На далікатную тэму

Нумары Соцыум

image_pdfimage_print

Маладых, каму клопат аб забяспечаным жыцці пры гадоў багацці на жыццёвым даляглядзе яшчэ далекаваты, пытанне гэтае, па іхняй стылістыцы, не надта калыша. А вось тыя, каму ўжо не толькі за трыццаць, але і за сорак-пяцьдзясят, да праблемы неабыякавыя. І цяпер меркаванні, разважанні зноў жа горача вядуцца ў любой немаладзёжнай аўдыторыі.

І гэта заканамерна. Выхад на пенсію – рубеж у жыцці чалавека. Для адных чаканы, жаданы, для іншых – не надта. І тут свае і маральныя, і матэрыяльныя прычыны, таму пытанне павышэння пенсіённага ўзросту не можа не хваляваць.

Беларусь – адна з лічаных краін свету, дзе ўзрост дагэтуль вымяраецца, як гаворыцца па старым календары. Шасцідзесяцігадовы мужчына і пяцідзесяціпяцігадовая жанчына, калі яны вядуць здаровы лад жыцця, сапраўды не адчуваюць сябе старымі. Павялічваецца сярэдняя працягласць жыццця. І сёння кожны пяты грамадзянін нашай рэспублікі з’яўляецца ўладальнікам пенсіённай кніжкі: на 100 працуючых прыпадае больш за 60 пенсіянераў. А ў будучым такая прапорцыя толькі павялічыцца.

Аб усім гэтым вялася размова на нядаўняй нарадзе ў Прэзідэнта. Намечаны асноўныя арыенціры з улікам рэальных працэсаў у дэмаграфічнай абстаноўцы, фінансавым стане і кожнага грамадзяніна, і дзяржавы ў цэлым. Прапанавана разгледзець магчымасць паэтапнага павышэння пенсіённага ўзросту з 1 студзеня 2017 года. Дакладна акрэсліць рубяжы новае заканадаўства аб пенсіённай рэформе, дзе будуць улічаны і эканамічна падлічаны варыянты з прыцягненнем вучоных, і слушныя думкі грамадзян.

Між тым, усе мы людзі, кожны прыстасоўвае сітуацыю перш за ўсё да становішча свайго, сваіх родных. Самыя зацікаўленыя тыя, у каго блізкі да цяперашняга  пенсіённага ўзроставы парог. «Колькі «лішніх» няхай не гадоў, месяцаў, давядзецца яшчэ перапрацаваць?» – уздыхаюць адны. «Яно можа і лепш», – кажуць іншыя. І тут адчувальны індыкатар не толькі настрою, а  і жыццёвай пазіцыі. Каму працавалася толькі ад званка да званка, без асаблівага клопату аб поспеху справы, калектыву, той і рвецца на «вольныя хлябы». Хоць нярэдка і не супраць і ў пенсіённым узросце лічыцца на працоўным месцы, грошы атрымліваць, асабліва не напружваючыся. Але ж і сцвярджаць адназначна такое – значыць, пакрыўдзіць людзей, каму здароўе не дазваляе ўжо працаваць з поўнай аддачай. Бо нярэдка даводзілася чуць, скажам, ад педагогаў, аб жаданні пайсці на пенсію «па выслузе гадоў». Чалавек фізічна і эмацыянальна стаміўся, і гэта зразумела.

Калі б было ўсё так схематычна, то і праблемы асаблівай ніхто б не адчуваў, не насіў бы за душой крыўды і зайздрасці. Баль жа на «танцполі жыцця» правіць вядомы фінансавы фактар. І іншы бурчыць, калі паціху, а калі  – і адкрыта. Маўляў, у адным калектыве аднолькава працуем, а калега, акрамя зарплаты, яшчэ і пенсію атрымлівае. Асабліва адчувальны дысананс, калі супрацоўнік пайшоў на пенсію ў 40-50-гадовым узросце. Поўны сіл і здароўя знаходзіць іншую работу. І акрамя пенсіі, што за службу ў сілавых структурах звычайна вышэйшая, чым у таго ж урача ці настаўніка, атрымлівае яшчэ, скажам, працуючы ахоўнікам, таксама грошы немалыя. Так, ёсць служба «дни и ночи», якая «и опасна и трудна». Ёсць прафесіі, дзе заўчасны ад звычайнага выхад на пенсію абумоўлены характарам дзейнасці, што вымагае значных фізічных нагрузак – і працоўных, і трэніровачных, работа са шкоднымі ўмовамі. Арганізм раней зношваецца, гэта зразумела. Вядома, такое будзе ўлічвацца пры выпрацоўцы новага пенсіённага заканадаўства. А ўвогуле, як адначыў Прэзідэнт, «будзе справядліва, калі пытанне павышэння пенсіённага ўзросту закране ўсіх».

Так, усе мы розныя. І не толькі ў прэсе, і пры асабістых гутарках даводзілася знаёміцца з пазіцыяй людзей, якіх той-сёй можа назаве і дзівакамі. «А няхай пры пенсіённай рэформе вырашаць, што і палову пенсіі не атрымліваць, а быць бы толькі пры любімай справе». І гэта не дэкларацыя. Прыкладаў шмат і ў нашым раёне, калі людзі працуюць дзесяцігоддзямі перекананы, што іх вопыт, уменне дапамогуць не збаўляць тэмпаў, браць новыя рубяжы. Скажам толькі пра тых, каго добра ведаюць і далёка за межамі Стаўбцоўшчыны. Герой Сацыялістычнай працы, Ганаровы грамадзянін Мінскай вобласці Зінаіда Пятроўна Ярашэвіч. Больш за пяць дзесяцігоддзяў працуе яна ў жывёлагадоўлі, узначальвае малочнатаварную ферму «Пагарэлае» ААТ «Радзіма Якуба Коласа», перадавую ў раёне па надоях малака. Больш за 40 гадоў з 53-х, звязаных з работай у сельскай гаспадарцы, нязменна ля руля ААТ «Вялікі Двор» Вольга Аляксееўна Луцык. Гаспадарка – у ліку перадавых не толькі ў раёне, але і пераможца рэспубліканскіх, абласных спаборніцтваў. Пра жанчын далікатна не будзем удакладняць, колькі ім гадоў. Скажам толькі, што і знешне, і душой яны маладыя, пэўна, яшчэ і ад усведамлення таго, што яны пры справе, якую лепш за іх ніхто не зробіць.

Заўсёды запатрабаваны вопытныя ўрачы, людзі іншых прафесій. А мастацкі, творчы свет? Нехта прыгадае, скажам, і Гётэ, які на дзявятым дзясятку закончыў працу над геніяльным «Фаустам». Бліжэй да нас, можна сказаць зямляк, Кандрат Крапіва, які ў васьмідзесяцігадовым узросце стаў аўтарам знакамітай камедыі «Брама неўміручасці».

Людзі асаблівыя? Назавём дзясяткі адрасоў, мясцовыя журналісты бадай што пра кожнага пісалі, хто ў пажылым узросце не тое, што не сядзіць без справы, а знаходзіць сябе ў цікавым, творчым занятку. А як было на рабоце? У 60 гадоў мужчыну, у 55 жанчыне памахалі ручкай: «Бывай!» Асабліва не пыталіся, ці хоча чалавек яшчэ папрацаваць. І папрацаваў бы, адчуваючы, што яго з багатым вопытам пакуль ніхто не заменіць. І змену падрыхтаваў бы…

Сказанае Прэзідэнтам на згаданай нарадзе па-народнаму вобразна аб цягавітасці людзей, якія не адчуваюць сябе старымі ў акрэсленым узросце, можа зменіць адносіны да «пажылых кадраў». Так, маладым заўсёды дарога, аднак і вопытныя не будуць лішнімі, асабліва калі працуюць бездакорна, творча, ініцыятыўна. Не раз жа і на вышэйшым узроўні адзначалася, што ў нашай краіне патрэбна яшчэ нямала працоўных рэсурсаў. І разам з павышэннем пенсіённага ўзросту пажадана зацікавіць людзей у працягу працоўнага жыцця. Зноў жа, павышэнне пенсіённага ўзросту – мера неабходная, усе гэта разумеюць. Беларусь не з багатых краін свету па прыродных рэсурсах. Каб мацаваць эканоміку, трэба і працоўнымі абыходзіцца беражліва. На гэта і будзе накіравана новае пенсіённае заканадаўства.

Фёдар БАНДАРОВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *