Якой быць сферы адукацыі?

Адукацыя Нумары

image_pdfimage_print

Прэзідэнт нашай краіны Аляксандр Лукашэнка правёў нараду па важных пытаннях развіцця нацыянальнай сістэмы адукацыі. Быў зроблены акцэнт на важнасці гэтай тэмы ў сучасных умовах. У апытанні нашай газеты мы прапанавалі педагогам і бацькам выказаць сваю думку па гэтым пытанні.

Леанарда КУТАС, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Шашкоўскай сярэдняй школы:

–       Мой педагагічны стаж складае 39 гадоў. За гэты перыяд былі розныя эксперыменты і формы рэфармавання адукацыйнай сістэмы. Што датычыць апошняй нарады з Прэзідэнтам краіны, то мяркуемых змен школа даўно чакала. Яны пойдуць на карысць і вучням, і настаўнікам. У першую чаргу хачу адзначыць базавае і профільнае навучанне. Гэта дасць магчымасць вучням зрабіць выбар па сваіх здольнасцях:  вывучаць прадметы на павышаным узроўні ці рыхтаваць сябе да рабочых прафесій, якія так запатрабаваны ў нашай краіне. Па спецыяльнасці я – матэматык. Чакаю, што профільнае навучанне павялічыць у вучэбнай праграме колькасць гадзін матэматыкі і фізікі, гэта так неабходна для належнага засваення названых сур’ёзных вучэбных прадметаў.

 

 Дзмітрый КЛІМОВІЧ, дырэктар гімназіі № 1 г. Стоўбцы:

–       Нарада, праведзеная Прэзідэнтам, актуальная і вельмі своечасовая, таму што адукацыя – першааснова развіцця эканомікі. Пытанні, якія падымалі на такім высокім узроўні, звернуты ў будучыню, важныя для ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу – як для бацькоў, педагогаў, так і для саміх навучэнцаў. Вельмі важна, што Прэзідэнт патрабаваў не перагружаць дзяцей, па вялікім рахунку – гэта здароўе нацыі. Перагляд падручнікаў таксама, на мой погляд, актуальнае пытанне. За няпоўныя 20 гадоў, што я працую ў сферы адукацыі, выдавалася вялікая колькасць падручнікаў. Яны напісаны не той даступнай мовай, як хацелася б для дзяцей, асабліва для пачатковай школы. З надзеяй чакаем, што будуць новыя падручнікі і памяняецца фармат навучання.

 

 

Алена ПРЫХОЖКА, маці дваіх школьнікаў:

– У нашай сям’і дачка шасцікласніца і сын другакласнік, так што мы маем не адзін год вопыту навучання. Гэты працэс у роўнай ступені датычыць не толькі дзяцей, але і бацькоў. Праграма настолькі складаная, усё закручана так, што трэба пасядзець, каб рашыць задачку ў пачатковай школе. А потым толькі разабраць яе разам з дзіцем. Навучанне ператвараецца ў катаргу, а не становіцца радасцю, як павінна быць. Успамінаю свае школьныя гады, усё было прасцей, і ніхто неадукаваным не застаўся, сельскія школы кандыдатаў навук выхавалі. Таму мы з вялікай удзячнасцю кіраўніку краіны і з надзеяй успрынялі паведамленне, што прымаюцца меры аб спрашчэнні школьнай праграмы. Можа і падручнікаў стане менш, а то дзіця не можа данесці да школы ранец. Бацькам даводзіцца сур’ёзна задумвацца, як захаваць здароўе дзяцей пры такіх нагрузках.

 

 

 Андрэй ТАМІЛІН, настаўнік інфарматыкі СШ № 2:

–       У сістэме адукацыі я не навічок, мой стаж работы складае 25 гадоў. За гэты час давялося практыкаваць розныя змяненні, эксперыменты ў вучэбным працэсе. Падтрымліваю тое, што вяртаемся да профільнага навучання. Пэўна ж, яно будзе на новым узроўні, магчыма, з новымі падручнікамі і метадычнымі рэкамендацыямі. Міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў патлумачыў, што галоўнай задачай такой адукацыі з’яўляецца падрыхтоўка вучняў старэйшых класаў для паступлення ў ВНУ. Актуальна стаіць пытанне ўдаскалелення падручнікаў. Калі па інфарматыцы падручнікі прымальныя, то ў адносінах да матэматыкі і фізікі параграфы перагружаныя, часу для замацавання матэрыялу не застаецца. Бывае, згублена лагічная і міжпрадметная сувязь, што выклікае патрэбу ў дадтковых тлумачэннях вучням.

 

 

Алена САНЬКО, настаўніца фізікі і астраноміі Залужскага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад – сярэдняя школа:

–       Я з інтарэсам пазнаёмілася з матэрыяламі нарады, праведзенай Прэзідэнтам. Безумоўна, мне неабыякава, якой будзе сфера адукацыі, таму што ўсё маё працоўнае жыццё наперадзе, я малады педагог. Звярнула ўвагу на тыя моманты, дзе ідзе размова аб мэтазгоднасці скарачэння дакументаабароту, неўласцівых функцый у рабоце настаўніка. У мяне класнае кіраўніцтва ў пятым класе. Шмат часу займае розная справаздачнасць. Гэты час можна было б скарыстаць на жывую работу з дзецьмі, якія вельмі рэагуюць на цікавыя формы правядзення мерапрыемстваў, адказваюць на іх сваімі ініцыятывамі і творчасцю. Я – учарашняя студэнтка, нядаўняя вучаніца агульнаадукацыйнай школы, таму з асабістага вопыту ведаю школьныя нагрузкі. Яны сапраўды павінны быць разумнымі.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *