Для ўраджаю-2016

Нумары Сельская гаспадарка

Належным чынам заправіш глебу ўгнаеннямі – атрымаеш адпаведны ўраджай. Гэтага правіла строга прытрымліваюцца ў ААТ «Агранёманскі», таму і вынікі тут відавочныя. Сёлета хлебаробы таварыства прыкладаюць намаганні, шчыра рупяцца, каб не зменшыць леташні рэкордны паказчык па ўраджайнасці збожжавых. На ўнясенні тукаў працуе малады механізатар Віктар Семянько (на здымку справа), які мае немалы вопыт у гэтай справе і заўсёды выконвае даручаную работу ў пазначаны тэрмін. Летась прыйшоў на працу малады і перспектыўны спецыяліст Аляксандр Якімаў (на здымку злева), які скончыў агранамічны факультэт Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. Яго прызначылі начальнікам ўчастка. Работа напружаная і адказная, але старанны спецыяліст  выдатна спраўляецца са сваімі абавязкамі, прымяняючы атрыманыя ў навучальнай установе веды на практыцы.

 

ПЕРААБСТАЛЯВАЛІ КУЛЬТЫВАТАР

У ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс» выраблены два культыватары, якія задзейнічаны на закрыцці вільгаці на палетках СГФ «Аталезь-агра» і ААТ «Вішнявецкі-агра». Узорам для майстроў райаграсэрвіса паслужыў культыватар КШП-8. Сельгастэхніку перарабілі, шырыня захопу  стала дзевяціметровай. Выкарыстоўваецца яна з трактарамі «Беларус-3022». Затраты на выраб такіх культыватараў мінімальныя, а аддача – адчувальная.

 

ЗАВОЗЯЦЬ ЭЛІТУ

Пад яравую сяўбу бягучага года гаспадаркамі раёна ўжо завезена 120 тон элітнага насення. Асноўную яго масу паставіць калегам раёна элітгас «Агранёманскі»: 55 тон ячменю сорту «стратус» і 20 – сорту «бровар», 37 тон аўса «юбіляр». Дарэчы, агранёманцы набылі і завезлі з навукова-практычных цэнтраў арыгінальнае насенне. У прыватнасці, ячменю «радзіміч», «дзівосны» – па тоне, 750 кілаграмаў аўса «факс». Усё насенне гадавальніка размнажэння другога года. Купілі тону суперэліты грэчкі «анастасія» і тры тоны гароху пасяўнога «міленіум». ААТ «Дзераўное» закупіла ў  Нясвіжскай насеннай станцыі суперэліту ячменю «магутны» і яравой пшаніцы «васіліса», а ААТ «Шашкі» – ячмень «бацька» ў СВК «Агракамбінат «Сноў».

 

У АБНОЎЛЕНАЙ СТАЛОВАЙ

У сталовай ААТ «Вішнявецкі-агра», якая размяшчаецца ў Мархачоўшчыне, летась праводзілі капітальны рамонт, які завяршыўся напрыканцы мінулага года. Поўнасцю змяніўся інтэр’ер абедзенай залы, столь якой закрылі сайдынгам, сцены атынкавалі і пафарбавалі, устанавілі новыя дзверы. Стала прыгожа і ў падсобных памяшканнях, дзе правялі касметычны рамонт. Устаноўлены цёплы туалет і ракавіна для мыцця рук. Наведвальнікі адзначаюць, што цяпер у сталовай  стала вельмі ўтульна. Прыемна зайсці і з задавальненнем смачна падсілкавацца. Дарэчы, пафарбавана сталовая і звонку.

Пачаліся веснавыя палявыя работы, і гэтымі днямі павары гатуюць абеды на 100 чалавек. Варта адзначыць, што і ў зімовы перыяд яны ўжо два гады не спыняюць работу, рыхтуюць ежу для жывёлаводаў свінакомплексу.

 

ВЯДЗЕЦЦА РЭКАНСТРУКЦЫЯ

У гэтым годзе на малочнатаварнай ферме ў Новых Рубяжэвічах ААТ «Рубяжэвічы» ўведзены ў строй дзеючых «клюшачнік», дзе стаяць цялушкі дарошчвання і ўзнаўлення. Умовы ўтрымання для жывёлы  выдатныя, таму пабудуюць побач яшчэ адно такое вытворчае памяшканне. А гэтымі днямі будаўнічая брыгада завіхаецца на малочнатаварным комплексе ў Тонаве. На гэтым вытворчым аб’екце вядзецца рэканструкцыя – будаўнікі перакрываюць дах жывёлагадоўчага памяшкання. У планах кіраўніцтва таварыства закупіць у даільную залу комплексу новае абсталяванне.

 

ПРАФІЛАКТОРЫЙ ДЛЯ ЦЯЛЯТ

На МТФ «Жацерава» аднайменнага таварыства ўзведзены новы прафілакторый для ўтрымання цялят. Кожнае цяля знаходзіцца ў індывідуальным доміку, што дазваляе папярэдзіць распаўсюджванне інфекцыйных хвароб. Варта падкрэсліць, што прафілактычны перыяд вырошчвання цялят абумоўлівае выпрацоўку ў арганізме жывёлы актыўнага імунітэту. Працуе ў прафілакторыі цялятніца Марына Люцер, старанная і добрасумленная жанчына, якой   даверылі гэты адказны ўчастак работы. Марына Іванаўна спраўляецца з абавязкамі, усе цяляткі растуць здаровымі. 

 

АТАВАРЫЛІ СЕРТЫФІКАТ

Машынна-трактарны парк СГФ «Аталезь-агра» ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс» папаўняецца новай складанай сельскагаспадарчай тэхнікай. У прыватнасці, кіраўніцтва набывае ў лізінг збожжаўборачны камбайн, камбінаваны пасяўны агрэгат, кормараздатчык, пагрузчык і размеркавальнік мінеральных угнаенняў. Уся тэхніка айчынная. Першапачатковы ўзнос вытворцам  выплачваецца са сродкаў, пералічаных аблвыканкамам на развіццё прадпрыемства. Сертыфікат на мільярд рублёў малады кіраўнік Аляксандр Дударэвіч атрымаў на фестывалі-кірмашы «Дажынкі-2015».

Надзея БАТАЛКА

Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *