Свой уклад у суботнік

Добраўпарадкаванне Нумары

Каля 90 прадпрыемстваў і арганізацый розных формаў уласнасці выйшлі ў мінулую суботу на раённы суботнік.

Для правядзення суботніка быў вызначаны шэраг аб’ектаў добраўпарадкавання ў горадзе і вакол яго. Сярод іх – тэрыторыя гарадскога возера, прыдарожная паласа аўтадарогі Р2 ад рэстарана «Турыст» да дарожнага знака ўезду ў Стоўбцы, лясныя масівы ў Акінчыцкім лясніцтве, парк Дружбы народаў, пойма ракі Нёман у гарадской рысе і інш. Акрамя таго, вялася ўборка і замацаваных за прадпрыемствамі вуліц і тэрыторый.

– Дружна папрацавалі работнікі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, цэнтральнай раённай бальніцы, лясгаса, рэдакцыі, мясакансервавага камбіната, электрасетак, Стаўбцоўскай ПМК, стаўбцоўскага ўчастка «Мінаблпаліва», раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, аб’яднання камунальных службаў і іншыя, – зазначае начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Галіна Радзіон. – У цэлым, усе калектывы пастараліся выканаць заданне, якое было вызначана на суботнік. 

Удзельнікі суботніка збіралі смецце, выграбалі леташнюю траву, абразалі галлё і  грузілі яго на трактар… Пры гэтым яны жартавалі, дапамагалі адзін аднаму. Настрой суботніка аказаўся, нягледзячы на халаднаватае надвор’е, сапраўды вясновым. Да прыкладу, усмешкі не сыходзілі з твараў работнікаў ветслужбы мясакансервавага камбіната, а таксама работнікаў упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, з якімі давялося гутарыць падчас суботніка. Адметна, што работнікі названага ўпраўлення не толькі ўнеслі свой уклад у добраўпарадкаванне тэрыторыі вакол гарадскога возера, а і, адначасова,  сабралі некалькі мяхоў пластыкавых бутэлек, якія таксама пойдуць ім у залік – для выканання плана па здачы другаснай сыравіны.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *