Вясна прыйшла

Нумары Раённыя навіны

image_pdfimage_print

На Стаўбцоўскім філіяле Гарадзейскага цукровага камбіната гарачая, напружаная пара не толькі восень, але і вясна, калі пачынаецца нарыхтоўка, перапрацоўка і расфасоўка ў зручную для пакупнікоў тару вітамінных дароў прыроды – бярозавага соку – на вытворчых лініях, дзе працуюць Алена Янкоўская, Наталля Балабушка.

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

ДА ВЯЛІКАДНЯ – ШАКАЛАДНЫЯ ЯЙКІ

Да каталіцкай Пасхі кандытарскі цэх аддзела грамадскага харчавання райспажыўтаварыства парадаваў пакупнікоў такой навінкай – шакаладнымі яйкамі ў святочнай ўпакоўцы.

Гэтая падарункавая прадукцыя выраблена з малочнага сертыфікаванага шакаладу належнай якасці, яйкі не полыя, а цэлыя, вагою 250 і 170 грамаў.

Акрамя таго, да свята кандытары парупіліся аб задавальненні попыту на пасхальныя кулічы. Яны таксама выпечаны рознай вагою, у святочнай упакоўцы. Рэалізацыя пасхальнай прадукцыі праводзілася як у гандлёвых кропках аддзела грамадскага харчавання, так і ва ўсіх гарадскіх і сельскіх магазінах сістэмы райспажыўтаварыства, у «Кірмашы» і падчас выязнога гандлю.

Работнікі грамадскага харчавання да святочнага стала прапаноўвалі мясныя і рыбныя паўфабрыкаты, а таксама гатовыя кулінарныя мясныя і рыбныя стравы, як рулеты і т. п. Гэтая паслуга аблегчыла клопат гаспадынь, дазволіла ім выкраіць час на наведванне богаслужэнняў і навядзенне парадку ў сваіх кватэрах, дамах і на падворках.

 

З ВІТАМІННАЙ ПРАДУКЦЫЯЙ

У гэтыя веснавыя дні аддзел нарыхтовак райспажыўтаварыства актыўна ўдзельнічае ў выязных кірмашах у Мінску і Дзяржынску з рэалізацыяй садавінаагародніннай прадукцыі – бульбы, морквы, буракоў, капусты, цыбулі, яблыкаў, якія выдатна захаваліся ў спецыяльных камерах з праграмным кіраваннем.

Вялікі попыт у гараджан не толькі на свежую гародніну, але і на саленні стаўбцоўскіх рупліўцаў. Як расказвае начальнік аддзела нарыхтовак Ірына Тулейка, на працягу ўсёй зімы капусту падшаткоўвалі – для гэтага ёсць спецыяльны засолачны цэх, дзе ўстаноўлена шынкавальная машына. Квашаная капуста, раскладзеная ў тару малым аб’ёмам, карыстаецца вялікім попытам, асабліва ў дні Вялікага посту ў праваслаўных. Яна не толькі вельмі апетытная, але і смачная, падрыхтавана па пэўнай рэцэптуры. Не меншым попытам у спажыўцоў карыстаюцца мочаныя яблыкі, салёныя агуркі і памідоры.

 

ДАСТУПНА І ДЛЯ ЗАМЕЖНЫХ ГРАМАДЗЯН

Па выніках работы за мінулы год цэнтральная раённая бальніца сумела выканаць паказчык па экспарце медыцынскіх паслуг на 132,8 працэнта пры плане 109.

Новы вытворчы год акрэсліў новыя задачы ў развіцці гэтых паслуг. Развіццю пазабюджэтнай дзейнасці паслужыць ажыццяўленне такіх планаў. Жыхарам бліжэйшых раёнаў ёсць доступ для праходжання медыцынскіх камісій і прафаглядаў. Павялічыцца правядзенне ўльтрагукавых даследаванняў у выхадныя дні. Кіраўніцтва медыцынскай установы праводзіць работу па закупцы лазернага абсталявання для лячэння варыкознага пашырэння вен.

У планах на бягучы год – адкрыццё платнай палаты ў хірургічным аддзяленні.

У бліжэйшых перспектывах – укараненне падводнага душа-масажу.

 

«ПАШТАЛЬЁН НА КОЛАХ»

Напрыканцы мінулага года ў раённым вузле паштовай сувязі з’явілася такая новая паслуга, як выдзеленая мотадастаўка.

Гэта асобны паштовы экіпаж, які працуе ў складзе паштальёна Святланы Курдун і вадзіцеля Максіма Кузуры і аказвае ўсе паслугі ў комплексе – па дастаўцы карэспандэнцыі, выплаце пенсій, прыёме плацяжоў, продажы тавараў народнага спажывання і т. п. Штодзённы маршрут яго руху пралягае праз шмат якія населеныя пункты раёна, не ахопленыя перасоўнымі аддзяленнямі сувязі. Да прыкладу, Семенчыцы, Тулёнку, Дудкі, Нівы, Трылес, Малую і Вялікую Гуменаўшчыны, Дружную, Заброддзе, Мешычы, Пільніцу, Рудню Пільнянскую. У зону абслугоўвання таксама трапляе больш за дзясятак прылеглых невялікіх вёсачак і хутароў.

– Раней жыхароў гэтых населеных пунктаў абслугоўвалі паштальёны, цяпер – «паштальён на колах», што забяспечвае яму мабільнасць і сучасны ўзровень якасці аказаных паслуг, – адзначае намеснік начальніка раённага вузла паштовай сувязі Марына Петух.       

 

СПАЧАТКУ – ДАХІ І БАЛКОНЫ

Аб’яднаннем камунальных службаў вырабляецца праектна-каштарысная дакументацыя для правядзення капітальнага рамонту шасці шматпавярховых жылых дамоў: чатырох – у Наваколасаве, двух – у Стоўбцах.

– Выкананне саміх капітальных работ будзе ажыццяўляцца згодна з чарговасцю ў межах выдзеленага фінансавання, – падкрэслівае намеснік дырэктара па жыллёвай гаспадарцы аб’яднання камунальных службаў Галіна Гараднік. – Што датычыць бягучых рамонтаў, то ў першую чаргу плануем вырашаць пытанні з дахамі і балконамі.

За апошнія гады камунальнікі адрамантавалі не менш за тры дзясяткі зношаных балконаў. Большасць іх знаходзіцца ў Наваколасаве, дзе жылым дамам па 50 і больш гадоў.  

 

СЭКАНОМІЛІ НА ПАД’ЕЗДЗЕ

Большасць жыхароў шматпавярховых дамоў раёна вызначылася, што будзе прыбіраць свае пад’езды самастойна, без удзелу камунальнікаў.

Права выбару даў ім Указ Прэзідэнта № 535, які ўступіў у сілу з 1 студзеня 2016 года. У сувязі з гэтым указам адбылося выдзяленне з паслугі «тэхабслугоўванне» дзвюх асобных жыллёва-камунальных паслуг – «санітарнае ўтрыманне дапаможных памяшканняў» і «тэхнічнае абслугоўванне ліфта».

– Каб растлумачыць людзям сутнасць новаўвядзенняў і іх права на выбар таго, хто будзе ўбіраць іх пад’езд, прайшлі сходы грамадзян, – гаворыць намеснік дырэктара па жыллёвай гаспадарцы Стаўбцоўскага аб’яднання камунальных службаў Галіна Гараднік. – Вынікам сходаў стала тое, што жыльцы 193-х пад’ездаў згадзіліся на самастойнае абслугоўванне. Іх выбар для нас – закон.

Жыльцам астатніх 80 пад’ездаў будуць аказваць гэтую паслугу камунальнікі і, адпаведна, рабіць налічэнні на яе ў «жыроўках».          

 

ЗА ЗАЧЫНЕНЫМІ ДЗВЯРЫМА…

У нядзелю 20 сакавіка, прыкладна ў 11.25, ад мясцовага жыхара паступіла паведамленне ўчастковаму інспектару міліцыі: у Новым Свержані па месцы свайго жыхарства звёў рахункі з жыццём яго знаёмы.

Падчас выезду супрацоўнікаў міліцыі па ўказаным адрасе інфармацыя пацвердзілася. Акрамя таго, у ходзе агляду памяшкання дома ў адным з пакояў было знойдзена цела жанчыны з ранай на галаве. Як высветлілася, яго сужыцелькі. Мужчыну было 47, жанчыне – 45… Якая драма разыгралася ў гэтым доме, следству трэба высветліць. Папярэдне на яе сямейны характар указвае тое, што дом быў зачынены знутры.

Як адзначыў намеснік начальніка райаддзела міліцыі – начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Руслан Харута, – гэтых сужыцеляў раней не прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці, яны не знаходзіліся на ўліку за злоўжыванне спіртнымі напіткамі. Мужчына працаваў на лесазаводзе. Па факце смерці жанчыны ўзбуджана крымінальная справа, па факце суіцыду праводзіцца праверка органамі следства.

Пр



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *