Давайце будзем культурнымі!

Добраўпарадкаванне Калонка Рэдактара Нумары Таленты Стаўбцоўшчыны

2016-ты – Год культуры. Культура павінна быць ва ўсім: ва ўзаемаадносінах, паводзінах, землекарыстанні… і, безумоўна, – у навядзенні парадку на зямлі.

Наш горад размешчаны каля рэспубліканскай трасы. Гэта край пісьменнікаў і паэтаў, радзіма класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа. Наведваючы Нясвіж ці Мір, турысты абавязкова заязджаюць і ў Стоўбцы. Гэта накладвае дадатковую адказнасць як на органы мясцовай улады, так і на саміх жыхароў Стаўбцоўшчыны.

Другога красавіка ўсе жыхары горада і раёна прымалі ўдзел у правядзенні раённага суботніка. Наводзілі парадак на гарадскіх вуліцах, у парку, каля гарадскога возера і ракі Нёман, прыбіралі несанкцыянаваныя смеццязвалкі ў лесапалосах, на прыдарожных тэрыторыях і г. д. Вясеннімі днямі кожны гаспадар імкнецца навесці парадак каля сваёй сядзібы, вывезці смецце і выкінуць… далей ад сваіх вачэй. На жаль, такое таксама сустракаецца. Каля дома вычышчу, а смецце выкіну пад плот, але толькі не пад свой. Такія факты можна было назіраць на абочыне дарогі Брэст–Мінск (на адрэзку ад Стоўбцаў да Слабады). У дзень суботніка там рупіліся некалькі арганізацый. Мокрае лісце, зімовыя «падснежнікі» былі сабраны і вывезены на смеццязвалку, а раніцай, як снег на галаву, – новыя «букеты» бытавога смецця. Адкуль яно тут? Напэўна, праявілі сваю «культуру» жыхары суседніх вуліц. На душы становіцца яшчэ цяжэй, калі бачыш, што стаяць паўпустыя кантэйнеры, а побач валяецца смецце.

Падыходжу да святога месца ў душы кожнага чалавека  – могілак. Хутка Вялікдзень, Радаўніца. Кожны імкнецца навесці парадак каля пахаванняў блізкіх людзей. Супрацоўнікі ЖКГ таксама тут пастараліся: павыразалі аварыйныя старыя дрэвы, елкі, кустоўе. Усё акуратна прыбралі (маюцца на ўвазе праваслаўныя могілкі ў Стоўбцах). Але… Вось хтосьці навёў парадак каля магіл, а смецце выкінуў пад суседнюю агароджу… Навошта выносіць у кантэйнер?

У раёне ідзе месячнік па добраўпарадкаванні. Плануецца высадзіць саджанцы туй, бэзу, вярбы і інш., прыбраць усе несанкцыянаваныя сметнікі, навесці парадак у лясах, вёсках, горадзе. І наколькі чыстай будзе наша Стаўбцоўшчына, залежыць ад нас з вамі.

Паважаныя жыхары Стаўбцоўшчыны, давайце пачнём з сябе, са сваёй культуры, з самадысцыпліны. Калі вы разам са сваім дзіцем збераце выкінутыя бутэлькі, бытавыя адходы будзеце складваць у мяшок і выстаўляць для арганізаванага збору ЖКГ, то ваша дзіця ніколі не кіне паперку ад з’едзенай цукеркі пад ногі. Ад нас з вамі залежыць, наколькі чыстымі будуць лес, зямля, якімі выхаванымі, культурнымі будуць нашы дзеці, унукі. Адсюль і культура паводзін, думак, выхавання, культура ў навядзенні парадку на зямлі.

Нэлі АСТРЭЙКА, рэдактар газеты «Прамень», дэпутат абласнога Савета дэпутатаў



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *