2 красавіка – Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі

Нумары Тэма тыдня

image_pdfimage_print

БОЛЬШ ЧЫМ ЭКСПАРТ

Даўнія і цесныя сувязі звязваюць філіял ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы з расійскімі партнёрамі.

За першы квартал бягучага года філіялам экспартавана 14 кампрэсарных станцый на агульную суму 100 тысяч долараў ЗША, што значна больш у параўнанні з адпаведным леташнім перыядам. Усе станцыі адгружаны на адрас аднаго расійскага партнёра – «Гандлёвага дома «Рэміза» ў Маскве, з якім працягнуты кантракт і на 2016 год. 

– З улікам сучаснай эканамічнай сітуацыі вынік нядрэнны, – зазначае начальнік аддзела збыту філіяла Віктар Круглік і тлумачыць наступнае: – Са сваімі расійскімі партнёрамі вядзём актыўнае супрацоўніцтва – у красавіку спадзяёмся адгрузіць яшчэ пяць кампрэсарных станцый. Наша задача на бягучы год – рэалізаваць каля сотні станцый, прычым палову з іх – на экспарт. Каб павысіць іх канкурэнтаздольнасць, адпрацоўваем пытанне аб набыцці кампрэсараў для зборкі станцый напрамую з Германіі.

Стаўбцоўскія маторнікі заявілі аб сабе на перспектыўным расійскім рынку каля дзясятка гадоў таму. За гэты перыяд наладжаны трывалыя і эфектыўныя ўзаемасувязі. Неаднойчы Віктару Кругліку прыходзілася выязджаць у сталіцу, іншыя гарады Расійскай Федэрацыі з мэтай перамоў (неабходнасць у абмеркаванні  ёсць пастаянна, таму што ў самой Расіі працуюць не менш за шэсць вытворцаў аналагічнай прадукцыі, і захоўваюцца ўмовы жорсткай канкурэнцыі), таму, прызнаецца ён, нярэдка стасункі беларусаў і расіян, блізкіх па менталітэце, звязаных агульным гістарычным мінулым, на ўзроўні нефармальных чалавечых кантактаў уплываюць на развіццё экспартных паставак не менш, чым афіцыйныя дамоўленасці.

 

СТАЎБЦОЎШЧЫНА – ДРУГАЯ РАДЗІМА

Стаўбцоўшчына стала другой радзімай для многіх грамадзян Расійскай Федэрацыі.

– У 2015 годзе ім было выдадзена 44 дазволы на пастаяннае пражыванне ў нашай рэспубліцы, у 2013-2014 гадах – 57 дазволаў, – расказвае начальнік аддзялення па грамадзянстве і міграцыі райаддзела міліцыі Уладзімір Кудрэвіч. – Акрамя таго, расіяне любяць наведваць у нас культурныя і спартыўна-масавыя мерапрыемствы, для чаго запатрабаваны рэгістрацыі часовага знаходжання (да 90 сутак). Такіх рэгістрацый у адносінах да грамадзян Расійскай Федэрацыі летась было ажыццёўлена 555, а на працягу 2013-2014 гадоў – каля дзвюх тысяч. У 2015 годзе шэсць грамадзян Расійскай Федэрацыі набылі беларускае грамадзянства.

Згодна са статыстыкай, сярэдні ўзрост расіян, якія выбралі для пастаяннага пражывання Стаўбцоўшчыну, – ад 50 да 59 гадоў, што сведчыць пра ўзважанасць прынятых імі рашэнняў. Сярод іх пераважаюць мужчыны. Гэтыя людзі карыстаюцца ў нас правамі, роўнымі з грамадзянамі Рэспублікі Беларусь. Так, паводле рашэння Вышэйшага Савета Садружнасці Беларусі і Расіі ад 22 чэрвеня 1996 года № 4 «Аб роўных правах грамадзян на працаўладкаванне, аплату працы і забеспячэнне іншых сацыяльна-працоўных гарантый» і згодна з Дагаворам паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй «Аб роўных правах грамадзян» ад 25 снежня 1998 года, Рэспубліка Беларусь і Расійская Федэрацыя забяспечваюць грамадзянам Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі роўныя правы на працаўладкаванне, аплату працы і забеспячэнне іншых сацыяльна-прававых гарантый на тэрыторыях Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі. Паводле пагаднення аб прававым статусе працоўных-мігрантаў і членаў іх сем’яў, падпісанага кіраўнікамі ўрадаў дзяржаў-членаў Адзінай эканамічнай прасторы (Рэспублікі Беларусь, Рэспублікі Казахстан і Расійскай Федэрацыі), якое ўступіла ў сілу 1 студзеня 2012 года, працоўным-мігрантам згаданых дзяржаў не патрабуецца дазвол на ажыццяўленне працоўнай дзейнасці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *