Акцэнты

Нумары Соцыум

image_pdfimage_print

ПРА БЯСПЕКУ НА ВАДЗЕ –І Ў САЦЫЯЛЬНЫХ СЕТКАХ

Раённая арганізацыя АСВОД, галоўная задача якой – не дапусціць гібелі людзей на вадзе, працуе мэтанакіравана, зладжана, аб чым сведчыць і прысуджэнне ёй па выніках работы за 2015 год трэцяга прызавога месца сярод 23-х арганізацый Мінскай вобласці.

   На сходзе раённай арганізацыі АСВОД было адзначана, што ў мінулым годзе, як ні ў якія іншыя гады, напярэдадні купальнага сезона была праведзена вялікая работа па добраўпарадкаванні зон масавага адпачынку ля вады, стварэнні там бяспечных умоў адпачынку. Спрацавалі добра ўсе прадпрыемствы раёна, за якімі было замацавана сем зон адпачынку:   аб’яднанне камунальных службаў, ААТ «Жацерава», лясгас, турбаза «Высокі бераг», НТВК «Аналіз-Х», ТАА «Рудзьмянская гаспадарка». Пры тым, што летась стаяла спякотнае надвор’е і купальны сезон выдаўся працяглым, трагічных выпадкаў на вадзе не зафіксавана (абарвалася жыццё двух чалавек, але не ў летні перыяд і не ў зоне масавага адпачынку). 

   – На Стаўбцоўшчыне налічваецца 3150 членаў АСВОД, аб’яднаных у 40 пярвічных арганізацый, 10 юрыдычных членаў. На пляжах дзейнічаюць тры ведамасныя выратавальныя пасты, а таксама два пасты АСВОД, аснашчаныя ўсім неабходным. У зоне іх дзеяння матросамі-выратавальнікамі былі выратаваны жыцці 33 чалавек, падрыхтаваны 44 дружыннікі-выратавальнікі. Дзякуючы падтрымцы супрацоўнікаў міліцыі павысілася культура адпачынку ля вады, не дапушчаны выпадкі адкрытага ўжывання алкагольных напіткаў, – падкрэсліў у сваім дакладзе старшыня раённай арганізацыі Іван Шчарбанюк.                 

   Сярод станоўчых момантаў можна назваць і тое, што ў Стоўбцах адкрыты фізкультурна-аздараўленчы комплекс і з’явілася магчымасць навучаць дзяцей плаванню ў басейне. «Заняткі плаваннем уключаны ў школьную праграму па фізкультуры, і дзіцячыя аздараўленчыя лагеры ўжо заключаюць дагаворы на наведванне дзецьмі басейна», – заўважае намеснік начальніка раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму Мікалай Мазур.

   На гэтым накірунку неабходна аб’яднаць намаганні і трэнераў,  і педагогаў, медыкаў, каб навучаць дзяцей не толькі плаванню, а і спосабам выратавання  на вадзе, асновам аказання першай медыцынскай дапамогі. Больш таго, ставіцца задача, каб член БРСМ быў і членам АСВОД, добраахвотным правадніком навыкаў бяспечных паводзін на вадзе, у тым ліку і праз сацыяльныя сеткі, інтэрнэт-сайты, папулярныя сярод моладзі. Для заахвочвання членства ў АСВОД намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Шэсцель прапанаваў арганізаваць у ФАКу мерапрыемства для школьнікаў з запрашэннем спецыялістаў вадалазнай службы. Ідэя слушная, і яе адобрыў вядучы спецыяліст Мінскай абласной арганізацыі АСВОД Міхаіл Фралоў, які браў удзел у сходзе. Дарэчы, другі год абласная арганізацыя АСВОД праводзіць агляд-конкурс творчых работ «Бяспека на вадзе – вачыма дзяцей». Нельга не заўважыць і знешнюю перамену – у супрацоўнікаў АСВОД цяпер з’явілася свая ўніформа. 

   Працаваць трэба не толькі з моладдзю, а і ў працоўных калектывах, таму што прыкладам для дзяцей з’яўляюцца менавіта бацькі. У цэлым у пытаннях прафілактыкі запатрабаванымі і карыснымі могуць быць усе даступныя спосабы і рэсурсы, а ядро прафілактычнай работы складаюць разам з АСВОД аддзел адукацыі, спорту і турызму, райаддзелы міліцыі і па надзвычайных сітуацыях.    

   Начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх райаддзела міліцыі Міхаіл Азановіч узняў адну з найбольш важных праблем – навядзенне парадку ў тых месцах, дзе афіцыйнага дазволу на купанне няма, але, разам з тым, візуальна гэта нічым не забаронена. Сюды можна аднесці  каля 70 вадаёмаў, раку Нёман са шматлікімі пад’ездамі па ўсёй сваёй працягласці на тэрыторыі раёна. Каля кожнага міліцыянера або дружынніка не паставіш. Больш таго, вандалы нярэдка знішчаюць інфармацыйныя таблічкі, якія сведчаць пра забарону купання ў тым ці іншым месцы.

   Своеасаблівым адказам на гэтае пытанне можа служыць прапанова вопытнага матроса-выратавальніка Іосіфа Грыгарцэвіча: трэба адкрываць больш  зон масавага адпачынку ля вады, асабліва ў тых месцах, куды людзі ішлі купацца спрадвеку. Такое месца  з абсталяванай зонай масавага адпачынку ёсць і ў Жукавым Барку, але яно чамусьці было закрыта. Раней была закрыта і зона масавага адпачынку на рацэ Нёман у Канкаловічах, аднак на сходзе прагучала, што да купальнага сезона-2016 плануецца аднавіць яе работу з дапамогай прыватнага прадпрыемства «Профі-Аграцэнтр». Начальнік службы адміністрацыйна-гаспадарчай і ідэалагічнай работы АКС Валерый Бохан засяродзіў увагу на неабходнасці ўладкавання так званага «лягушатніка» для юных адпачываючых  на дзеючым пляжы на рацэ Нёман у рысе горада. Відавочна, што ёсць патрэба і ў добраўпарадкаванні тэрыторыі вакол выратавальнага паста, летась адкрытага на гэтым пляжы, а таксама ў абнаўленні шлагбаўмаў вакол гарадскога возера. Абмеркаванне выклікала пытанне выкарыстання ў непасрэднай блізкасці ад зонаў масавага адпачынку маламерных суднаў, якія могуць стаць небяспекай для тых, хто купаецца.                              

   Адзнака рабоце раённай арганізацыі АСВОД за 2015 год аднадушна выстаўлена «добра». Лепшымі прызнаны пярвічкі Коласаўскай школы, Цясноўскага ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа, гімназіі № 1 (першае, другое і трэцяе месцы адпаведна), сярод юрыдычных членаў – ААТ «Жацерава» (дырэктар – Іван Краўчук).

Таццяна ПЯТКЕВІЧ  

НА ЗДЫМКУ: дыплом Івану Шчарбанюку за трэцяе месца ўручае вядучы спецыяліст Мінскай абласной арганізацыі АСВОД Міхаіл Фралоў.

 

ПАКАРАНЫ ШТРАФАМ

   Крымінальным заканадаўствам Рэспублікі Беларусь прадугледжана адказнасць за ўхіленне асуджанага ад пакарання ў выглядзе штрафу (артыкул 418 Крымінальнага кодэкса).

   Даны від пакарання можа быць прызначаны абвінаваўчым прыгаворам або пастановай суда аб замене неадбытай часткі пакарання на больш мяккае пакаранне. Парадак выканання пакарання ў выглядзе штрафу рэгламентаваны нормамі Крымінальна-выканальніцкага кодэкса. У адпаведнасці з артыкулам 29 асуджаны да штрафу абавязаны заплаціць штраф на працягу 30 дзён з дня ўступлення прыгавора суда ў законную сілу. У выпадку, калі асуджаны не мае магчымасці аднаразова заплаціць штраф, суд па хадайніцтве асуджанага і заключэнні судовага выканаўцы, можа адтэрмінаваць або растэрмінаваць выплату штрафу на тэрмін да аднаго года. У выпадку нявыплаты асуджаным штрафу спагнанне ажыццяўляецца судовым выканаўцам прымусова, у тым ліку і шляхам звароту спагнання на маёмасць асуджанага.

   У выпадку, калі асуджаны ўхіляецца ад выплаты штрафу пры магчымасці яго заплаціць, матэрыялы праверкі накіроўваюцца ў орган папярэдняга следства для ажыццяўлення яго крымінальнага пераследу згодна з артыкулам 418 КК. Разам з тым, нягледзячы на тое, што санкцыя гэтага артыкула прадугледжвае толькі адзін від пакарання – арышт, ёсць асуджаныя, якія ігнаруюць гэтую акалічнасць і ўхіляюцца ад адбывання пакарання.

   Да прыкладу, раённым аддзелам Следчага камітэта была расследавана і накіравана ў суд крымінальная справа ў адносінах да грамадзяніна Т., які працяглы час ухіляўся ад выплаты штрафу па прыгаворы суда раёна, вынесенага ў красавіку 2008 года. Па выніках разгляду справы ў судзе раёна Т. асуджаны да трох месяцаў арышту.       

   Усяго ў 2015 годзе раённым аддзелам Следчага камітэта закончана расследаванне дзевяці крымінальных спраў, узбуджаных па артыкуле 418 КК, па якіх судом раёна пастаноўлены абвінаваўчыя прыгаворы з прызначэннем пакарання ў выглядзе арышту на розныя тэрміны.

Мікалай СКРЫГАН,начальнік раённага аддзела Следчага камітэта



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *