Сезон

Нумары Раённыя навіны

image_pdfimage_print

Вясна, што сагрэе наваколле, запатрабавала ад земляробаў ПДСУП «Профі-Аграцэнтр» ушчыльніць працоўны час, з максімальнай гаспадарчай аддачай выкарыстоўваць красавіцкія дні. Вываз арганікі, пасеў ранніх яравых, апрацоўка глебы  – вось далёка не поўны пералік сённяшніх неадкладных спраў. Увішна працуе ў гэтыя адказныя дні механізатар гаспадаркі Дзмітрый Лявончык.

Фота Васіля Зянько

 

ЭКСКЛЮЗІЎ АД МАШЫНАБУДАЎНІКОЎ

Па традыцыі, што склалася на працягу апошніх пяці гадоў, стаўбцоўскія машынабудаўнікі бралі ўдзел у адной з самых прэстыжных і значных спецыялізаваных выставак – Міжнароднай вясенняй выстаўцы «Будэкспа-2016».

Вытворцы спецыяльна падрыхтавалі для яе новую мадэль кампрэсарнай станцыі – ММЗ-ПВ 3,5/0,7.

–       Асаблівасці навінкі – прадукцыйнасць у 3,5 м3, кампактнасць, прыдатнасць для работы адбойных малаткоў у дарожна-будаўнічай сферы. Прадстаўнікі менавіта гэтых галін народнай гаспадаркі ў першую чаргу цікавіліся нашай станцыяй, – каменціруе начальнік аддзела збыту філіяла ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы Віктар Круглік.

–       На выстаўцы стаўбцоўскія машынабудаўнікі займалі адну экспазіцыю разам з галаўным прадпрыемствам – Мінскім маторным заводам, які таксама прадставіў узор уласнай сучаснай і запатрабаванай прадукцыі – дызель-генератар.

 

ПАРА ПІЦЬ БЯРОЗАВІК

Напрыканцы сакавіка Стаўбцоўскім доследным лясгасам былі адгружаны на перапрацоўку першыя партыі бярозавага соку.

У гэтым годзе нарыхтоўка гаючага ляснога напітку ажыццяўляецца трыма брыгадамі ў лясных масівах Акінчыцкага, Прудскога доследнага і Налібацкага лясніцтваў. Дагаворы на яго рэалізацыю заключаны са Стаўбцоўскім філіялам ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат», Мінскім заводам безалкагольных напіткаў і інш.

Свежы сок рэалізоўваецца і насельніцтву. Усе жадаючыя могуць набыць яго ў любым з вышэйназваных лясніцтваў, цана за адзін літр – 1 020 рублёў.

– Самавольная падсочка забаронена, за гэта прадугледжаны штрафныя санкцыі ў памеры да 20 базавых велічынь, – звяртае ўвагу намеснік дырэктара лясгаса па ідэалагічнай рабоце Аляксандр Шарапа.

Свежым сокам, акурат з дзялянкі, абяцае парадаваць нас і прыватнае прадпрыемства «Квас для вас». Гэтаму прадпрыемству, згодна з аформленым у лясгасе лесасечным білетам, дазволена самастойна весці нарыхтоўку соку ў Акінчыцкім лясніцтве, бліжэйшым да горада. Пляцоўкай для продажу выбрана месца побач з гандлёвым цэнтрам «Арманда». Цана соку крыху адрозніваецца ад той, за якую прадаюць лясніцтвы, аднак таксама даступная.

Пра карыснасць бярозавага соку вядома з даўняга часу. Нашы продкі называлі лясны напітак гаючым і запасаліся ім на многія месяцы наперад, каб было чым прагнаць смагу ў гарачую пару летняй касавіцы. На бярозавым соку гаспадыні рыхтавалі дамашні квас і іншыя прахаладжальныя напоі (праўда, у паэме Якуба Коласа «Новая зямля» дзядзька Антось надумаўся гатаваць на бярозавым соку клёцкі). Цяпер бярозавы сок нарыхтоўваецца на прамысловай аснове (гэта стала адной з адметнасцяў беларусаў у свеце), перапрацоўваецца і выпускаецца ў шырокім асартыменце – як чысты сок, з дабаўленнем дзікіх пладоў і ягад, купажыраваны, што дае магчымасць ужываць яго для падтрымання свайго здароўя круглы год, незалежна ад сезона.                            

Таццяна ПЯТКЕВІЧ 

 

СТАРАЮЦЦА АРГАНІЗАЦЫІ

У нарыхтоўчым аддзеле райспажыўтаварыства адзначаюць, што арганізацыі раёна стараюцца выконваць даведзеныя планы па зборы другаснай сыравіны. Такое рашэнне раённых улад служыць не толькі эканоміі і выхаванню беражлівасці, але і навядзенню парадку на зямлі. Наваколле прыкметна ачышчаецца ад бутэлек – шкляных і пластмасавых, што з’яўляецца добрым знакам.

Для нарыхтоўшчыкаў стаіць задача своечасовай рэалізацыі другаснай сыравіны, якая штодзень пастаўляецца зборшчыкамі на склады. Калі наконт пэт-бутэлек, шкла, макулатуры, металалому  наладжана супрацоўніцтва з адпаведнымі перапрацоўчымі прадпрыемствамі, то адносна аўтамабільных шын – новага віду другаснай сыравіны, па якой таксама даведзены цяпер планавыя заданні па зборы і здачы, – існуе нямала нявырашаных пытанняў. Узнікла праблема са здачай шын, але нарыхтоўшчыкі спадзяюцца, што яна часовая. Працягваецца пошук адрасоў іх  збыту.

 

РЫХТУЮЦЦА ПЛЯЖЫ

Прагнозы сіноптыкаў спраўджваюцца – сонечныя прыемныя дні дорыць нам красавік. Неўзабаве надыдзе і лета, пакліча водная гладзь.

Ужо цяпер праводзіцца работа па падрыхтоўцы гарадскіх пляжаў да сезона. Гэтае пытанне было разгледжана на адным з апошніх пасяджэнняў у райвыканкаме.

Вынікам калегіяльнага абмеркавання стала замацаванне рашэннем райвыканкама арганізацый горада і раёна за зонамі масавага адпачынку. Аб’яднанне камунальных службаў будзе курыраваць пляж на беразе Нёмана па вуліцы Набярэжнай, а таксама пляж гарадскога возера па вуліцы 17 Верасня.

Турысцка-экскурсійны комплекс «Высокі бераг» паклапоціцца аб сваіх пляжах на Нёмане. Стаўбцоўскі доследны лясгас атрымаў заданне адносна пляжа на Нёмане бліз дзіцячага аздараўленчага лагера «Церамок». Зона адпачынку на сажалцы ў аграгарадку Горкі – у ведамстве ААТ «Жацерава». Месцы адпачынку на возеры «Кромань будуць кантраляваць НТПК «Аналіз Х» і лясгас, дзве зоны адпачынку на вадаёме вёскі Падгорная – Рудзьмянская гаспадарка.

На прадпрыемствы і арганізацыі ўскладваецца адказнасць па ахове водных аб’ектаў ад забруджвання. Арганізацыі прымуць удзел у ачыстцы дна месцаў купання і саміх пляжаў, прыцягнуўшы да гэтага спецыялістаў-вадалазаў Мінскага абласнога АСВОДа. Пастаўлена задача па ачыстцы зон адпачынку, санітарнай рубцы, прарэджванні кустоўя, скошванні травы, правядзенні комплексу акарыцыдных мерапрыемстваў.

Плануецца ўстанавіць на пляжах ценевыя навесы, кантэйнеры для збору смецця, абазначыць месцы купання. На працягу купальнага сезона будзе пастаянна праводзіцца лабараторны кантроль якасці вады.

На туркомплексе «Высокі бераг» будзе працаваць пост па выратаванні людзей на водах з укамплектаваннем яго аптэчкай неадкладнай дапамогі. Туркомплекс арганізуе пракат лодак, катамаранаў, укамплектаваных камізэлькамі і іншымі выратаварыльнымі сродкамі.

Перад кіраўніцтвам райспажыўтаварыства стаіць задача арганізацыі ў месцах масавага адпачынку выязнога гандлю прахаладжальнымі напіткамі, марожаным.

Адносна пляжа на рацэ Нёман у вёсцы Канкаловічы арганізацыйнымі пытаннямі займаецца ПДСУП «Профі-Аграцэнтр».

Пр

 

ПЛАЦЕЖ  ІДЗЕ  АНЛАЙН…

Мінскі філіял РУП «Белпошта» сёлета адзначыць свой 20-гадовы юбілей. Такі ж, 20-гадовы юбілей, адзначыла ў 2015 годзе і РУП «Белпошта» – нацыянальны аператар Рэспублікі Беларусь па прадастаўленні паслуг паштовай сувязі. За гэтыя два дзесяцігоддзі прадпрыемства істотна змянілася, набыло адметны імідж, узбагацілася добрымі традыцыямі. Сярод іх ёсць і такая, як прыцягненне ўвагі да пошты і сучасных паштовых паслуг праз правядзенне творчых конкурсаў сярод журналістаў рэспублікі.

Не так даўно былі названы лепшыя матэрыялы аб пошце ў выданнях рэспублікі за 2015 год і, надзвычай прыемна, што сярод іх ёсць і публікацыі на старонках стаўбцоўскай раённай газеты «Прамень». Падчас уручэння пераможцам рэспубліканскага конкурсу дыпломаў і падарункаў дырэктар Мінскага філіяла Жанна Шабека падзякавала рэдакцыям газет за плённае супрацоўніцтва, удзел у жыцці пошты і выказала спадзяванне на далейшае развіццё ўзаемаадносін. Адбылася своеасаблівая прэс-канферэнцыя, увага на якой была звернута на найбольш значныя дасягненні беларускай пошты.

З міжнародным іміджам

Цікавыя навіны ахутваюць нацыянальную марку, ацэненую міжнароднай супольнасцю. У мінулым годзе беларуская марка «Слуцкія паясы» ўвайшла ў дзясятку лепшых марак свету. Такі вынік забяспечылі нестандартны сюжэт і арыгінальны дызайн. Гэтая перамога – не адзіная для беларускай філатэліі. Варта назваць маркі, прысвечаныя 200-годдзю з дня нараджэння Напалеона Орды (2007 год), 850-годдзю стварэння Крыжа Ефрасінні Полацкай (2011 год). А калекцыя марак на тэму «Добро пожаловать в Беларусь!» адзначана першым месцам на Сусветнай выстаўцы марак у Сінгапуры ў жніўні 2015 года.

Акрамя таго што пошта не прапускае ніводнай філатэлістычнай выстаўкі, яна вельмі трапятліва ставіцца да пажаданняў філатэлістаў, імкнецца пашыраць іх рады. Восенню мінулага года ў вёсцы Багданаў Валожынскага раёна з удзелам мясцовых школьнікаў адбылася неардынарная падзея – урачыстае гашэнне маркі ў гонар Фердынанда Рушчыца, знакамітага мастака-пейзажыста канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя.       

У ходзе размовы міжволі ўзніклі параўнанні. Так, у мінулым годзе Беларусь была выбрана пляцоўкай для ўрэгулявання сітуацыі ва Украіне, у сувязі з чым палітыкі з розных краін свету менавіта ў Мінску вырашалі пытанні міру. Але Беларусь была выбрана і Сусветным паштовым саюзам – для абмеркавання пытанняў развіцця паштовай сувязі на рэгіянальнай канферэнцыі па Стамбульскай сусветнай паштовай стратэгіі.

– Акрамя Беларусі, у Сусветны паштовы саюз уваходзяць 208 краін, вызначана комплексная стратэгія іх развіцця. Наша прадпрыемства займае ў саюзе добрыя пазіцыі, пра нас ведаюць, – не без гонару зазначае Жанна Шабека.

У сваёй прамове на рэгіянальнай канферэнцыі ў Мінску генеральны дырэктар паштовага бюро Сусветнага паштовага саюза Бішар Хусейн не прамінуў заўважыць: «Я быў паражоны ўзроўнем развіцця паштовай сувязі ў Беларусі, асабліва тым, як у вас складваецца становішча з электроннай карэкцыяй». 

Такі рэйтынг кіраўніцтва Мінскага філіяла тлумачыць высокім узроўнем аўтаматызацыі, які ахоплівае літаральна кожнае аддзяленне сувязі незалежна ад месца яго знаходжання – у сталіцы або ў сельскім населеным пункце. Паўсюдна кліент можа атрымаць адзін і той жа набор сучасных паслуг. Было асабліва прыемна, што ў якасці прыкладу Жанна Шабека назвала наш раён. Стаўбцоўшчыну нядаўна наведалі паштавікі з Расіі. Яны знаёміліся з вопытам работы перасоўнага аддзялення сувязі, у якім працуюць Надзея і Вікенцій Яўсейчыкі. Дзейнасць гэтага сямейнага экіпажа ў ліку лепшых сярод перасоўных аддзяленняў Мінскай вобласці. Расіяне, назіраючы за работай  пошты на колах у самых аддаленых ад райцэнтра вёсках, не хавалі свайго здзіўлення плацяжамі, якія ідуць проста анлайн, у рэжыме рэальнага часу. А калі прыгадаць на Міншчыне нядаўнія снегапады з абрывамі ў населеных пунктах ліній электраперадач, то менавіта перасоўныя паштовыя аддзяленні, якія сілкуюцца ад аўтаномнага генератара, маглі абслугоўваць сельскіх жыхароў у звыклым парадку.     

Пастамат замест аператара 

Міжнародныя тэндэнцыі развіцця паштовай сувязі знаходзяць усё большае ўвасабленне ў Мінскай вобласці. 

– Перасылку пісем і пасылак па тэрыторыі рэспублікі забяспечваюць дадатковыя сэрвісы. Сярод іх варта выдзеліць два накірункі, – падзялілася намеснік дырэктара Мінскага філіяла РУП «Белпошта» Алена Ішчук. 

Размова ідзе пра паслугі лінейкі «Камфорт», якія ў роўнай ступені прадугледжваюць перавагі для абодвух бакоў: адпраўшчыку – смс, калі пасылка або пісьмо ўручана, іх атрымальніку – права выбару найбольш зручнага часу для ўручэння. Паштавікі пайшлі ў гэтым плане далей: адкрыты дадатковы сэрвіс – «Аплачаная дастаўка ў вячэрні час» (да 21 гадзіны). У Мінску гэтая паслуга ўжо працуе. Выкарыстаць паслугі лінейкі «Камфорт» можна ў любым аддзяленні паштовай сувязі, падраздзяленнях «Бізнес-пошта», дома або ў офісе.               

Сярод укаранёных навінак – сэрвіс «Перанакіраванне міжнародных паштовых адпраўленняў», які дазваляе перанакіраваць адрас дастаўкі міжнароднага паштовага адпраўлення і атрымаць яго ў пунктах паштовай сувязі па прыёме і выдачы паштовых адпраўленняў. У Мінскай вобласці такія пункты ўжо дзейнічаюць у Салігорску і аграгарадку Лясны. Яны аказваюць выключна паштовыя паслугі. Пры тым, што сёння набірае размах камерцыйны гандаль (у тым ліку праз інтэрнэт), адкрыццё падобных пунктаў дазволіла разгрузіць аддзяленні сувязі. Паштавікі гатовы дастаўляць розныя пасылкі і пакупкі непасрэдна заказчыку ў кватэру. Для гэтага ёсць і такая паслуга, як «По пути».

– Кліентам мы імкнёмся прапанаваць як мага больш сэрвісаў, каб зберагчы іх час, – падкрэслівае Алена Ішчук.

Цікава было даведацца, што ў Мінску пачынаецца ўстаноўка першага пастамата (паштамата) – сучаснага ўстройства па абслугоўванні і атрыманні пасылак. Дзякуючы ўбудаванаму ў яго інфакіёску за пасылку можна разлічыцца на месцы. Пастамат у нечым нагадвае ранейшую абанементную скрыню, але, зразумела, значна больш удасканаленую. Сапраўды, нельга не верыць, што ў пошты – вялікае будучае. Яго хацелася б убачыць сваімі вачыма, таму, невыпадкова, што журналісты папрасілі, калі будзе арганізоўвацца наступная сустрэча, пазнаёміць іх з работай пастамата.

 

ВОПЫТ – НА РЭСПУБЛІКУ

Больш за 100 мільёнаў рублёў – такі штомесячны ўклад перасоўных аддзяленняў сувязі ў паслугі, якія аказваюць паштавікі раёна.

Тавараабарот «пошты на колах» немалы, а найбольшы ўклад у яго ўносяць Надзея і Вікенцій Яўсейчыкі, у складзе якіх працуе адно з першых перасоўных аддзяленняў, адкрытых у 2013 годзе на Стаўбцоўшчыне. Гэта не проста перасоўнае аддзяленне, а сямейны экіпаж, эфектыўная дзейнасць якога займела цікавасць у маштабах Мінскай вобласці і нават рэспублікі. «Неаднойчы за вопытам да Яўсейчыкаў наведваліся нашы калегі з Расійскай Федэрацыі», – зазначае намеснік начальніка раённага вузла паштовай сувязі Марына Петух.

Даволі паспяхова працуюць і два іншыя перасоўныя аддзяленні сувязі – у складзе Кацярыны Бохан і Яўгена Ярашэвіча, а таксама Святланы Клімовіч і Юрыя Харуцкага. Адкрытыя на год пазней, яны абодва ідуць на роўных і паступова набіраюць тэмп, дабаўляюць тавараабарот.

Сёння ўжо можна ўпэўнена сцвярджаць, што «пошта на колах», даступная ў кожны дзень рабочага тыдня, зарабіла самы галоўны капітал – прызнанне вясковых жыхароў.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ   



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *