Падзеі і здарэнні

Нумары Падзеі і здарэнні

image_pdfimage_print

ЗАГСам на мінулым тыдні не зарэгістравана ніводнага шлюбу («табу» наклаў перадвелікодны пост), зроблены тры адзнакі аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні атрымалі сем маленькіх жыхароў Стаўбцоўшчыны: Павел Калоша, Софія Шаміс, Мацвей Бурдукевіч, Арцём Пляскач, Даніэль Міхайлоўскі, Багдан Шкляр і Мілана Бохан.

Зямны шлях закончыўся для 10-ці жыхароў раёна.

У пажарнай часці згадалі восем выпадкаў, звязаных з загараннем смецця і ўтварэннем пагрозы будынкам, у выніку чаго двое грамадзян аштрафаваны за парушэнне правілаў пажарнай бяспекі на агульную суму 630 000 рублёў. Ноччу  ўспыхнулі прыватныя гаражы ў Наваколасаве: адзін з іх агнём знішчаны, другі – моцна пашкоджаны. Прычына пажару высвятляецца.

Міліцыяй зарэгістравана 98 паведамленняў аб правапарушэннях, у выніку чаго ўзбуджана 11 крымінальных спраў, у шасці з іх устаноўлены падазраваемыя. У Наваколасаве пасля сумеснага распівання спіртных напіткаў грамадзянка нанесла пацярпеламу траўмы, небяспечныя для жыцця. У кафэ-бар «Дыяген» нецвярозы хуліган бессаромна і цынічна дэманстраваў наведвальніцам свае «мужчынскія» вартасці. З дачы ў Баханах прапалі 54 кусты парэчкі і дзевяць кустоў дэкаратыўнага ядлоўцу.

Стаўбцоўскай міжраённай інспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету складзены адміністрацыйны пратакол у адносінах да жыхара раёна, які самавольна нарыхтоўваў у Апечкаўскім лясніцтве бярозавы сок. Яму прыйдзецца заплаціць за нанесеныя прыродзе страты 462 000 рублёў, а таксама штраф (да 20 базавых велічынь). Яшчэ аднаму жыхару раёна, які парушыў рэжым асоба ахоўваемых тэрыторый – заехаў на аўтамабілі, нягледзячы на папераджальны аншлаг, на тэрыторыю рэспубліканскага ландшафтнага заказніка «Налібацкі», – пагражае штраф у памеры да 35 «базавых».    

Суд прыгаварыў да 150 гадзін грамадскіх работ 48-гадовага стаўбчаніна, які ўчыніў скандал з дачкою – нанёс ёй цялесныя пашкоджанні і, з нажом у руках,  пагражаў расправай. Прадавец аднаго з сельскіх магазінаў райспажыўтаварыства абмежавана ў волі на сем месяцаў (без накіравання ў выпраўленчую ўстанову): яна ўзяла з касы 12 500 000 рублёў, амаль на столькі ж – тавараў, а таксама на 20 000 000 рублёў адпусціла тавараў у доўг (усё кампенсавана ёю ў поўным аб’ёме).

ДАІ выявіла 252 парушэнні правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў – трое п’яных вадзіцеляў і 15 вадзіцеляў-бяспраўнікаў, 29 недысцыплінаваных пешаходаў, у тым ліку двое – веласіпедыстаў. Здарылася пяць дарожных аварый. У іх, на шчасце, абышлося без пацярпелых.

«Хуткая» выязджала да хворых 207 разоў.

Падрыхтавала Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *