За здаровы лад жыцця

Медыцына Нумары Факты, падзеi, людзi

image_pdfimage_print

СЛУЖБА ДНЯ І НОЧЫ

Гэтыя здымкі зроблены ў аддзяленні рэанімацыі і анестэзіялогіі цэнтральнай раённай бальніцы. Калектыў яго – прыклад удалага спалучэння вопыту і маладосці, спецыялістаў з вялікім стажам работы і пачаткоўцаў, хто яшчэ ўчора быў студэнтам медыцынскіх устаноў.

Аддзяленне рэанімацыі, анестэзіялогіі і інтэнсіўнай тэрапіі нездарма называюць медыцынай катастроф. Сюды трапляюць самыя цяжкія хворыя – пасля аварый, пасляаперацыйныя, з цяжкімі абвастрэннямі хранічных захворванняў. Яны маюць патрэбу ў пастаянным доглядзе медыцынскіх работнікаў. Кругласутачна функцыянуюць урачэбны і сястрынскія пасты. У палатах сучаснае медыцынскае абсталяванне, якое дазваляе рэаніміраваць пацыентаў, праводзіць жыццёва важныя даследаванні на бальнічным ложку ў любы час сутак. У аддзяленні паспяхова асвойваюцца новыя метады лячэння. Акрамя палат для дарослых, ёсць палата для выходжвання нованароджаных з нізкай вагой. Калектыў аддзялення, якое ўзначальвае вопытны і аўтарытэтны ўрач вышэйшай катэгорыі Юрый Астахновіч (на здымку ўверсе з намеснікам галоўнага ўрача па медыцынскай частцы Людмілай Някрылавай), пастаянна працуе над укараннем перадавых метадаў дыягностыкі і лячэння.

Урачы-анестэзіёлагі дакладна валодаюць складанымі метадамі анестэзіялагічных дапаможнікаў. У складзе калектыву такія вопытныя ўрачы-анестэзіёлагі вышэйшай катэгорыі, як Сяргей Лысоў, Уладзімір Цімафееў, урач Іосіф Юнцэвіч.

 Многія гады складае стаж работы ў гэтым аддзяленні старшай медыцынскай сястры вышэйшай катэгорыі Галіны Кожыч (на здымку ўнізе). Галіна Міхайлаўна працуе ў гэтым аддзяленні амаль з дня яго адкрыцця, больш за 30 гадоў. Гэта аўтарытэтны спецыяліст, прафесіянал, да якога адносяцца з вялікай павагай і ўдзячнасцю за яе самаахвярнасць у адносінах да аднойчы выбранай прафесіі медыка. Яна з’яўляецца настаўнікам для маладых медыцынскіх сясцёр, якія штогод уліваюцца ў калектыў, атрымліваюць тут свае першыя ўрокі самастойнага авалодвання прафесіяй, як медсястра Анастасія Малашка. Дарэчы, усе медыцынскія сёстры-анестэзісткі аддзялення маюць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю.

Медыцынскія работнікі гэтага аддзялення па-ранейшаму занепакоены тым, што на іх ускладзена такая сацыяльная праблема, як лячэнне пацыентаў у крытычным стане з паталогіяй, выкліканай злоўжываннем алкаголем. Іх знаходжанне з цяжкімі пацыентамі накладвае на медыцынскіх работнікаў дадатковыя абавязкі, якія патрабуюць нямала сіл. Да месца тут будзе прывесці такую лічбу: у 2 428 000 рублёў абыходзіцца адзін ложка-дзень у аддзяленні рэанімацыі і анестэзіялогіі.

Захоўваць аптымізм, добры працоўны настрой, надзею і веру, працаздольнасць і высокую службовую дысцыпліну калектыву гэтага аддзялення дапамагае спрыяльны мікраклімат на рабочых месцах. Гэта і дапамагае аднаўляць сілы пасля напружаных працоўных змен і прыступаць на новае дзяжурства з новай энергіяй і жаданнем прынесці карысць людзям.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

У ЧАКАННІ НОВЫХ НАРАДЖЭННЯЎ

У нашым раёне захоўваецца адмоўны натуральны прырост насельніцтва:  у 2012 годзе  – мінус 7,6; у 2013 годзе – мінус 6,7; у 2014 годзе  – мінус 6,2; 2015 – мінус 6,8.

У 2015 годзе нарадзілася дзяцей на сем менш, чым у папярэднім. А вось колькасць памерлых павялічылася на 17 і склала 784.

Так што паляпшэнне дэмаграфічных паказчыкаў – актуальная задача для нашага раёна. Гэтым занепакоена і цэнтральная раённая бальніца, якая ў сваёй вытворчай праграме бярэ на сябе пэўную ношу па зніжэнні смяротнасці, асабліва ў працаздольным узросце і  па знешніх прычынах за кошт павышэння якасці медыцынскага абслугоўвання, ранняга выяўлення захворванняў, у тым ліку злаякасных новаўтварэнняў. Акрэслены і цэлы комплекс мерапрыемстваў па стымуляванні павелічэння нараджальнасці.

Пр

 

ПА АЗДАРАЎЛЕННІ НАСЕЛЬНІЦТВА

У апошнія гады ў Стаўбцоўскім раёне, як і ў рэспубліцы ў цэлым, адзначаюцца негатыўныя тэндэнцыі медыка-дэмаграфічных паказчыкаў. Па-ранейшаму смяротнасць перавышае нараджальнасць, зніжаецца агульная колькасць насельніцтва, расце паказчык агульнай смяротнасці, захваральнасці і т. п.

Паводле сцвярджэння спецыялістаў Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, здароўе на 50-55 працэнтаў залежыць ад ладу жыцця чалавека, на 20–23 працэнты – ад спадчыннасці, на 20–25 працэнтаў – ад стану навакольнага асяроддзя і на 8–12 працэнтаў – ад работы сферы аховы здароўя.

Важную ролю ў зніжэнні захваральнасці, смяротнасці і павышэнні нараджальнасці адыгрывае па-ранейшаму мэтанакіраваная сумесная работа па фарміраванні ў насельніцтва патрэбнасці да вядзення здаровага ладу жыцця, клопату аб уласным здароўі і здароўі сваіх блізкіх.

Рашэннем раённага Савета дэпутатаў зацверджана Праграма фарміравання здаровага ладу жыцця, захаванні і ўмацаванні здароўя сярод насельніцтва Стаўбцоўскага раёна на 2016–2020 гады. Праграма зацверджана з мэтай стварэння дабратворных умоў для рэалізацыі прынцыпаў здаровага ладу жыцця ва ўсіх сферах дзейнасці і ўсвядомленай адмовы ад самаразбуральных паводзін, стварэння аптымальных умоў для атрымання даступнай інфармацыі па гэтым пытанні сярод розных слаёў насельніцтва, удасканаленні работы ў працоўных калектывах, стабілізацыі асноўных паказчыкаў здароўя жыхароў раёна.

Задачамі праграмы з’яўляюцца фарміраванне ў насельніцтва пераканання ў прэстыжнасці здаровых паводзін і выхавання патрэбнасці ў здаровым ладзе жыцця, стварэнні пастаянна дзеючай сістэмы інфармаванасці і навучання пытанням захавання і ўмацавання здароўя.

У выніку рэалізацыі праграмы чакаецца шырокае прыцягненне розных катэгорый насельніцтва ў аздараўленчы працэс, павышэнне прадукцыйнасці працы, зніжэнне тытунекурэння, ужывання алкаголю, змяншэнне захваральнасці, непрацаздольнасці і смяротнасці, паляпшэння якасці і працягласці жыцця.

З тэкстам праграмы можна азнаёміцца на сайтах райвыканкама ў раздзеле «Службы і структурныя падраздзяленні», «Раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі».

Ігар Кунцэвіч, галоўны санітарны ўрач Стаўбцоўскага раёна

 

ПЕРАМОЖАМ ДЫЯБЕТ

Сусветны дзень здароўя, які штогод праходзіць 7-га красавіка, у 2016 годзе прысвечаны прафілактыцы цукровага дыябету.

Дыябет з’яўляецца хранічным захворваннем і развіваецца тады, калі падстраўнікавая залоза не выпрацоўвае дастаткова інсуліну, або калі арганізм не можа эфектыўна выкарыстоўваць выраблены інсулін. Інсулін – гэта гармон, які рэгулюе ўзровень цукру ў крыві і забяспечвае нас неабходнай для жыцця энергіяй. Калі ён не можа трапіць у клеткі, дзе акісляецца ў якасці энергіі, то ўтрыманне цукру ў крыві ўзрастае да небяспечнага ўзроўню.

Існуюць дзве асноўныя формы дыябету. Пры дыябеце тыпу І арганізм звычайна не выпрацоўвае інсулін і мае патрэбу ў яго ін’екцыях. Пры дыябеце тыпу ІІ (на яго прыходзіцца каля 90 працэнтаў выпадкаў захваральнасці на дыябет) арганізм звычайна выпрацоўвае ўласны інсулін, але ў недастатковай колькасці, ці ён не можа быць выкарыстаны належным чынам. Хворыя на дыябет тыпу ІІ часцей за ўсё маюць лішнюю вагу і вядуць сядзячы лад жыцця. Іменна гэтыя фактары павышаюць патрэбу арганізма ў інсуліне.

З часам высокае ўтрыманне цукру ў крыві можа прывесці да інфаркту, інсульту, пашкоджання цэнтральнай нервовай сістэмы, развіцця ныркавай недастатковасці, слепаты, імпатэнцыі, паражэння сасудаў ніжніх канечнасцяў і іх ампутацыі.

Важна ўсведамляць, што значную долю выпадкаў захваральнасці на дыябет можна папярэдзіць. Даказана, што простыя меры па змяненні ладу жыцця эфектыўна папярэджваюць або адтэрміноўваюць пачатак дыябету тыпу ІІ. Так, падтрыманне нармальнай вагі цела, рацыянальнае харчаванне, рэгулярная фізічная нагрузка, адмова ад курэння і злоўжывання алкаголем зніжаюць рызыку ўзнікнення дыябету.

Дыябет паддаецца лячэнню і, пры звароце да ўрача, можа быць выяўлены на ранняй стадыі. Яго можна кантраляваць і ўздзейнічаць на яго, каб пазбегнуць ускладненняў.

Ключавую ролю ў гэтым іграюць сучасная дыягностыка, правільны лад жыцця і лячэнне. Кансультацыю можна атрымаць у эндакрынолага паліклінікі (тэл. 5-02-68).

Ала ШЫДЛОЎСКАЯ,валеолаг



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *