Камсамольскі дух вядзе наперад

Грамадства Нумары

На ўрачыстым сходзе ў Слуцкім гарадскім доме культуры, прысвечаным 95-годдзю ўтварэння БССР, з удзелам губернатара Мінскай вобласці С. Б. Шапіры прадстаўніца Стаўбцоўшчыны Ніна Дубовік была адзначана юбілейным медалём – «95 гадоў Ленінскаму камсамолу».
Гарачым камсамольцам, актыўным змагаром за высокія ідэалы любові і дабра ідзе Ніна Уладзіміраўна па жыцці. Моц яе духу, жаданне быць карыснай – зусім непадуладныя гадам. У вачах па-ранейшаму гарэзлівы агеньчык, сэрца б’ецца з хваляваннем, а нястомныя рукі не баяцца брацца за самыя смелыя праекты.
У апошнія гады Ніна Дубовік узначальвае раённую арганізацыю КПБ. Дзякуючы яе аўтарытэту, рады арганізацыі папаўняе моладзь. Вось і нядаўна падалі заявы на ўступленне ў КПБ бухгалтар ААТ «Рочавічы» Уладзімір Рапецкі, шэф-повар філіяла ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы Наталля Чэкун. Іх прыём у партыйныя рады плануецца ва ўрачыстай абстаноўцы, на бліжэйшым Пленуме абласнога камітэта КПБ. Маладыя камуністы, як, да прыкладу, дырэктар Стаўбцоўскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзіяна Ранцюк, працуюць у раёне на адказных пасадах.
Калі яшчэ раз вярнуцца да ўрачыстага сходу ў Слуцку, то дарэчы будзе сказаць, што на ім была ўшанавана званнем «Ганаровы грамадзянін Мінскай вобласці» Марыя Худая – першы сакратар Мінскага абласнога камітэта КПБ, каардынатар грамадскіх рухаў і палітычных партый Мінскай вобласці. Гэтае званне Марыя Мікалаеўна атрымала разам з лётчыкам-касманаўтам Алегам Навіцкім.
Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *