Бярозавы сок адгружаюць за акіян

Нумары Прамысловасць

 Стаўбцоўскі філіял ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат» упершыню заключыў падобны амбіцыёзны кантракт – на пастаўку бярозавага соку ў далёкую Амерыку. 

Дырэктар філіяла Ала Кажухоўская зазначае, што на рахунак прадпрыемства ўжо паступілі сродкі ад заакіянскіх партнёраў, неўзабаве пачнуцца і адгрузкі прадукцыі. Падрыхтаваны этыкеткі для яе на англійскай мове. Запатрабаванасць мае чысты лясны напітак, без дабавак. Праўда, некаторыя іншыя партнёры просяць аздабляць яго пладамі шыпшыны і іншых дзікарослых ягад. Вядома, што амерыканская кампанія, якая замовіла пастаўкі нашага гаючага ляснога напітку, займаецца здаровым харчаваннем.

– Вагон бярозавага соку нядаўна «пайшоў» ва Уладзівасток, адтуль – у Кітай, – расказвае пра збыт Ала Кажухоўская. – Раней у нас бралі яго ў бутэльцы, а апошнюю партыю адгрузілі ў сучаснай упакоўцы bag-in-box. 

Амерыка, Кітай, Расія… Дырэктар з гонарам называе геаграфію экспартных паставак прадукцыі Стаўбцоўскага філіяла ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат». Цікавяцца ёю і нашы бліжэйшыя суседзі – літоўцы, палякі. Рэч у тым, што бярозавы сок – гэта фактычна эксклюзіў, выпускаецца ён усяго некалькімі краінамі ў свеце, у тым ліку Беларуссю. Адсюль і попыт вялікі, і кантракты павышанай адказнасці. Да прыкладу, з пачатку бягучага года філіял выйграў тэндар на пастаўку бярозавага соку для дзіцячых дашкольных устаноў Расійскай Федэрацыі, а менавіта па заказе Адзінага цэнтра муніцыпальнага заказу Ніжняга Ноўгарада.

Чарговы сезон бярозавіку нядаўна пачаўся, а  перапрацоўшчыкамі ўжо нарыхтавана яго каля 200 тон (план складае 250 тон, аднак нарыхтоўваюць яго ў тых аб’ёмах, якія дорыць прырода; летась, напрыклад, нарыхтавалі ўсе 800 тон). Актыўна вязуць сок са Стаўбцоўскага, Клецкага, Валожынскага і Капыльскага лясгасаў, а ў цэлым заключаны дагаворы яшчэ з Уздзенскім, Навагрудскім і Пухавіцкім лясгасамі. Акрамя дастаўкі бярозавіку лясгасамі, з боку прадпрыемства практыкуецца і самавываз, для чаго яно заказвае тэхніку ў ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс». Вытворчы канвеер, разлічаны на перапрацоўку 50 тон соку ў змену, поўнасцю загружаны. За якасцю ляснога напітку, які паступае, на прадпрыемстве пільна сочаць спецыялісты акрэдытаванай  лабараторыі.

Частка свежага бярозавіку адразу накіроўваецца на перапрацоўку – ён разліваецца ў бутэльку або ўпакоўку bag-in-box, а частка нарыхтоўваецца як паўфабрыкат шляхам асептычнага кансервавання ў мяхі аб’ёмам 200 літраў. Гэта сыравіна, з якой вытворцы будуць працаваць у зімовы перыяд.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *