За бяспеку — разам!

Нумары РАНС інфармуе

КУРЭННЕНА АБ’ЕКЦЕ?БЕЗ КАМЕНТАРЫЯЎ…

Персанал, не навучаны правілам карыстання пярвічнымі сродкамі пажаратушэння, адсутнасць аўтаматычнай сістэмы пажарнай сігналізацыі і, магчыма, позняе выяўленне загарання – акурат той набор «экстрэмальных» фактараў, які здольны згуляць злосны жарт з нечай маёмасцю…  

Разам з тым, падобны «экстрым» – далёка не адзінкавы на аб’ектах раёна. Яго наяўнасць не пужае, да прыкладу, кіраўніцтва прыватнага прадпрыемства «Лесформінвест-Плюс». Дрэваапрацоўка сама па сабе адносіцца да пажаранебяспечных вытворчасцяў, а тут дапускаецца складзіраванне згаральных сыравіны і прадукцыі на адлегласці, меншай чым 15 метраў ад будынкаў. «Дроўцаў» у агонь яны сапраўды могуць падкінуць… А калі на пілараме (узяць, да прыкладу, «БорЛесПрам») яшчэ і кураць работнікі без аглядкі на правілы пажарнай бяспекі, не ў спецыяльна вызначаных месцах? Як кажуць, сітуацыя без каментарыяў…

Не ў поўнай меры адпавядае пажарнай бяспецы стан аб’ектаў ААТ «Стаўбцоўская ПМК», ДУ «Мікалаеўшчынскі дом-інтэрнат для ветэранаў вайны, працы і інвалідаў» (да аднаго з пажарных гідрантаў не зроблена пад’язная дарога, няма і пляцоўкі з цвёрдым пакрыццём), ААТ «Шашкі».

Адметна тое, што ў «Шашках» для выканання большасці мерапрыемстваў, прапанаваных органамі дзяржаўнага пажарнага нагляду, няма патрэбы ў значных фінансавых выдатках. Разам з тым, практычна на ўсіх аб’ектах эксплуатуюцца цеплагенерыруючыя апараты на цвёрдым паліве незаводскага вырабу, дымаходы якіх выкананы з выкарыстаннем металічных труб, са склада гаруча-змазачных матэрыялаў ажыццяўляецца водпуск іх… з дапамогай металічнага вядра, на малочнатаварных фермах адсутнічае нарматыўная колькасць пярвічных сродкаў пажаратушэння і т. п. Шэраг парушэнняў звязаны з электрабяспекай, сярод іх – адкрытыя размеркавальныя каробкі, свяцільнікі без ахоўных плафонаў і т. п.

На філіяле ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы праводзіцца пэўная работа па ўтрыманні аб’ектаў у пажарабяспечным стане. Падчас праверкі выяўлены недахопы рэжымнага характару, якія адразу ў ходзе праверкі і былі ўхілены. Для выканання ўсяго плана мерапрыемстваў прадпрыемству патрэбны значныя фінансавыя ўкладанні. Парушэнняў не выяўлена на прыватным прадпрыемстве «Мікафлора».

Кантрольныя праверкі закранулі не толькі вытворчыя, а і сацыяльныя аб’екты. У сярэдняй школе № 3, гімназіі № 1, дзіцячым садзе № 2 г. Стоўбцы, Заямнаўскім дзіцячым садзе і Навасвержанскіх яслях-садзе выкананы ўсе мерапрыемствы згодна з устаноўленымі тэрмінамі. Турбуюць парушэнні нормаў і правілаў пажарнай бяспекі ў дзіцячых садах у Вішняўцы, Савонях, Новай Вёсцы, Налібаках і Рубяжэвічах, яслях-садзе ў Дзераўной. Так, у дашкольных установах у Дзераўной, Рубяжэвічах і Вішняўцы адсутнічае прыбор «Маланка» аўтаматычнай сістэмы пажарнай сігналізацыі, прызначанай для перадачы сігналаў аб спрацоўванні і няспраўнасцях на пульт дыспетчарызацыі МНС. У Новай Вёсцы, Налібаках і Рубяжэвічах работнікі, задзейнічаныя ў рэалізацыі плана эвакуацыі людзей з будынка ў выпадку пажару, не забяспечаны самавыратавальнікамі. У будынкі гэтых дзіцячых садкоў убудаваны памяшканні міні-кацельняў.

За выяўленыя парушэнні прадугледжана адміністрацыйная адказнасць.

Таццяна ТАРАСЕВІЧ,інспектар раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях

 

АБСЛЕДАВАННЕ ПА ЗАЯЎЦЫ

З 4 па 29 красавіка на тэрыторыі Мінскай вобласці праходзіць акцыя па папярэджанні пажараў і гібелі людзей ад іх у жыллёвым фондзе.

Мэтай акцыі з’яўляецца зніжэнне колькасці пажараў у жылых будынках па прычыне невыканання грамадзянамі правіл пажарнай бяспекі, а таксама павышэнне інфармаванасці насельніцтва аб магчымасцях дзяржаўных арганізацый па аказанні паслуг, звязаных з бяспекай людзей.

У сувязі з гэтым нагадваем, што супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях даюць грамадзянам магчымасць правесці абследаванне супрацьпажарнага стану домаўладанняў і кватэр па заяўках. Абследаванне праводзіцца бясплатна. Падрабязную інфармацыю можна атрымаць па тэлефонах: 5-92-66, 5-92-98 або 101.

ЯК БУРАЦІНА ЎРОК ПРАГУЛЬВАЎ

Аднойчы вясеннім дзяньком вырашыў Бураціна прагуляць урок… урок АБЖ!

– Як мне надакучыла гэтая Мальвіна з яе вечнымі: «вучы», «памятай», «не парушай!» Можна падумаць, што я сам не ведаю, што мне можна, а чаго – нельга, – разважаў Бураціна, прагульваючыся па актавай зале раённага Цэнтра культуры.

Раптам наш герой заўважыў, што знаходзіцца ў зале не адзін – у гэты час сюды прыйшлі вучні школы № 2, каб сустрэцца з выратавальнікамі.

– Ой, рабяты! – узрадаваўся Бураціна. – Як здорава, што я вас сустрэў, а то аднаму гуляць неяк сумна. Я тут у Папы Карла ўкраў цікавую штучку… Хадзем са мной. Давайце паспаборнічаем, хто далей закіне запалку.

Але не на тых напаў – школьнікі адразу растлумачылі «прагульшчыку», што запалкі – гэта небяспечна. А тут яшчэ і работнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях сказалі сваё слова: прапанавалі паглядзець фільм «Паводзіны падчас пажару», з якога стала ясней яснага,  да чаго прыводзіць парушэнне правілаў бяспечных паводзін.

Затым накіраваліся ўсе ўдзельнікі сустрэчы ў фае на «Спартландыю бяспекі». Дзяўчынкі і хлопчыкі з радасцю прымяралі баявую амуніцыю выратавальнікаў-пажарных, выязджалі на «баявых машынах» да месца пажару, пераскоквалі праз перашкоды, тушылі «пажар». І старанні іх не былі дарэмныя: самі прыгадалі ўсё аб бяспецы, Бураціну навучылі, пабывалі пажарнымі і на памяць аб гэтым атрымалі кніжкі-«безопаски».

Вольга САЛЕЙ,інспектар раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях      



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *