі па пяць сутак арышту, а дзераўнянец – 390 000 рублёў штрафу.
ДАІ выявіла 185 парушэнняў правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў – трое п’яных і дзевяць бяспраўных вадзіцеляў, 31 недысцыплінаваны пешаход. Трое пешаходаў прыцягнуты да адказнасці за алкагольнае ап’яненне, пяцёра – веласіпедысты, якія рухаліся па праезджай частцы ва ўмовах галалёдзіцы. Учора, 31 студзеня, у раёне прайшоў адзіны дзень бяспекі дарожнага руху на тэму «Вадзіцель – пешаход: адносіны па правілах», накіраваны на павышэнне культуры ўдзелу ў дарожным руху.
«Хуткая» выязджала да хворых 192 разы, дзесяць сігналаў паступіла да асоб з алкагольным ап’яненнем.
Падрыхтавала Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *