Землякі Якуба Коласа чытаюць «раёнку»

Нумары Соцыум

У аддзяленні паштовай сувязі ў Мікалаеўшчыне працягваецца гарачая падпісная пара.

Каля 600 экзэмпляраў розных перыядычных выданняў, у прыватнасці, кожнае дзясятае з іх – раённая газета «Прамень», традыцыйна дастаўляецца на гэтае аддзяленне. Чытаць свежыя газеты і часопісы нашчадкі Якуба Коласа па-ранейшаму любяць, без іх не ўяўляюць свайго жыцця, таму і да чарговай падпісной кампаніі падыходзяць з усёй адказнасцю.  

– Нашы актыўныя падпісчыкі – Алена Маляўка, Валянціна Ханенка, Алена Філіповіч, Марына Пархімовіч і многія іншыя, – начальнік аддзялення Наталля Мілішкевіч называе добра знаёмыя ёй прозвішчы. Сама карэнная жыхарка Мікалаеўшчыны, раней яна на працягу двух дзясяткаў гадоў працавала паштальёнам, сумяшчала гэтую пасаду з работай аператара, таму заўсёды па жаданні падпісчыка афармляла падпіску і ў яго дома, і ў аддзяленні паштовай сувязі.    

У размове высвятляецца, што сярод актыўных падпісчыкаў – і самі паштавікі. Выпісваюць па 10-15 выданняў. Матуля начальніка аддзялення паштовай сувязі – Лідзія Уладзіміраўна Семяняка –ужо на пенсіі і, фактычна, першая ў сям’і перачытвае ўсё, што прыносіць паштальён, каб вечарам з ахвотай падзяліцца навінамі з роднымі, абмеркаваць тое, што найбольш уразіла, усхвалявала або зацікавіла.

У любое надвор’е спяшаюцца да вяскоўцаў два паштальёны – Валянціна Жыдкевіч і Жанна Ермаковіч. Жанна Сяргееўна ўлілася ў калектыў нядаўна, са снежня мінулага года, але, як былы работнік сацыяльнай сферы, хутка асвоілася і з людзьмі, і са сваімі новымі абавязкамі. Да ліку апошніх, ведаю, яна дабавіла ўласцівай ёй «неслужбовай» сардэчнасці, цеплыні, што не маглі не заўважыць і не адгукнуцца адпаведным чынам жыхары вёсак Кнотаўшчына, Шахноўшчына, Белькаўшчына, якіх яна абслугоўвае.

Яе калега Валянціна Жыдкевіч, з паштальёнскім стажам 24 гады,   абслугоўвае Мікалаеўшчынскі дом-інтэрнат для ветэранаў вайны, працы і інвалідаў. У гэтую сацыяльную ўстанову паштальён дастаўляе каля 260 пенсій і дзяржаўных дапамог, розныя перыядычныя выданні, паштовыя адпраўленні. Гаваркая па сваім характары Валянціна Сямёнаўна лёгка знаходзіць агульную мову з кожным пастаяльцам, і не дзіўна, што яе тут любяць, чакаюць. Такія ж пачуцці маюць да свайго паштальёна і жыхары Мікалаеўшчыны, Русаковічаў… 

Пошта ў Мікалаеўшчыне размешчана ў зручным месцы – у цэнтры вёскі, па дарозе да дома-інтэрната, таму яе не мінае і немясцовы люд.

– Стараемся ўсіх кліентаў абслугоўваць ветліва, культурна, – заўважае Наталля Мілішкевіч. – У нас можна атрымаць усе паслугі  – набыць віншавальную паштоўку і адправіць пасылку ці электронны перавод, ажыццявіць плацяжы, заказаць тавар па каталогу… У пярэдадзень святаў звычайна карыстаюцца попытам падарункі – розныя парфумерныя наборы, камплекты пасцельнай бялізны… Добра разыходзіцца і паўсядзённы тавар – цукар, крупы, пральныя парашкі, мыла. Тавараабарот складае каля 30 мільёнаў рублёў кожны месяц. Мы маем магчымасць выплачваць заробкі, пенсіі па банкаўскіх пластыкавых картках, таму людзям яшчэ і зручна атаварвацца ў нас, рабіць плацяжы, – падкрэслівае мая суразмоўца.             

Пры тым, што сельскія паштавікі працуюць у адносна сціплых умовах (памяшканне пошты ацяпляюць самі з дапамогай звычайнай печкі і дроў), яны гатовы прапанаваць сваім кліентам самыя сучасныя паслугі, якімі  карыстаюцца жыхары горада. Такія паслугі, як адпраўленні «1 клас», экспрэс-пошта, паслугі лінейкі «Камфорт» і іншыя, ужо маюць запатрабаванасць у вясковых кліентаў.  

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *