Здатнасць

Нумары Таленты Стаўбцоўшчыны

image_pdfimage_print

ЦУДОЎНЫ ДАР – БАЧЫЦЬ ПРЫГАЖОСЦЬ

Калі глядзіш на дасканалыя мастацкія работы ў жанры караняпластыкі, выкананыя стаўбчанінам Міхаілам Бычко, спаўна ўспрымаюцца жартоўныя гісторыі, ім расказаныя.

Неяк у вёсцы Задвор’е нагледзеў майстар карані выкарчаванага бэзу, прыехаў з прычэпам. Адабраў патрэбнае, склаў. Тут пад’язджае раз’юшаны чалавек, маўляў, ты што гэта выгрузіў смецце тут. «Ды не, не выгрузіў, я забіраю гэтае смецце», – супакоіў Міхаіл Іванавіч вясковага ахоўніка парадку, які ў адказ за малым не пакруціў пальцам ля скроні.

Ехаў на веласіпедзе падчас карчавання саду былога садавіна-агародніннага завода, кавалак кораня ледзь не збіў яго з дарогі. Ён  прыхапіў патарчаку з сабою. З яе атрымалася потым прыгожая мастацкая работа, якая паляцела ў Канаду ў якасці падарунка сябрам.

Многія з яго мастацкіх рэчаў маюць такія вось адметныя гісторыі. І не ўсе прывезеныя дадому галіны, карчы, нарасты адразу становяцца шэдэўрамі. Каралеўскі грыф – выдатнейшая работа – з’явіўся праз 10 гадоў. У Міхаіла Іванавіча акрамя хобі шмат работы: і на вытворчасці, дзе ён дзяжурны падстанцыі стаўбцоўскіх электрычных сетак, і дома. У 2015 годзе (наш суразмоўца дзеліцца з намі прыемнымі падзеямі) прыйшлося справіць вяселлі і дачцэ, і сыну. Цяпер усе трое дзяцей яго маюць свае сем’і. Так што, справе – час, а хобі – гадзіна.

Кожная мастацкая работа з’яўляецца ў свой час, калі вынасіцца, узнікнуць яркія асацыяцыі і вобразы. Часам, прывезены матэрыял ляжыць гадамі, пакуль з дэкаратыўных ламачын, разгледжаных у розных ракурсах, не ўбачыцца гатовы вобраз. Фламінга акрэсліўся нечакана, майстру давялося ўнесці толькі некалькі штрыхоў, падчысціць, падправіць дзюбу і вочы. Дзесьці, як  лебедзю, падставачкі зроблены. Усе работы – гэта жывая прырода, падшліфаваная ўмельствам творцы. Цэлая галерэя лясных жыхароў – і ў кожнай свая гісторыя з’яўлення ў мастацкім вобразе. У майстра няма абсталяванай  майстэрні, нейкіх мудрагелістых інструментаў – звычайны ножык, пару круглых стамесак. Больш за 30 гадоў займаецца Міхаіл Бычко гэтым мастацтвам. З чым звязвае такі ўнікальны дар у сабе?

–       У нашым родзе ёсць мастакі прафесійныя. Мой пляменнік Аляксей Бычко закончыў Акадэмію мастацтваў, цяпер для беларускіх і расійскіх храмаў выконвае мазаіку. Дачка сярэдняга брата Марыя закончыла мастацкае аддзяленне, прайшла стажыроўку па кераміцы ў Англіі, выкладае ў Маскве. І іншыя родныя, незалежна ад таго, хто яны па прафесіі, маюць смак да мастацтва і густ. Мае радавыя карані ў Шашкоўскім сельсавеце. Мой бацька Іван Рыгоравіч быў адмысловым кавалём і сталяром, займаўся мэбляю. У яго былі на гэта Бажэственныя задаткі. Ён прайшоў вельмі складаны перыяд жыцця. У вайну яго за малым не расстралялі ля Сулы. Ён, праваслаўны чалавек, горача маліўся ў гэтыя мінуты, і раптам здарыўся такі цуд: адзін з паліцаяў, малады хлопец, сказаў: «Што мы будзем расстрэльваць гэтых рабят?» І так ён застаўся жыць. Потым партызаніў, быў прызваны на фронт, ваяваў да перамогі. Быў задзейнічаны на небяспечным участку размініравання Кёнігберга. Калі вярнуўся з вайны, нервовая сістэма яго была так знясілена, што ніхто не спадзяваўся, што ён будзе жыць. Мая мама (цяпер ёй 86 гадоў, яна жыве ў нашай сям’і)  сумела стварыць такое асяроддзе ў доме, што тата змог аднавіць свае сілы. У нас у сям’і ніколі не было канфліктаў. Я шчаслівы, што ў мяне быў такі бацька. Перад адыходам яго ў вечнасць, пасля размовы з ім я часта хадзіў хоць на 10-15 хвілін у лес. Ніколі не вяртаўся з пустымі рукамі. Заўсёды знаходзіў цікавыя прыродныя рэчы. Аднойчы я ледзьве прыцягнуў з лесу велізарны корч. «Ты зусім ужо здурнеў», – такімі словамі сустрэў мяне бацька. «Добра, тата, прыедзеш да мяне праз тыдні два». І калі ён заехаў і ўбачыў  арыгінальны стол з гэтай непатрэбнай ламачыны, то не скрыў ад мяне свайго захаплення. Гэтыя ўспаміны для мяне вельмі дарагія.

Сціплы Міхаіл Бычко гаворыць, што ён вельмі здзіўляўся адразу, калі яго работы ў мастацкай галерэі ў Мінску раскуплялі, для яго было адкрыццём, што іншыя бачылі ў іх мастацкую каштоўнасць. Наогул, такі від мастацтва, як караняпластыка, ці інакш яшчэ лясная скульптура, даволі рэдкі. У народным клубе майстроў народнай творчасці «Пралеска» раённага Цэнтра культуры гэта адзіны творца, які працуе ў такім накірунку.

–       Мне падабаецца гэтая работа і ў духоўным плане, – гаворыць майстар. – У мяне яна выклікае такія паралелі. Гасподзь Іісус Хрыстос прыйшоў у свет дзеля кожнага з нас. Усе людзі маюць праблемы з грахамі. Кожны чалавек у той ці іншай меры паражоны грахом, і ў кожным чалавеку ёсць вялікая патрэба, каб Гасподзь дапамог яму ачысціць сваю душу. І калі я бяру ў рукі нікому не патрэбныя рэчы, дарога якім была на сметнік, працую з імі, бачу, як яны змяняюцца, абнаўляюцца, ператвараюцца ў мастацкія творы, гэта дае мне вялікае натхненне.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

БАРЫТАНІСТАМ – ЛАЎРЭАЦКІЯ ДЫПЛОМЫ

У Баранавіцкім дзяржаўным музычным каледжы прайшоў ІХ абласны адкрыты конкурс «Крынічка». Таленавітыя юныя музыканты з розных гарадоў рэспублікі спаборнічалі ў выканальніцкім майстэрстве на розных інструментах. Музычнае саперніцтва праходзіла ў трох узроставых групах: старшай, сярэдняй і малодшай.

У конкурсе прынялі ўдзел вучні аддзялення духавых інструментаў Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў.

Выдатнае выступленне было ў Мацвея Калошыча, неаднаразовага пераможцы творчых конкурсаў. У старшай групе гэты барытаніст удастоены дыплома І ступені. З Мацвеем працуе вопытны педагог Раман Бець, які вучыць музычнаму мастацтву не адно ўжо пакаленне. У гэтым конкурсе прынялі ўдзел яшчэ тры вучні Рамана Вітольдавіча. Маргарыта Клімовіч і Аліна Вяжэвіч ігралі на блок-флейтах, Кацярына Кутас – на трубе. Гэтыя маленькія выканаўцы ў малодшай групе выдатна выканалі сваю конкурсную праграму, журы не пакінула іх без узнагарод. Маргарыта і Кацярына сталі дыпламантамі конкурсу, Аліна атрымала грамату за ўдзел. А юны барытаніст Яўген Казацкі ў сярэдняй групе ўдастоены дыплома ІІІ ступені. У падрыхтоўку юнага здольнага музыканта ўклаў сваю працу і ўменне педагог Дзмітрый Вяршэня. Яшчэ адзін выхаванец Дзмітрыя Уладзіміравіча паспрабаваў свае сілы ў гэтым прадстаўнічым конкурсе, у якім спаборнічалі каля 50 лепшых юных выканаўцаў на духавых інструментах. Трубач Дзмітрый Ждановіч у малодшай узроставай групе заахвочаны дыпломам.

Дапамагалі канкурсантам прыгожа выступіць сваім умелым суправаджэннем на фартэпіяна канцэртмайстры з актыўнай творчай і педагагічнай пазіцыяй Уладзімір Бандаровіч, Наталля Сінягуб, Ірына Тукач.

Выкладчыкі адзначаюць, што ўсе юныя выканаўцы бездакорна выканалі свае конкурсныя праграмы. Аднак колькасць прызавых месцаў, як вядома, абмежавана. Галоўнае, што яны пацвердзілі высокае выканальніцкае майстэрства, свае здольнасці да музыкі, старанні, таму што падрыхтавацца да конкурсу – сур’ёзная справа, якая патрабуе часу, узмоцненых заняткаў і ўмення справіцца з хваляваннем. Для юных талентаў гэта проба сіл, дзякуючы ўдзелу ў музычных конкурсах яны павышаюць сваё майстэрства.

Святлана ЖЫБУЛЬ

 

З НОВАЙ ЭНЕРГІЯЙ

З упэўненасцю можна сказаць, што Год культуры прыдасць нашай краіне і людзям, якія жывуць на гэтай зямлі, новыя сілы, думкі, творчасць, энергію.

У нашым аграгарадку Дзераўная віруе творчае сучаснае жыццё. Вяскоўцы ўдумліва і мудра ставяцца да яго, да маральных крытэрыяў, заснаваных на шматгадовым вопыце продкаў.

Работнікі нашага сельскага Дома культуры – Г. К. Янкоўская,  Г. С. Каразей, Н. Я. Мельнік, Г. Э. Кухарчык – маюць багаты вопыт. У сістэму іх работы ўвайшлі такія мерапрыемствы, як віншаванне юбіляраў, перадавікоў вытворчасці, выязныя канцэрты, цікавыя экскурсіі, арганізацыя выставак вырабаў народных умельцаў.

Са сваёй адметнай праграмай завіталі яны і на мой асабісты юбілей.  У маіх гасцей, родных іх выступленне выклікала шмат радасці, захаплення, шчырыя апладысменты. Ад усяго сэрца хачу падзякаваць за такую ўвагу, за плён працы работнікам нашага Дома культуры і пажадаць, каб ручаёк душэўных сіл ніколі не высыхаў, а кожны дзень прыносіў творчасць і радасныя моманты. Нам усім трэба шанаваць кожную хвіліну, маліцца Усявышняму, дзякаваць Богу, што жывём у такім прыгожым свеце.

Ванда ДАЎГАПОЛ,бібліятэкар Дзераўнянскай сярэдняй школы



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *