Бяспека ў нашых руках

Нумары РАНС інфармуе

НА БАЦЬКОЎСКІХ СХОДАХ – ВЫРАТАВАЛЬНІКІ

Напярэдадні вясенніх канікулаў актуальнае пытанне – дзіцячая бяспека.  

У раёне працягвае сваё шэсце рэспубліканская акцыя – «Дзень бяспекі. Увага ўсім!». У сувязі з гэтым у школах ужо адзвінелі «трывожныя» званкі, якія дапамаглі адпрацаваць на практыцы планы эвакуацыі і праверыць веды школьнікаў у вобласці бяспечнай жыццядзейнасці. Надышла пара для сустрэч з бацькамі вучняў.

Сустрэчы з бацькамі – адзін з асноўных накірункаў у прафілактыцы траўматызму і гібелі дзяцей. Не раз даказана жыццём: як бы часта педагогі і выратавальнікі не тлумачылі, што такое «добра» і што такое «дрэнна», у дзіцячай свядомасці галоўны прыклад для пераймання – бацькі. Значыць, у татаў і матуляў проста няма іншага выйсця, як быць «узорам бяспекі».

У рамках другога этапу акцыі выратавальнікі наведалі бацькоўскія сходы ў Нававёскаўскіх школе і дзіцячым садку, Вішнявецкай школе, СШ № 3 г. Стоўбцы. На сходах разгледжаны правілы пажарнай бяспекі ў быце, алгарытм дзеянняў пры пажары, правілы паводзін на вадаёме, дзеянні пасля сігналу грамадзянскай абароны – «Увага ўсім!». Безумоўна, «падкаваныя» бацькі знойдуць дома час, каб перадаць атрыманыя веды сваім дзецям. 

Пр

 

ПРАЗ АДКАЗНАСЦЬ –ДА БЯСПЕЧНЫХ УМОЎ ПРАЦЫ

Не на ўсіх прадпрыемствах раёна ў поўнай меры забяспечваецца пажарная бяспека і выкананне супрацьпажарнага рэжыму.

У ходзе кантрольнай праверкі выяўлены паўторныя парушэннні патрабаванняў Закона Рэспублікі Беларусь «Аб пажарнай бяспецы», якія не былі ўхілены ў ААТ «Стаўбцоўскі РКБА». Персанал прадпрыемства не навучаны правілам карыстання пярвічнымі сродкамі пажаратушэння і дзеянням на выпадак узнікнення надзвычайнай сітуацыі. На аб’ектах адсутнічае аўтаматычная пажарная сігналізацыя. Ёсць прэтэнзіі і да некаторых комплексных прыёмных пунктаў. Да прыкладу, КПП у Налібаках на працягу ўсяго ацяпляльнага сезона эксплуатаваўся з дымаходам, выкананым з азбестацэментнай трубы. Дом быту і КПП у Наваколасаве не забяспечаны нарматыўнай колькасцю пярвічных сродкаў пажаратушэння, КПП у Рубяжэвічах мае толькі адзін вогнетушыцель – у арандаваным памяшканні магазіна, а на КПП у Слабадзе і Новым Свержані вогнетушыцелі патрабуюць перазарадкі.           

Прааналізавана выкананне прадпісання органаў дзяржаўнага пажарнага нагляду на філіяле ДБУ № 62. Устаноўлена, што персанал ведае патрабаванні і меры пажарнай бяспекі на выпадак узнікнення пажару або іншай надзвычайнай сітуацыі, на аб’ектах выкананы ўсе мерапрыемствы рэжымнага характару. Разам з тым, засталіся парушэнні капітальнага характару: аб’екты не абсталяваны аўтаматычнай сістэмай пажарнай сігналізацыі, дыманепранікальнымі дзвярамі.

Падчас планавых праверак, праведзеных інспекцыяй нагляду і прафілактыкі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, ва ўстановах адукацыі і на аб’ектах сэрвісу выяўлены шэраг недахопаў, у выніку чаго ў адносінах да кіраўнікоў былі распачаты адміністрацыйныя працэсы.  

Парушэнні нормаў і правілаў пажарнай бяспекі зафіксаваны ў пяці ўстановах дашкольнай адукацыі раёна. Так, у ДУА «Яслі-сад № 1 г. Стоўбцы» эксплуатуецца пад лесвічным маршам адкрытая размеркавальная каробка, злучэнне жыл у якой выканана з дапамогай скруткі. У нерабочым стане знаходзіцца аўтаматычная пажарная сігналізацыя. У яслях-садзе № 7 прапанаваны да ўхілення шэсць мерапрыемстваў, накіраваных на ўзмацненне пажарнай бяспекі аб’екта. З другога паверха ясляў-сада № 2 назіраецца толькі адзін эвакуацыйны выхад з будынка, другі – праз акно і акурат на неагароджаную пляцоўку надворнай металічнай лесвіцы. Парушэнні ў Заямнаўскім дзіцячым садку характэрны для большасці ўстаноў дашкольнай адукацыі, у прыватнасці, планы эвакуацыі на паверхах не адпавядаюць патрабаванням, адсутнічае свабодны доступ да пярвічных сродкаў пажаратушэння, на ключ зачынены дзверы эвакуацыйных выхадаў…      

Пры праверцы ПДСУП «Гасцінічны комплекс «Цэнтр» не былі прад’яўлены: дакументацыя з паказчыкамі пажарнай бяспекі на дэкаратыўную аддзелку столі ў банкетнай зале, а таксама поўны камплект праектнай дакументацыі на памяшканне з галерэяй, якія былі прыбудаваны.

Таццяна ТАРАСЕВІЧ,інспектар раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях

 

СПЫНІМ ПАЛЫ РАЗАМ

Нагадваем, што выпальванне сухой расліннасці, пажніўных рэшткаў, травы на корані катэгарычна забаронена. Ведайце самі і папярэдзьце суседзяў, сваякоў аб недапушчэнні спальвання леташняй травы і смецця. За парушэнне гэтай забароны прадугледжана адміністрацыйная адказнасць – штраф ад 10 да 40 базавых велічынь.    

З надыходам веснавога надвор’я дбайныя гаспадары з асаблівым ірвеннем бяруцца за падрыхтоўку садоў і агародаў да новага сезона, аднак часта ігнаруюць не толькі сваю бяспеку, але і бяспеку іншых людзей. На жаль, падобная «звышыніцыятыўнасць» грамадзян нароўні з няведаннем правілаў пажарнай бяспекі, а часам і простым нежаданнем іх выконваць, прыводзіць да сумнага выніку.

Згодна са статыстыкай, у пажаранебяспечны перыяд расце колькасць пажараў па прычыне выпальвання сухой расліннасці і смецця, развядзення кастроў у забароненых месцах. Гараць дамы і іншыя пабудовы, у якія ўкладзены сродкі і шматгадовая праца (летась у в. Клетнае Барысаўскага раёна з-за неасцярожнага абыходжання з агнём пры спальванні сухой расліннасці на прысядзібным участку было знішчана чатыры жылыя дамы і 8 гаспадарчых пабудоў).

Нярэдка церпяць, становяцца ахвярамі і людзі, якія не ўлічваюць небяспеку такой з’явы, як агонь, і магчымасць яго імгненнага распаўсюджання (да аднаго метра ў секунду) на вялікія адлегласці пры парывах ветру. Як сведчыць вопыт мінулых гадоў, у большасці выпадкаў гінуць ад агню людзі састарэлыя, якія, як правіла, пры спальванні на ўчастку смецця не разлічылі сваіх сіл, каб пракантраляваць полымя. А для бяды дастаткова адной мінуты.

Дзе прыгатаваць шашлык

Згодна з Правіламі пажарнай бяспекі Рэспублікі Беларусь дапускаецца кантралюемае развядзенне кастроў, размяшчэнне спецыяльных прыстасаванняў для гарачага вугалю (мангала, барбекю, грылю) на тэрыторыі базаў адпачынку, дачных кааператываў, садовых таварыстваў, прысядзібных тэрыторый жылых дамоў пры пэўных умовах.

Неабходна прыняць меры па нераспаўсюджанні гарэння за межамі пляцоўкі (акапаць яе, прыбраць вакол гаручыя матэрыялы і т. п.), а таксама наладзіць пастаянны кантроль за працэсам гарэння, пры гэтым мець каля сабе сродкі тушэння (вогнетушыцель, вядро з вадой, рыдлёўку). Пасля прыгатавання ежы гарачыя матэрыялы павінны быць патушаны да поўнага спынення тлення. Касцёр жа павінен быць аддалены ад будынкаў не менш чым на 10 м, лясных масіваў – на 20 м, сціртаў сена і саломы – на 30 м. Спецыяльныя прыстасаванні для прыгатавання ежы размяшчаюцца на адлегласці не менш за чатыры метры ад будынкаў.

РАНС



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *