Расквітнее і бальнічны сад

Добраўпарадкаванне Нумары Факты, падзеi, людзi

image_pdfimage_print

У мінулую пятніцу прадстаўнікі ўсіх аддзяленняў цэнтральнай раённай бальніцы дружна выйшлі на пасадку бальнічнага саду. Гэтая ініцыятыва стала часткай вялікай праграмы па добраўпарадкаванні тэрыторыі, якая пачалася з заступленнем на пасаду новага галоўнага ўрача Святланы Глебка.

Узрост старога саду на бальнічнай тэрыторыі складаў 50 гадоў. Ён хварэў, дрэнна пладаносіў і выглядаў неэстэтычна. Са спонсарскай дапамогай мясцовых арганізацый і гаспадарак – прадпрыемства электрычных сетак, сельскагаспадарчых таварыстваў «Шашкі», «Вішнявецкі-агра» і іншых – тэрыторыя была расчышчана, завезены ўрадлівы грунт. У ініцыятыву ўклалі свае старанні і працаўнікі райбальніцы. Свае сяброўскія сувязі скарыстаў загадчык стаматалагічнага аддзялення Эдвард Станкевіч: на яго просьбу аб спонсарскай падтрымцы адгукнуўся кіраўнік фермерскай гаспадаркі «Мой сад» Уладзімір Шчэкала. Ён прывёз у дар бальніцы 100 саджанцаў пладовых дрэў – яблыні, грушы, вішні, чарэшні. Больш таго, у дзень пасадкі прыбыла спецыялізаваная тэхніка фермера, а таксама кваліфікаваны аграном  Анатоль Чыкун. Фермерская гаспадарка забяспечыла сад угнаеннямі, прафесійна правядзе ахову саджанцаў. Па настроі Уладзіміра Шчэкалы можна было зразумець, што фермер і надалей не пакіне патранат над бальнічным садам.

–       У нашага дабрачынца – «Мой сад», а ў нас будзе «Наш сад», – дзеліцца ўражаннямі галоўны ўрач Святлага Глебка. – Мы падрыхтавалі таблічку з такой назвай і ўстановім яе.  Я ўдзячная ўсім, хто падтрымаў ідэю пасадзіць новы бальнічны сад: і спонсарам, і дабрачынцам, і працаўнікам райбальніцы, маім калегам, якія дружна выходзілі на суботнікі па падрыхтоўцы тэрыторыі для пасадкі. Па вялікім рахунку, новы сад, які неўзабаве парадуе пышным цветам, спевам птушак, сочнымі апетытнымі пладамі, – набытак не толькі для райбальніцы, але і для ўсяго горада. Не толькі пацыентам, працаўнікам медыцынскай установы ён прынясе пазітыў, але і многім прахожым, якія змогуць любавацца яблыневым і вішнёвым цветам.

Паўдзельнічаць у пасадцы новага саду, парадавацца гэтай падзеі прыйшлі і ветэраны аховы здароўя, як Ганна Біруля. Яна цяпер працуе медыцынскай сястрой у Акінчыцкім дзіцячым садзе – пачатковай школе. А да гэтага каля 40 гадоў аддавала свой прафесіяналізм цэнтральнай раённай бальніцы – Трылескаму ФАПу і інфекцыйнаму аддзяленню, будынак якога абсаджаны садам. Ганна Аляксандраўна пасадзіла сваю яблыньку, як і іншыя медработнікі.

Паралельна акультурваюцца і іншыя ўчасткі бальнічнай тэрыторыі. У мінулым годзе распачата абсталяванне зоны адпачынку, пакладзена тратуарная плітка. Сёлета ў Негарэльскім лясгасе закуплены саджанцы бэзу, імі высаджана алея. Набыты ліхтары ў стылі пушкінскага часу, устанаўліваюцца лаўкі. Зона адпачынку рыхтуецца як для пацыентаў, наведвальнікаў бальніцы, так і для рэлаксацыі медработнікаў, якія таксама могуць адпачыць на свежым паветры ў абедзенны час.

З’явіцца яшчэ адна алея руж, закуплены саджанцы і іншых кветак, якія створаць багатую колеравую гаму на клумбах. Ініцыятывы гэтым не вычэрпваюцца.

Такімі стараннямі і творчасцю цэнтральная раённая бальніца набывае непаўторны воблік і асобую пазітыўную энергетыку.

Святлана ЖЫБУЛЬ

На здымках: кіраўнік фермерскай гаспадаркі «Мой сад» Уладзімір Шчэкала раздзяляе радасць з работнікамі цэнтральнай раённай бальніцы: загадчыкам стаматалагічнага аддзялення Эдвардам Станкевічам, галоўным урачом Святланай Глебка, намеснікам галоўнага ўрача Чаславай Уласік; дрэўца садзяць ветэраны райбальніцы Генадзь Сяліцкі і Ганна Біруля; калектыўная праца – за радасць.

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *