Першы крок у навуку

Адукацыя Моладзь Стаўбцоўшчыны Нумары Факты, падзеi, людзi

У гімназіі гэтую дзяўчыну-падлетка з мілым адкрытым тварам ведаюць усе. Імя яе ёй вельмі пасуе – Мілена. Аж з Новага Свержаня кожны дзень яна, Мілена Куянава, спяшаецца на заняткі ў гімназію.

–       Не ўяўляю сябе навучэнкай нейкай іншай установы горада, – гаворыць Мілена. – Нашай сям’і сцены гімназіі ўжо як родныя. Тут пасля вайны вучылася мая бабуля, потым – мама, старэйшы брат – цяпер студэнт БНТУ. Ведаю, што калі праз год я закончу тут сваё навучанне, то пакіну гімназію з цёплымі пачуццямі ўдзячнасці.

Мілена прызнаецца, што яна не «вундэркінд», а, магчыма, проста здатная да вучобы, цікаўная вучаніца, якіх у гімназіі многа, калі не сказаць – усе. Нягледзячы  на тое, што вучні розныя, таленавітае асяроддзе стымулюе да новых адкрыццяў у розных прадметных напрамках. І не толькі ў іх. Тут можна развіваць свае здольнасці ў пяці клубах рознага профілю, а яшчэ спяваць, танцаваць, вучыцца паэзіі і журналістыцы, займацца спортам. Магчымасцяў і прапаноў шмат, толькі б было жаданне самаўдасканальвацца.

Мілена Куянава, напрыклад, знайшла сябе ў навуковай рабоце. Многа гадоў юных «шукальнікаў навуковых ісцін» аб’ядноўвае таварыста «Пошук», якое працуе па прынцыпах добраахвотнасці і максімальнай самастойнасці. Тут гімназісты, якія праяўляюць цікавасць да больш глыбокага авалодвання навукай, вучацца пачаткам навуковага аналізу, сістэмнасці ў рабоце, правілам вядзення дыскусіі. Пазней,у студэнцкія гады, яны будуць умець не толькі добра трымацца перад аўдыторыяй, але і арыгінальна, нестандартна рашаць задачы, карыстацца прыёмамі навуковага пошуку, ды і проста правільна «па навуковых стандартах» афармляць курсавыя і дыпломныя работы.

–       Свой «першы крок у навуку», – успамінае Мілена, – я зрабіла яшчэ ў пачатковай школе. Калі  ўбачыла, як у мамы на пліце «ўцякло малако», я вырашыла пашукаць нейкія спосабы вырашэння гэтай праблемы. Помню, параўноўвала, як закіпае вада, а як малако, праводзіла іншыя эксперыменты. Адкрытыя для мяне, хоць можа і вядомыя ўсім дарослым спосабы, я прадставіла на раённым конкурсе «Я – даследчык» і перамагла. Трэба дадаць, што тады мяне, такую маленькую, кансультаваў выкладчык фізікі БНТУ, з якім супрацоўнічае гімназія на працягу многіх гадоў. Такую кансультацыю навукоўца можа атрымаць кожны ўдзельнік таварыства «Пошук».

Потым было многа тэм, якія мяне цікавілі. Мною былі даследаваны пытанні партыкуляцыі ў рускай мове, асаблівасці творчасці Купрына і іншыя. А яшчэ мяне вельмі цікавяць краязнаўства і гісторыя. Разам са сваёй сяброўкай Палінай Канатопавай, якая цяпер вучыцца ў абласным ліцэі, мы сталі пераможцамі  Рэспубліканскага конкурсу «1939 год у памяці жыхароў Беларусі». Намі была прадстаўлена адна са старонак гісторыі нашай гімназіі, яе «польскі» перыяд.

На цырымоніі ўзнагароджання мы пазнаёміліся з сучаснымі беларускімі пісьменнікамі, вучонымі-гісторыкамі не толькі з нашай краіны, але і з выкладчыкамі некаторых еўрапейскіх ВНУ. Усе яны аказаліся вельмі цікавымі і адкрытымі людзьмі. З некаторымі з іх мы падтрымліваем сувязь з дапамогай інтэрнэту і цяпер.

Нас узнагародзілі не толькі прызамі ў выглядзе сучасных гаджэтаў, але і цікавай экскурсіяй па «Залатым коле Міншчыны».  Гэта было вельмі пазнавальна і запамінальна.

Вясновыя канікулы –  час, калі юныя даследчыкі з усіх навучальных устаноў Стаўбцоўскага раёна з’язджаюцца для таго, каб падзяліцца вынікамі сваёй працы. Намеснік дырэктара гімназіі Святлана Валянцінаўна Курак паведаміла, што па выніках гімназічнай канферэнцыі і пасля спецыяльных заняткаў з псіхолагам навучэнцы гімназіі прадставілі работы па хіміі, фізіцы, грамадазнаўстве, чарчэнні, біялогіі, англійскай мове і абслуговай працы. З работай нечакана новага накірунку выступіла і Мілена. Сумесна з куратарам Раісай Мікалаеўнай Малахавай яна даследавала магчымасці пабудовы малюнка гіпсавай галавы з выкарыстаннем аксанаметрычных праекцый і геаметрычных цел. Вось такая цікавая тэма на стыку некалькіх навук і мастацтва.   

Між іншым, мастацтва ў жыцці Мілены займае значнае месца. Яна з вялікім жаданнем наведвае Стаўбцоўскую школу мастацтваў, дзе вучыцца малюнку ў выкладчыкаў Ірэны і Андрэя Зянько.

–       А яшчэ я па суботах наведваю клуб аматараў мастацтва «Ніка», які працуе ў гімназіі ўжо 20 гадоў. Пад куратарскім наглядам кіраўніка клуба Людмілы Станіславаўны Назаранка я атрымала сваю найвысшую  навуковую ўзнагароду, якой вельмі ганаруся. Я перамагла ў конкурсе навуковых артыкулаў «Першы крок у навуку», які для студэнтаў і школьнікаў аб’явіла Акадэмія навук Беларусі. Мой артыкул увайшоў у зборнік даследаванняў вучнёўскай моладзі № 8, выдадзены Акадэміяй навук у студзені гэтага года. Назва артыкула – «Ацэнка вартасці міжваеннай архітэктуры малых гарадоў Беларусі на прыкладзе горада Стоўбцы».

З радасцю даведалася аб тым, што вучаніца 9 класа нашай гімназіі Марыя Францкевіч таксама ўжо мае першую ў сваім жыцці публікацыю. Яе работа «Асноўныя аспекты колеравай сімволікі іміджу Ангелы Меркель» размешчана ў зборніку, выдадзеным па выніках 3-й Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Зімовы марафон», у якой Марыя ўдзельнічала разам з кіраўніком Раісай Мікалаеўнай Малахавай. 

Напрыканцы хочацца выказаць падзяку настаўнікам, якія вырошчваюць новую эліту нашай краіны, умеюць запаліць агонь ведаў і падтрымліваць яго ў кожным сваім вучні.

Ксенія РУБІН



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *