Прафілактыка

Медыцына Нумары

image_pdfimage_print

З АНАНІМНЫМ ДАСЛЕДАВАННЕМ

Па-ранейшаму актуальна гаварыць аб увазе грамадства да такой сур’ёзнай праблемы, як ВІЧ-інфекцыя, і мерах яе прафілактыкі.

Звернемся да статыстыкі. Па стане на 1 сакавіка ў Рэспубліцы Беларусь зарэгістраваны 20 261 выпадак ВІЧ-інфекцыі, пераважная большасць іх (18 982) – ва ўзроставай групе 15-49 гадоў. У 60 працэнтаў інфіцыраваных заражэнне адбылося палавым шляхам. Сумны такі факт: сярод заражаных – 295 дзяцей ва ўзросце да 14 гадоў.

Кумулятыўная колькасць выпадкаў СНІД на 1 сакавіка складае 5206, у тым ліку за студзень–люты гэты дыягназ устаноўлены 72 пацыентам. За ўвесь перыяд назірання сярод ВІЧ-інфіцыраваных пацыентаў памерлі 4530 чалавек, 2575 з іх – у стадыі СНІД.

У Мінскай вобласці за ўвесь перыяд назірання (1987–2016 гг.) зарэгістраваны 2880 выпадкаў. У Стаўбцоўскім раёне на 1 сакавіка зарэгістраваны 28 ВІЧ-інфіцыраваных, большасць з іх ва ўзросце звыш 30 гадоў. Палавым шляхам заразіліся 61 працэнт, парэнтэральным – 39 працэнтаў. На дыспансерным уліку стаяць 11 пацыентаў з дыягназам «ПрадСНІД». Памёр адзін чалавек. У 2015 годзе ад ВІЧ-інфіцыраванай жанчыны нарадзілася дзіця.

Як бачым, існуе сур’ёзная праблема, таму кожны чалавек павінен прыняць канкрэтныя дзеянні, захоўваць меры прафілактыкі. У першую чаргу, гэта адмова ад выпадковых палавых сувязяў, захаванне вернасці; адмова ад ужывання наркотыкаў; выкарыстанне толькі ўласных прадметаў гігіены; правядзенне медыцынскіх і касметычных маніпуляцый толькі ў спецыялізаваных установах; правядзенне даследавання на ВІЧ.

Калі ў вас ёсць сумненні, калі вы занепакоены, то можна прайсці бясплатнае даследаванне, у тым ліку ананімнае, у працэдурным кабінеце № 321 раённай паліклінікі ў рабочыя дні з 08.00 да  18.00 па адрасе г. Стоўбцы, вул. Ленінская, 164.

Можна атрымаць ананімнае кансультаванне і даследаванне перад уступленнем у шлюб. Па кансультатыўную дапамогу можна звяртацца ў паліклініку да ўрача-інфекцыяніста, дэрматавенеролага, гінеколага, уролага.

Ірына ПЯТРОВІЧ,загадчыца аддзела эпідэміялогіі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі

 

ВЫРАТУЕ ВАКЦЫНАЦЫЯ

Шаленства – цяжкая вострая вірусная інфекцыя, агульная для чалавека і жывёлы. Суправаджаецца яна цяжкім паражэннем цэнтральнай нервовай сістэмы і заўсёды заканчваецца гібеллю хворага.

Заражэнне чалавека і жывёлы адбываецца пры непасрэдным кантакце, праз пакусы або асліненне пашкоджанай скуры ці наружных слізістых абалонак.

За мінулы год у раёне зарэгістравана дванаццаць лабараторна пацверджаных выпадкаў шаленства жывёлы на тэрыторыях Рубяжэвіцкага, Заямнаўскага, Літвенскага, Шашкоўскага і Наваколасаўскага сельсаветаў. Дарэчы, у папярэднім годзе іх было шэсць. У дзікай прыродзе гэта пяць лісіц, два яноты і лось, а таксама дамашні сабака і тры адзінкі буйной рагатай жывёлы. Адбыліся два выпадкі масавага кантакту людзей з хворай на шаленства жывёлай – каровай і цялём. У выніку пацярпелі 18 чалавек.

Каб знізіць рызыку заражэння людзей шаленствам, раённай ветслужбай штогод праводзіцца прафілактычная вакцынацыя жывёлы. Летась былі прышчэплены 6329 сабак і звыш сямі тысяч катоў. Плошча, ахопленая аральнай імунізацыяй, склала 100 квадратных кіламетраў, з дапамогай авіяцыі – 1000 квадратных кіламетраў.

Эпізаатычная сітуацыя па шаленстве на тэрыторыі раёна і ў пачатку года застаецца  напружанай. На падворкі вяскоўцаў працягваюць забягаць лісы, якія нярэдка маюць кантакты з дамашнімі гадаванцамі. Пік захворвання на шаленства прыходзіцца на ліпень-жнівень і асеннія месяцы. У лесе падрастае маладняк драпежных звяроў, а ў населеных пунктах рэзка ўзрастае колькасць бадзяжных сабак і катоў, якіх кінулі гаспадары. Самае страшнае, што за памылкі дарослых часта адказваюць дзеці.

Пакус, асліненне жывёлінай, нават знешне здаровай, заўсёды небяспечныя, таму што сліна становіцца заразнай за дзесяць дзён да з’яўлення клінічных прыкмет шаленства. У сувязі з гэтым ні ў якім разе нельга забіваць знешне здаровую жывёліну, якая пакусала або абадрала чалавека. Яна павінна быць ізалявана ад людзей і знаходзіцца пад наглядам на працягу дзесяці дзён. Толькі па заканчэнні гэтага тэрміну можна рашыць, якія прыняць меры да жывёліны  і ці трэба рабіць прышчэпкі пацярпеламу. У выпадку захворвання, гібелі або знікнення жывёліны пацярпеламу праводзіцца поўны курс прышчэпак.

Дарэчы, своечасовая вакцынацыя жывёлы абароніць не толькі яе, а і людзей ад небяспекі смяротнага захворвання. Вакцынацыя і рэгістрацыя сабак і катоў праводзіцца ва ўчастковых ветлячэбніцах: г. Стоўбцы, зав. Мічурына, 1, у рабочыя дні з 08.00 да 16.00 (тэл. 7-41-19); а. г. Дзераўная, у рабочыя дні з 08.00 да 17.00 (тэл. 5-82-96).

Уладальнікі жывёлы павінны строга прытрымлівацца правілаў утрымання сваіх гадаванцаў, бо нясуць за іх паводзіны не толькі адміністрацыйную, але, пры нанясенні цяжкіх калецтваў і смерці пацярпелага, і крымінальную адказнасць.

Анатолій ГУСАЧОНАК, галоўны ветурач раёна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *