Важкія тоны Сяргея Каробкі

Моладзь Стаўбцоўшчыны Нумары Сельская гаспадарка

Па выніках работы леташняй уборачнай кампаніі вадзіцель ААТ «Вялікі Двор» Сяргей Каробка выйшаў пераможцам у абласным спаборніцтве сярод маладых на адвозцы збожжа ад камбайнаў і прымаў удзел у свяце працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2016», якое праходзіла ў Вілейцы.

– Атрымаў задавальненне ад удзелу ў такім масавым і значным мерапрыемстве, – сказаў падчас размовы перадавы вадзіцель. – Прыемна было ўсведамляць, што праца твая ацэнена, і пабываць на свяце, дзе шчыра віншуюць заслужаных людзей сяла, абмяняцца думкамі са сваімі калегамі. У Вілейцы быў упершыню. Горад прыгожы, абноўлены.

Вадзіцелем Сяргей Анатольевіч рупіцца ў таварыстве на працягу васьмі гадоў. Папярэдне працаваў у Карэліцкім раёне. Старанны, добрасумленны работнік. Спачатку працаваў на «пяцьдзясяттройцы», машыне далёка не новай. Зарэкамендаваў сябе з самага лепшага боку, і неўзабаве даручылі новы «МАЗ».

– Тэхніка нармальная і галоўнае – удачная, – расказвае малады чалавек, – каб і надалей яна не падводзіла ў дарозе, трэба яе берагчы. Пастаянна сачу за  тэхнічным станам машыны, праводжу тэхнічныя агляды.

Кіраўніцтва таварыства задаволена работай Сяргея Каробкі. Вадзіцелю пастаянна даручаюць адказныя заданні, бо ведаюць, што ўсе яны будуць выкананы своечасова. Акрамя грузавой аўтамашыны, Сяргей Анатольевіч водзіць аўтобус, таму пры неабходнасці падмяняе свайго калегу. І кранаўшчыком можа працаваць, бо вучыўся па гэтай спецыяльнасці.

 Пачалася веснавая палявая кампанія, і работы, што называцца, «невпроворот». Арганічныя ўгнаенні трэба вывозіць на палеткі, падвозіць насенне да пасяўнога агрэгата. Затым пачнецца «зялёнае жніво», за якім надыдзе ўборачная. Увесь светлавы дзень распісаны па гадзінах.

Дадому Сяргей Анатольевіч, звычайна, вяртаецца позна – такая ў яго работа.  Мужа і тату чакаюць жонка і маленькія дзеці. І стомленасць як рукою здымае. Сяргей Каробка не шкадуе, што прыехаў у таварыства на працу. Далі жыллё з выгодамі. Заработная плата неблагая, а працаваць усюды трэба.

Надзея БАТАЛКА

Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *