Святыя зямлі беларускай

Нумары Таленты Стаўбцоўшчыны

image_pdfimage_print

Тыдзень праваслаўнай кнігі ў СШ № 3 г. Стоўбцы прайшоў з удзелам настаяцеля Свята-Уваскрэсенскага храма ў г. Стоўбцы протаіерэя Віталія Шаркова. Айцец Віталій атрымаў запрашэнне намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Алены Мядзведзевай выступіць перад вучнямі малодшых класаў.

Трэцякласнікі даведаліся шмат цікавай і патрэбнай інфармацыі. Напрыклад, аб тым, як важна для іх развіцця чытаць кнігі ўслых. Сустрэча праходзіла ў форме пытанняў і адказаў. Тыя дзеці, якія наведваюць нядзельныя школы пры храмах, маглі беспамылкова даць адказы на зададзеныя пытанні.

Айцец Віталій пазнаёміў вучняў з кнігамі Свяшчэннага Пісання, з Евангеллем. Размова ішла і аб духоўнай гісторыі зямлі беларускай і служэнні на ёй угоднікаў Божых. Айцец Віталій пакінуў у падарунак школе выдатную кнігу выдавецтва Беларускага Экзархата «Святыя зямлі беларускай». У ёй сабраны нарысы аб жыцці і духоўных подзвігах святых, якія прасіялі на нашай зямлі. У нашым раёне ў вёсцы Шашкі асвечаны храм у гонар Сабора Беларускіх святых (28 імён).

Сустрэча ў школе праходзіла напярэдадні Даравальнай нядзелі перад Вялікім постам. Свяшчэннік умела сумеў павесці з дзецьмі гутарку аб тым, як важна выхоўваць у сабе хрысціянскія дабрадзейнасці: умець папрасіць прабачэння, вучыцца жыць у міры і згодзе, умець суперажываць, аказаць спагаду, быць гатовым самому зрабіць першы крок да прымірэння з сябрам.

Кожны ўдзельнік сустрэчы атрымаў у падарунак праваслаўны каляндар.

Святлана ЖЫБУЛЬ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *