Так трымаць!

Адукацыя Нумары

image_pdfimage_print

З ПРЭЗЕНТАЦЫЯЙ – НА АБЛАСНУЮ КАЛЕГІЮ

Важную падзею перажыў калектыў Дзераўнянскай сярэдняй школы – на абласной калегіі ўпраўлення адукацыі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта выступіў з прэзентацыяй навучальнай установы як  пераможца абласнога спаборніцтва «За дасягненне высокіх паказчыкаў у развіцці адукацыі» ў намінацыі «Лепшая ўстанова адукацыі, размешчаная ў сельскай мясцовасці».

У прэзентацыйнай праграме былі ўлічаны і ў вельмі арыгінальнай форме прадэманстраваны ўсе інавацыйныя накірункі работы гэтай школы ў сістэме праектнай дзейнасці: быў падрыхтаваны банер, які ўтрымліваў інфармацыю аб поспехах і дасягненнях школы з фотаілюстрацыяй. Інтарэс калег уяўляў абласны рэсурсны цэнтр інфармацыйных тэхналогій «Нёман» для настаўнікаў пачатковых класаў і раённы рэсурсны цэнтр па фізіцы, дзейнасць пачатковай школы па адукацыйнай мадэлі «Крок за крокам», супрацоўніцтва з «Беларускай лігай бацькоў і педагогаў «Крок за крокам», развіццё інтэлектуальных здольнасцяў, шматгадовае супрацоўніцтва з Беларускім дзяржаўным агратэхнічным універсітэтам, стапрацэнтнае паступленне выпускнікоў у ВНУ і сярэднія спецыяльныя ўстановы на бюджэтную форму навучання ў мінулым годзе, перамогі вучняў у алімпіядах, турнірах і конкурсах, удасканаленне матэрыяльна-тэхнічнай базы.

Вельмі яркае і прыгожае выступленне было паказана на сцэне. Над сцэнарыем працавала творчая група настаўнікаў, рэжысуру праграмы таленавіта ажыццявіла настаўніца музыкі Марына Авязава. Вялікую ўдзячнасць калектыў школы выказвае і паэту Яўгену Карпуцю, які ўвесь тэкст падаў у вершаванай форме. Яўген Вікенцьевіч з’яўляецца і аўтарам гімна Дзераўнянскай школы, які адкрываў прэзентацыйную праграму.

Абаяльнасць, уменне трымаць сябе проста і прыгожа і адначасова з годнасцю, крэатыўнасць прадэманстравалі на сцэне дырэктар школы Марыя Шумчык, настаўнікі Ванда Даўгапол, Наталля Беляковіч, Ванда Комар, Святлана Юнцэвіч, Ірына Пятроўская, дзесяцікласнікі Таццяна Касцюкевіч, Карына Карніцкая, дзевяцікласнік Арсеній Гаптар, сямікласніца Лізавета Грыгарцэвіч, чацвёртакласнік Максім Жодзік.  Прэзентацыя праходзіла з відэасуправаджэннем, дзе прыклаў свае ўменні настаўнік інфарматыкі Леанід Суднік.

Дырэктару школы Марыі Шумчык, безумоўна, было прыемна пачуць шмат добрых водгукаў ад начальніка ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама Галіны Казак, кіраўнікоў аддзелаў адукацыі, спорту і турызму вобласці, сваіх калег – дырэктараў школ. У Марыі Мар’янаўны з захапленнем пыталіся: «Дзе вы ўзялі такіх вучняў?»

 Кіраўніцтвам, педагагічным і вучнёўскім калектывамі навучальнай установы такі поспех успрыняты як маяк для далейшай творчай выніковай працы. Падрыхтоўка гэтай прэзентацыі аб’яднала ўсіх, яшчэ больш згуртавала. Усім прыемна было адчуць такую еднасць: педагогі і вучні – адна сям’я.

Святлана ЖЫБУЛЬ

 

ДЫПЛОМ, РОЎНЫ 100 БАЛАМ

Адбыўся заключны этап рэспубліканскай прадметнай алімпіяды.

У алімпіядзе па розных вучэбных прадметах прынялі ўдзел самыя моцныя вучні рэспублікі – пераможцы другога абласнога туру.  У каманду Мінскай вобласці ўвайшлі чатыры чалавекі з нашага раёна: тры вучні СШ №  3 – Вадзім Ракевіч, Паліна Лапко, Павел Камёнка, і вучаніца гімназіі № 1 Вікторыя Паўлюць.

Пераможцамі заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды сталі адзінаццацікласніца Вікторыя Паўлюць, якая атрымала дыплом І ступені па беларускай мове, і дзесяцікласнік Павел Камёнка, які заваяваў дыплом ІІІ ступені па інфарматыцы. Для вучаніцы выпускнога класа Вікторыі Паўлюць гэты дыплом будзе прыроўнены да 100 балаў на цэнтралізаваным тэсціраванні па профільным прадмеце.

Такіх вышынь вучні дасягнулі дзякуючы сваёй сістэмнай нястомнай працы і таленавітаму кіраўніцтву сваіх настаўнікаў – Яніны Дрозд і Уладзіміра Радзіона. Віншаванне і вучням, і настаўнікам!

Пр

 

ПЕРАМОЖЦЫ І ПРЫЗЁРЫ

На базе СШ № 2 г. Стоўбцы прайшлі раённыя прадметныя алімпіяды па матэматыцы, рускай, беларускай, замежных мовах, курсе «Чалавек і свет» для вучняў чацвёртых класаў.

У іх прынялі ўдзел 83 вучні з 21 установы адукацыі. Пераможцамі па беларускай мове сталі: Валерыя Кабылінская з Горкаўскай СШ – першае месца; Вяржынія Лукашэвіч з Цясноўскага ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа імя Ф. Э. Дзяржынскага – другое месца; Уладзімір Янскі з Любкаўшчынскага ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа – трэцяе месца. Лепшыя вынікі па рускай мове паказалі: Раман Чэбан з СШ № 2 – першае месца; Анастасія Ажгірэвіч з гімназіі № 1 – другое месца; Ірына Міцякіна з СШ № 3 – трэцяе месца. Па матэматыцы прызавыя месцы размясціліся так: Кацярына Юрчык з СШ № 2 – пераможца; Дар’я Сушко з гімназіі № 1 – другое месца; Максім Макарэвіч з СШ № 3 і Ян Пракаповіч з СШ № 2 падзялілі трэцяе месца.

У алімпіядзе па курсе «Чалавек і свет» пераможцамі сталі: Мікаэль Сабо з СШ № 2, Іван Дрозд з гімназіі № 1, Аляксандра Шыдлоўская з Навасвержанскай СШ.

Лепшыя веды па англійскай мове паказалі: Раман Чэбан з СШ № 2, Ягор Каломенскі з гімназіі № 1, Дзіяна Кушэль з гімназіі № 1. Пераможцамі па нямецкай мове сталі: Руслана Харута з СШ № 2,  Ганна Юрыс з Рочавіцкага ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа, Ксенія Жвырбля з Рочавіцкага ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа – трэцяе месца. Пажадаем вучням далейшай паспяховай вучобы.

Аксана ДАВЫДЗЕНКА,метадыст аддзела адукацыі, спорту і турызмурайвыканкама



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *