Выходзяць групы патрулявання

Нумары РАНС інфармуе

image_pdfimage_print

Днямі прайшло чарговае пасяджэнне раённай камісіі па надзвычайных сітуацыях, на якім тэмай дня стала падрыхтоўка да пажаранебяспечнага перыяду.

Да нас вяртаецца цёплае надвор’е, разам з якім рэзка ўзрастае пагроза пажараў. Гэты перыяд патрабуе асабліва адказнага падыходу як з боку суб’ектаў гаспадарання, так і ад насельніцтва, ад грамадзянскай пазіцыі якога залежыць бяспека асабіста кожнага з нас і бяспека іншых. Забаронены так званыя палы на сельскагаспадарчых палетках і ўздоўж дарог, спальванне смецця, што пры сухім надвор’і і парывах ветру можа прывесці да гібелі людзей. Асаблівая трывога –  аб недапушчэнні пажараў у лясных масівах, на тарфяніках, дзе тушэнне патрабуе значных матэрыяльных выдаткаў і расцягваецца, як сведчыць горкі вопыт пачатку 2000-х гадоў, на тыдні, месяцы… Паўтараць старыя памылкі – значыць, распісвацца ва ўласнай бяздзейнасці, некампетэнтнасці.

Стратэгічныя напрамкі дзейнасці ў сувязі з надыходам чарговага  пажаранебяспечнага перыяду акрэсліў перад прадстаўнікамі сельгаспрадпрыемстваў, торфабрыкетнага завода, лясгаса, аб’яднання камунальных службаў, ПМК-74 – Налібакі, дарожных і іншых арганізацый раёна начальнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях Валерый Ілюшын:

– У бліжэйшы час неабходна ствараць групы патрулявання для выяўлення фактаў палаў, распрацоўваць графікі патрулявання месцаў масавага адпачынку, лясных і тарфяных масіваў. У першую чаргу павінны быць вызначаны ўчасткі павышанай пажарнай небяспекі, якія будуць ахоплены рэйдавымі мерапрыемствамі. Паралельна з ажыццяўленнем кантролю ў цэнтры ўвагі застаецца растлумачальна-інфармацыйная  работа ў працоўных калектывах, на вакзалах і ў іншых месцах масавага знаходжання людзей. Усе разумеюць, што сігнал аб загаранні, які паступіў своечасова, – гэта шанц лакалізаваць ачаг на першапачатковым этапе і справіцца з пажарам мінімальнымі намаганнямі.

Кожны землекарыстальнік вырашае пытанні пажарнай бяспекі зыходзячы са сваіх інтарэсаў і магчымасцяў, але немалаважна тут і ведамасная зацікаўленасць. Менавіта землекарыстальнікі нясуць адказнасць за тушэнне ўзнікшага на іх землях пажару, фінансуюць яго са сваіх сродкаў. Акрамя таго, прадугледжана адміністрацыйная адказнасць за парушэнне заканадаўства аб пажарнай бяспецы, як і за непрыняцце мер па тушэнні. Выратавальнікі выказалі спадзяванне на больш істотную падтрымку ў плане адміністрацыйнай практыкі з боку райаддзела міліцыі, міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету і інш.

Старшыня раённай камісіі па надзвычайных сітуацыях, намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Цывака засяродзіў увагу на карэкціроўцы плана прыцягнення сіл і сродкаў у выпадку надзвычайнай сітуацыі. Для рэагавання па першым сігнале ў арганізацыях павінна быць у спраўным стане тэхніка, падрыхтаваны людскія рэсурсы. Цэнтралізавана прадугледжаны крыніцы для стварэння запасу гаруча-змазачных матэрыялаў. Старшыня камісіі, карыстаючыся выпадкам, нагадаў і пра сумежную з пажарнай бяспекай праблему: «Праходзіць месячнік па навядзенні парадку на зямлі, аб’яўлены распараджэннем аблвыканкама, таму папрашу ўсіх актыўна ўключыцца ў гэтую работу: падрыхтаваць аб’екты і вытворчыя базы, выканаць ямачны рамонт».

На павестцы дня стаяла і пытанне вясенняй паводкі, аднак, як далажыў Валерый Ілюшын, яго актуальнасць відавочна губляе сэнс. Згодна з маніторынгам, узровень вады ў рацэ Нёман падае. На тэрыторыі раёна не зафіксаваны факты затораў і зажораў. Апошнім часам не паступіла ніводнага сігналу ад насельніцтва аб падтапленнях падвалаў і т. п. Хутчэй за ўсё, «вялікая вада» сёлета абыдзе нас, калі, зразумела, раптам не здарацца праліўныя дажджы.

Падчас пасяджэння Валерый Ілюшын не мог не закрануць пытанне, якое не носіць надзвычайнага характару, але ў любы перыяд года мае злабадзённасць і  асаблівае значэнне. Гэта дзіцячая бяспека. Каб пазбегнуць няшчасных выпадкаў з дзецьмі, ёсць асноўнае патрабаванне да дарослых: не пакідайце іх без нагляду.

З 4 па 29 красавіка праводзіцца пажарна-прафілактычная акцыя «За бяспеку – разам!».

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *