Веснавы настрой

Нумары Соцыум

image_pdfimage_print

У сярэдзіне мінулага года ў Стаўбцоўскім доследным лясгасе стала працаваць новае структурнае падраздзяленне – лесапункт. Размяшчэнне яго ў лясной аддаленай вёсцы Пруды акрэслена эканамічнымі разлікамі – тут захавалася добрая вытворчая база з гаражамі для тэхнікі былога Прудскога лесацэха. На лесапункт ускладзена важная задача – спілоўванне, нарыхтоўка і вываз лесу. Для гэтага задзейнічана шматаперацыйная тэхніка, сучасныя машыны – харвестары і фарвардары, тралёвачны трактар, якім па сіле справіцца з самымі складанымі ляснымі ўчасткамі.

Вельмі адметны факт: укамплектаваны штат лесаўчастка мясцовымі людзьмі, якія пражываюць у Прудах, Кляцішчы, Налібаках – спрадвеку лясных пушчанскіх вёсках. Машыністы фарвардараў Уладзімір Дошчачка і Вячаслаў Фарботка, якіх вы бачыце на здымку, таксама жывуць у Налібаках. Лясная гаспадарка выдзеліла вопытным вадзіцелям новыя машыны і, што немалаважна, вызначыла вельмі зручны для сельскіх жыхароў рэжым работы. Яны працуюць па графіку: чатыры дні праз чатыры. Руплівыя сяльчане, якія трымаюць дома гаспадарку, маюць уласныя сядзібы, такія выхадныя сярод рабочага тыдня могуць скарыстаць як залаты час для прыкладання сваіх сіл па добраўпарадкаванні дамоў, доглядзе зямельных участкаў, саду, асабліва напрадвесні.

Перш чым сесці за фарвардары, Уладзімір Дошчачка і Вячаслаў Фарботка прайшлі навучанне ў вучэбным цэнтры ў Ждановічах. На давер кіраўніцтва лясгаса яны адказалі сваімі  адносінамі да тэхнікі, дысцыплінаванасцю, праяўленнем прафесіяналізму і адказнасці за вынік агульнай справы. Яны абслугоўваюць усе лясныя дзялянкі на тэрыторыі лясгаса па механізаванай нарыхтоўцы і вывазе драўніны. Для кіраўніцтва лясной гаспадаркі такія кадры – вялікі набытак. Як важна мець упэўненасць у людзях, якім можна давяраць, як самому сабе: фарвардары ў надзейных і ўмелых руках.

Для Вячаслава Фарботкі новае месца работы дарагое і тым, што тут у свой час, у лесапільным цэху, працаваў яго бацька Сцяпан Іосіфавіч, ветэран Стаўбцоўскага доследнага лясгаса. Так што лясная справа атрымала працяг у сямейнай дынастыі.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *