Жывуць у Новым Свержані музы

Культура Нумары Таленты Стаўбцоўшчыны

«І Апалон – з імі», – так кажуць пра калектыў Навасвержанскага дома культуры, дзе ўваскрасілі старадаўнія народныя абрады «Тры ручнікі» і «Першы прысад дзіцяці» – прэтэндэнты папоўніць спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.

Даўно пасяліліся і жывуць у старажытным і самабытным паселішчы Новы Свержань разнастайныя «па прафесіі» музы. Песенныя, танцавальныя, абрадавыя, гістарычныя, тэатральныя, паэтычныя… Як промні сонца, асвятляюць яны жыццё новасвяржан, напаўняюць яго радасцю быцця. Падзівіцца гэтаму мог бы і сам Апалон – згодна са старажытнагрэчаскай  міфалогіяй, апякун мастацтваў, заступнік музаў.

Імправізаванага Апалона (у яго ролі выступіў кіраўнік народнага хору народнай песні «Панямонь» Сяргей Чупін) у кампаніі музаў мы акурат і сустрэлі ў Навасвержанскім доме культуры. Яны ў адказ на ўзаемныя прывітанні, крыху хвалюючыся, з уласцівай ім пафаснасцю патлумачылі: «Трымаем творчую справаздачу перад Яе Вялікасцю Культурай».

Што азначае гэта? Агляд мастацкай самадзейнасці, традыцыйнае мерапрыемства, якое «качуе» ад установы да ўстановы культуры раёна і дае ацэнку работы аматарскіх аб’яднанняў і клубаў па інтарэсах. Паўсюдна да яго загадзя і скрупулёзна рыхтуюцца, увасабляюць смелыя ідэі, каб сябе паказаць – чаго за год дасягнулі! – і, з улікам здаровай канкурэнцыі паміж калегамі, паспрабаваць здзівіць журы. У Новым Свержані членаў журы на чале з начальнікам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Аленай Суднік апранулі ў адмысловыя мантыі.

І журы, і жыхары Новага Свержаня, якія прыйшлі на аглядавы канцэрт, накіравалі свае позіркі на сцэну. Іх віталі ўдзельнікі знакамітага народнага хору народнай песні «Панямонь». У добра знаёмыя галасы ўліваліся і новыя, маладыя.

Адзін мастацкі нумар змяняе другі, і мы знаёмімся за гэты вечар з усімі дзевяццю музамі. Іх увасобілі ў сваёй харэаграфічнай кампазіцыі юныя ўдзельнікі гуртка «Знічка» (кіраўнік – Вольга Крыт), тэатральнай «Журавінкі» (Марыя Ажгірэвіч), удзельнікі эстраднай групы «Рамонак» Валянціна Вайцяхоўская, Наталля Паляшчук і Ганна Кульбака, салісткі эстраднай групы «Арыядна» Аляксандра Дзярнейка, Ганна Лукша і Аляксандра Пока, выканаўца вершаў і песень Алена Ляхоўская. Удзельніца клуба «Прасніца» Ала Юшкевіч засведчыла сваім майстэрствам, што ў Новым Свержані працягваюць жыць рамёствы.

А бясспрэчнай «разынкай» свята стала імправізацыя абраду «Першы прысад дзіцяці» ў выкананні фальклорных калектываў «Дзянніца» і «Задорынка» пад кіраўніцтвам Алы Янскай. Галоўную ролю выконвала бабуля, якая, перш чым прысадзіць дзетак – ляльку-дзяўчынку і ляльку-хлопчыка, – запытала, як рабілі гэта калісьці і нашы продкі, дазволу ў Бога. Пры спалучэнні хрысціянскіх і народных традыцый адбывалася прысаджванне дзіцяці, прадказваўся і яго будучы лёс. Матуля дзяўчынкі аддзячыла бабулі пірагом: «Вось вам пірог – каб з вамі быў Бог». А матуля хлопчыка – гаршком кашы: «Каб была добрай доля і ваша, і наша». Гэты пачастунак, дарэчы, падрыхтавалі члены клуба «Кухарык».

Над сцэнарыем свята працавала хармайстар Навасвержанскага дома культуры Ала Янская. Яна ж удала выступіла і ў ролі вядучай, і ў ролі бабулі падчас выканання абраду. Аднаўленне старадаўніх абрадаў – гэта яе ініцыятыва, няспынны пошук і нялёгкая творчая праца, дзякуючы якім дзейнасць гэтага Дома культуры набывае ўнікальнасць і непаўторнасць. Старшыня журы Алена Суднік падзялілася ў бліц-інтэрв’ю сваімі думкамі і назіраннямі:   

– Ад агляду засталіся добрыя ўражанні. Відавочна, у Доме культуры працуе шмат аматарскіх аб’яднанняў, клубаў па інтарэсах і творчых людзей. Яны прыцягваюць да сябе мясцовых жыхароў і – вельмі важна – падлеткаў, моладзь. Вы бачылі самі, колькі маладых спявае, напрыклад, у хоры. Да сцэнарыя тут падышлі вельмі нестандартна. А адраджэнне народных традыцый, як прадэманстраваны сёння абрад «Першы прысад дзіцяці», а таксама абрад «Тры ручнікі», мы плануем падаваць для ўключэння ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.     

Што дадаць да гэтага? Як казалі старажытныя грэкі: ды не пакінуць вас музы!..

На здымку: на сцэне Навасвержанскага дома культуры – народны абрад «Першы прысад дзіцяці».Таццяна ПЯТКЕВІЧ

На днях стала вядома, што народны хор народнай песні «Панямонь» чарговы раз пацвердзіў званне народнага. 10 красавіка ў 12.20 на тэлеканале «Беларусь-3» з удзелам хору і фальклорных груп пройдзе перадача «Наперад у мінулае».



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *