Рупліўцы

Нумары Соцыум

image_pdfimage_print

УСЁ ДОБРАЕ Ў ЧАЛАВЕКУ – АД БОГА

У намінацыі «За ўклад у развіццё вёскі» ўзнагароду атрымала кіраўнік ААТ «Вялікі Двор» Вольга Луцык. 35 прадстаўніц з усіх рэгіёнаў Беларусі падняліся на святочную сцэну прыняць пашану ў, акрамя названай, наступных намінацыях: «За лідарства і паспяховае кіраўніцтва», «За выхаванне дзяцей і моладзі», «За ўклад у развіццё духоўнасці і культуры»,  «Паспяховы старт і надзея Беларускага саюза жанчын». Ва ўрачыстай цырымоніі ўшаноўвання пераможцаў рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года–2015» прынялі ўдзел старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Міхаіл Мясніковіч, міністр працы і сацыяльнай абароны Марыяна Шчоткіна, міністр інфармацыі Лілія Ананіч, міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў.  З удзячнасцю за актыўную грамадскую і вытворчую дзейнасць да жанчын звярнулася віцэ-прэм’ер, член Беларускага саюза жанчын Наталля Качанава.

У ліку ўзнагароджаных пасланніца Стаўбцоўшчыны, якую вылучыла раённая арганізацыя Беларускага саюза жанчын, выклікала вялікую пашану як прадстаўніца старэйшага пакалення, якая паказвае прыклад самаахвярнага служэння на сваім жыццёвым пасту. 44 гады Вольга Луцык нязменна ўзначальвае сельскагаспадарчае прадпрыемства «Вялікі Двор». Таварыства не адзін раз гучала як пераможца раённага, абласнога і рэспубліканскага спаборніцтваў, дэманструючы высокія вынікі ў развіцці раслінаводства і жывёлагадоўлі. Напорысты характар кіраўніка, сваё асабістае, выверанае і выпакутаванае дзесяцігоддзямі работы стаўленне і адносіны да развіцця сельскагаспадарчай галіны, уменне трымаць высокую дысцыпліну ў калектыве дазваляюць Вользе Луцык арганізаваць падначаленых на вырашэнне высокіх вытворчых задач. Гэтая грамадская ўзнагарода легла ў скарбонку дзяржаўных, якімі адзначаны старанні і поспехі заслужанага работніка сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь Вольгі Луцык – двух ордэнаў Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэна Знак Пашаны, ордэна Пашаны, медаля «За доблесную працу», медаля Беларускай Праваслаўнай Царквы прападобнай Ефрасінні Полацкай.

Мы змаглі павіншаваць Вольгу Аляксееўну з яе чарговай узнагародай толькі па тэлефоне. У кіраўніка ў гэтыя красавіцкія дні – пачатак пасяўной кампаніі. У працоўным жыцці Вольгі Аляксееўны, агранома па спецыяльнасці, – гэта 54-я пасяўная. Да выхаду на палеткі гатова ўсё: тэхніка, насенне, глеба, самі працаўнікі – іх настрой на гэтую святую справу таксама залог поспеху. Кожную важную сельскагаспадарчую кампанію хрысціянка Вольга Луцык пачынае толькі з благаславення Царквы. Угоддзі і ўся матэрыяльная база таварыства асвячаюцца малітвай і акрапляюцца святою вадою. Бог у дапамогу сейбітам!

За некалькі хвілін нашай тэлефоннай размовы Вольга Аляксееўна паспела падзяліцца тым важным, што вызначаецца яе хрысціянскім светапоглядам. Як Благадатны агонь нясе яна ў сваёй душы настаўленні, благаславенні сваёй бабулі. Яе жыццёвую мудрасць яна праверыла на практыцы, бабулінымі малітвамі асвечана яе жыццё. Вольга Аляксееўна мімаходам падзялілася тым, што легла ёй на душу. Пачынала яна сваю працоўную дзейнасць у час, калі прайшло 17 гадоў пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны. Жылі небагата, мірыліся з нястачай, аралі на конях, жалі сярпамі, малацілі ўручную, а настрой у людзей быў дружалюбны, радасны. А цяпер – усе выгоды цывілізацыі, людзі абаронены ад цяжкай ручной працы, і чаму такія азлобленыя, затраўленыя, нецярпімыя адзін да аднаго? Так і не скажаш, што жыць цяпер лягчэй. Развіццё цывілізацыі ў адмове ад Бажэственнага закона з’яўляецца той сілай, якая правакуе такія ўзаемаадносіны паміж людзьмі. Таму так важна для кожнага ўнутранае місіянерства прыняць максімум намаганняў для таго, каб не згубіць каштоўнасць, якую мы ўнаследавалі ад сваіх продкаў. Працоўнае і асабістае жыццё Вольгі Аляксееўны напоўнена радасцю ад усведамлення прысутнасці Бога, што і дае ёй на ўсё жыццёвыя сілы – фізічныя і душэўныя. Гэта падзвіжвае яе шукаць ва ўсім светлае, добрае і знаходзіць радасць, мінуты спакою, прымірэння з сабою, светам і Творцам.  А глеба няхай аддзячыць за старанні хлебаробам важкім коласам!

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

З НАЦЫЯНАЛЬНАЙ КУХНЯЙ

Аддзел грамадскага харчавання па выніках работы за мінулы год забяспечыў тэмп росту прадукцыі ўласнай вытворчасці на 111,5 працэнта, гэта вышэй чым сярэднеабласны (107 працэнтаў) і чым прагнозны (100,5). Дзякуючы чаму калектыў атрымаў такі важкі вынік? З такім пытаннем мы звярнуліся да начальніка аддзела грамадскага харчавання райспажыўтаварыства Жанны ГАЛАЎКО:

–       Мінулы вытворчы год быў неблагі для нашага калектыву, – расказвае Жанна Юр’еўна, – не толькі па вытворчасці ўласнай прадукцыі, але і па тэмпах росту тавараабароту наш паказчык вышэйшы, чым у сярэднім па вобласці. Садзейнічалі такому поспеху развіццё эфектыўных правераных формаў работы па арганізацыі грамадскага харчавання і адкрыццё новых аб’ектаў, укаранне новых паслуг. У новым фізкультурна-аздараўленчым комплексе адкрыта кафэ «Фокус». Мы імкнёмся прыцягнуць наведвальнікаў інтэр’ерам, выкананым у спартыўным стылі, здаровым харчаваннем і якасным абслугоўваннем. За тры месяцы работы кафэ ў кнігу заўваг і прапаноў унесена каля 30 падзячных водгукаў. Для нас гэта стымул удасканальваць работу кафэ.

Пастаянна пашыраецца асартымент страў піцэрыі «Ветразь» і іншых нашых аб’ектаў. Значна павялічыў асартымент прадукцыі і кандытарскі цэх. За 2015 год выпушчана больш за 56 тон кандытарскіх і здобна-булачных вырабаў. Закончаны рамонт фасада рэстарана «Нёман», што зрабіла будынак яркім і прыцягальным. На базе рэстарана працуе цэх паўфабрыкатаў, які ў мінулым годзе адправіў спажыўцам 90 тон прадукцыі на суму 4,5 мільярда рублёў.

–       Жанна Юр’еўна, новы вытворчы год ужо набраў абароты. Чым ён будзе адметны ў плане інавацый?

–       Плануем павялічыць вытворчасць прадукцыі  кулінарных вырабаў і паўфабрыкатаў шокавай замарозкі. Кандытарскі цэх, які ўзначальвае творчы і таленавіты майстар Ганна Шахнер, сур’ёзна заняты распрацоўкай новых відаў кандытарскіх вырабаў. Будзе ажыццяўляцца павелічэнне вытворчасці абедзеннай прадукцыі з правядзеннем тыдняў  страў нацыянальнай кухні краін бліжняга замежжа. Па-ранейшаму запатрабавана паслуга арганізацыі карпаратыўных вечарынак і іншых урачыстасцяў. Да дат календара будуць ладзіцца тэматычныя вечары. Да юбілею рэстарана «Нёман» у бягучым годзе плануем правесці вечар «Назад у 80-я».

Спецыфіка нашай работы ў тым, што мы не можам заставацца на месцы, павінны актыўна развіваць сэрвіс, паспяваць за часам. Гэты арыенцір і вызначае прыярытэты нашай работы. Такім прафесіяналам, як майстар-повар Таіса Танакова, павары Марына Дзям’янка, Наталля Туміловіч, калектыў кандытарскага цэха і нашы вопытныя і маладыя працаўнікі, па сіле гэтыя задачы, і мы чакаем ад іх ініцыятыўнай і плённай работы.

Святлана ЖЫБУЛЬ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *