Для новага ўраджаю

Нумары Сельская гаспадарка

image_pdfimage_print

КРУГЛАСУТАЧНАЯ РАБОТАПА НАПРАЦАВАНАЙ СІСТЭМЕ

Летась хлебаробы ААТ «Вішнявецкі-агра» намалацілі 10 271 тону збожжа ў бункернай вазе пры ўраджайнасці 43,7 цэнтнера з гектара. Аднак мясцовым працаўнікам па сіле атрымліваць вышэйшыя паказчыкі. Ёсць магчымасць ушчыльную наблізіцца да пяцідзесяціцэнтнернага рубяжу і ў бліжэйшым будучым нават яго пакарыць. Дзеля гэтага ў гаспадарцы сёлета прыкладаюцца ўсе намаганні. Рыхтуецца глеба, уносяцца мінеральныя тукі і арганіка. Набыта насенне новых перспектыўных сартоў. Праяўляюць старанне людзі, якія працуюць на вынік адным згуртаваным калектывам.

На мінулым тыдні асноўны ўпор быў зроблены на такую тэхналагічную аперацыю, як закрыццё вільгаці.

– Мінулагодняе сухое лета паказала, што недастаковая колькасць вільгаці ў глебе даволі моцна ўплывае на ўраджайнасць, – расказвае галоўны аграном таварыства Мікалай Клаўшун, з якім сустрэліся на полі. – Пара ў прамым сэнсе гарачая. Сёлета на гэтай рабоце задзейнічалі ўсю наяўную тэхніку – культыватары і дыскатар. Аказвае нам дапамогу культыватарам і райаграсэрвіс.

Работа гэтая арганізавана кругласутачна. Прычым абыходзяцца сваімі сіламі, бо работнікаў дастаткова. На кожным энерганасычаным трактары шчыруе акрамя яго гаспадара і работнік, які пастаянна працуе на лягчэйшым трактары, аўтобусе або аўтамашыне. Мікалай Мікалаевіч падкрэслівае, што сістэма кругласутачнай работы ў таварыстве напрацавана даўно. Вылучаюцца на гэтай аперацыі браты Аляксандр і Мікалай Самахвалы.

На дзень наведвання гаспадаркі хлебаробы сеялі ячмень за вёскай Мархачоўшчына. Для вопытнага спецыяліста Вячаслава Ермаковіча, які гаспадарыць на гэтай зямлі, сёлетняя пасяўная 36-я ў працоўнай біяграфіі.

– Выйшлі сёлета ў поле раней, бо надвор’е дазваляе. Працуем, стараемся, каб укласціся ў аптымальныя тэрміны і атрымаць высокі ўраджай збожжавых, – гаворыць Вячаслаў Пятровіч. – І дзеля гэтага ў нас ўсё ёсць: тэхніка, паліва, насенне, мінеральныя ўгнаенні.

На ўзгорку паказаўся трактар, побач з якім па дарозе «пыліў» загрузчык насення. За рулём энерганасычанага «Беларус-3022» Віталій Шода – адзін з лепшых механізатараў. Дбайны працаўнік на працягу чатырнаццаці гадоў задзейнічаны на пасяўной. Выконвае ён даручаную работу якасна, таму менавіта яму штогод кіраўніцтва давярае гэтую адказную аперацыю, бо ведае, што Віталій не падвядзе. У сеяльшчыка самая напружаная работа не спадзе на працягу двух тыдняў. За гэты час ён пастараецца засеяць як мага больш адведзеных пад раннія яравыя збожжавыя плошчаў. За змену Віталій Шода «асвойвае» да 50 гектараў, а ўсяго адведзена 730 гектараў.

– У гэтым годзе план сяўбы яравых культур зменшыўся больш як на 400 гектараў, бо летась многа пасеялі шматгадовых траў, якія зараз займаюць у структуры ворыва 720 гектараў, – працягвае гаворку галоўны аграном. – У прыватнасці, высявалі люцэрну, баркун, бабова-злакавыя сумесі: канюшыну лугавую з фестулоліумам, фестулоліум у чыстым выглядзе. І работу гэтую працягваем. Перазалужаем пашу, пасеялі 120 гектараў канюшыны ў чыстым выглядзе. Падсяваем травасумесі. Такім чынам, у гаспадарцы на бліжэйшыя гады закладзена трывалая кармавая база для жывёлагадоўчай галіны. Пастаўленую кіраўніцтвам задачу – павялічыць колькасць травяных кармоў – выконваем. Павысяцца надоі малака – палепшыцца фінансавы стан гаспадаркі.

На сяўбе ранніх яравых збожжавых у таварыстве задзейнічаны два пасяўныя агрэгаты. Да 15 красавіка з гэтай работай мяркуюць справіцца і пачаргова прыступіць да сяўбы цукровых буракоў, кукурузы, бульбы.

Адначасова ўдзяляецца ўвага азімым збожжавым і рапсу, гэтыя культуры  падкормлены азотам. Пад шматгадовыя травы і пашы ўнесены калійныя ўгнаенні. У комплексе выконваюцца і іншыя неадкладныя палявыя работы.

На здымках: галоўны аграном Мікалай Клаўшун (на левым верхнім здымку справа) абмяркоўвае ход палявых работ з начальнікам участка Вячаславам Ермаковічам; перадавы механізатар Віталій Шода; у бункер сеялкі загружаецца насенне; вопытны вадзіцель Анатолій Атрушкевіч.

 

ВАЖНАЯ ПРАФЕСІЯ

У зале пасяджэнняў райвыканкама адбылася сустрэча старшыні райвыканкама Юрыя Горлава з тэхнікамі-асемянатарамі сельгаспрадпрыемстваў раёна. На мерапрыемства запрасілі таксама заатэхнікаў-селекцыянераў гаспадарак.

У сваёй прамове старшыня райвыканкама чарговы раз падкрэсліў, што тэхнік-асемянатар па значнасці выканай ім работы стаіць у рангу другім пасля дырэктара. Менавіта таму такія спецыялісты павінны атрымліваць дастойную заработную плату. І варта адзначыць, што кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў аб гэтым паклапаціліся. Юрый Мікалаевіч пагутарыў практычна з кожным тэхнікам-асемянатарам і акрэсліў задачы, якія стаяць перад спецыялістамі сёлета. Дырэктар райплемстанцыі Людміла Курыльчык падвяла вынікі ўзнаўленчай работы за мінулы год. Сакрэтамі сваёй прафесіі падзялілася з калегамі адна з лепшых яе прадстаўніц Аксана Галавач з ААТ «Каганец».

 

ПЕРАВАГА – БАБОВЫМ ТРАВАМ

Сёлета збожжавых культур у гаспадарках раёна будзе пасеяна на дзве тысячы гектараў менш, чым летась. Гэта выклікана высокім сабекоштам іх вытворчасці. У якасці кармоў для жывёлы намнога эканамічней выкарыстоўваць травы, што дазваляе зрабіць таннейшай жывёлагадоўчую прадукцыю –  малако і мяса. Менавіта для вырошчвання зялёных кармоў і адводзіцца вызваленая плошча. На адну тысячу гектараў больш пасеюць аграрыі кукурузы. У кожным сельгаставарыстве, менавіта ў структуры ворыва, бабовыя травы і прапашныя культуры павінны мець адпаведную прапорцыю: траў неабходна высяваць на палову больш. Такія суадносіны поўнасцю вытрымліваюцца ў ААТ «Жацерава», дзе апошнія гады ўшчыльную займаюцца вырошчваннем розных відаў пажыўных траў для нарыхтоўкі багатага бялком корму. 

 

ПЕРАНЯЛІ ВОПЫТ

У ПДСУП «Профі-Аграцэнтр» скарысталі вопыт вырошчвання кармавога бобу Баранавіцкай птушкафабрыкай і ўпершыню ў раёне засеялі 40 гектараў сортам «стралецкія» расійскай селекцыі. Гэтая культура патрабуе ўрадлівых земляў, таму папярэдне падабралі адпаведны ўчастак, унеслі мінеральныя ўгнаенні па патрэбнасці. Пасеяў боб механізатар Сяргей Трацякоў, які працуе на трактары «Чэленджар» у счэпе з камбінаваным пасяўным агрэгатам. 

– Увесь атрыманы ўраджай засыплем на насенне, каб у наступным годзе павялічыць плошчу пад гэтай высокабялковай культурай, – расказвае намеснік дырэктара прыватнага прадпрыемства Ігар Баброў. – Кармавы боб – танны бялок. Ён утрымлівае да 35 працэнтаў засваяльнага пратэіну і ў паўтара раза больш амінакіслот, чым гарох і віка. У далейшым насенне будзем выкарыстоўваць як адзін з кампанентаў для вытворчасці камбікармоў.

Дарэчы, на прадпрыемстве сёлета пасеюць 200 гектараў гароху, што ў тры разы больш, чым летась.

 

КАНТРОЛЬ ВЯДЗЕЦЦА

 Мабільнай групай райсельгасхарчу праведзена праверка прытрымлівання работнікамі і спецыялістамі гаспадарак раёна бяспечных умоў працы падчас правядзення веснавых палявых работ. У прыватнасці, асаблівая ўвага ўдзялялася  арганізацыі перадрэйсавага кантролю вадзіцеляў і механізатараў перад выездам на працу і па яе заканчэнні з прымяненнем прыбора «Алкатэст». Кантроль наладжаны. Адзначана, што ў ААТ «Вялікі Двор» і «Агранёманскі» такія праверкі праводзяцца выбарачна і на працягу дня.

Адначасова правяралася работа сталовых. Выяўленыя раней недахопы ў асноўным выпраўлены, ва ўсіх гаспадарках для занятых на палявых работах арганізавана гарачае харчаванне.

 

ПАДКАЖА АНАЛІЗАТАР

Кіраўніцтвам СГФ «Аталезь-агра» ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс» набыты ў сакавіку аналізатар малака «Эканомік Скан» замежнай вытворчасці. Прыбор просты ў рабоце і прызначаны для хуткага кантролю саматычных клетак у малацэ. Рэгулярны аналіз малака – асноўная частка працэсу па выяўленні, папярэджанні і лячэнні мастытаў у кароў. Выкарыстанне такога прыбора дазволіць павялічыць якасць прадукцыі.

Надзея БАТАЛКА

Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *