Ветэранскія пярвічкі выконваюць агульнадзяржаўныя задачы

Нумары Соцыум

image_pdfimage_print

Прайшла VІІІ раённая справаздачна-выбарная канферэнцыя ветэранаў, якая чарговы раз засведчыла: ветэранская арганізацыя – актыўнае і дзейснае грамадскае аб’яднанне Стаўбцоўшчыны.

Напярэдадні на многіх прадпрыемствах і ў арганізацыях былі ўтвораны новыя пярвічкі. На чале іх абраны дастойныя людзі, актыўныя сваёй жыццёвай пазіцыяй і нават унікальныя, мяркуючы па тым, чым вызначыліся. Часцінка працы нашых ветэранаў, іх уклад у традыцыі раёна і асобных працоўных калектываў міжволі адчуваліся з экрана, у прадэманстраваным удзельнікам канферэнцыі відэафільме пра сучасныя дасягненні Стаўбцоўшчыны.       

Некаторыя з гэтых людзей былі пайменна названы з трыбуны канферэнцыі. Уладзімір Шчарбацэвіч, Мечыслаў Сахар, Іосіф Жаўнерчык, Франц Дзям’янка, Людміла Чурылава, Мар’ян Карніцкі, Вера Котава, Іван Паляшчук, Рэм Голубеў… З падборам кандадытур старшыняў новых пярвічных ветэранскіх арганізацый аказалі істотную дапамогу сельвыканкамы. У выніку, гэтыя пярвічкі літаральна з першага дня ўключыліся ў працу.

Рады дэлегатаў гэтай справаздачна-выбарнай канферэнцыі, на якой падводзілі вынікі дзейнасці за апошнія пяць гадоў, упрыгожылі Герой Сацыялістычнай Працы Зінаіда Ярашэвіч, маці-гераіня Надзея Скачко, воіны-інтэрнацыяналісты і, безумоўна, інваліды і ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, якіх прадставілі Ганна Андрэеўна Клімаш, Сямён Мікалаевіч Стома.  На іх прыкладзе відаць, што ветэраны і ветэранскія пярвічкі прымаюць актыўны ўдзел у палітычным, эканамічным і культурным жыцці раёна, ва ўвекавечанні памяці герояў вайны. Усім нам яны паказваюць прыклад сумленнасці і грамадзянскасці, павагі да людзей і Радзімы. На канферэнцыі, дарэчы, шаноўны Сямён Стома, якога летась ветэранская арганізацыя віншавала з 90-годдзем, папрасіў слова. Яму, чалавеку, які працяглы час узначальваў ветэранскую  арганізацыю Старасвержанскага сельсавета, быў членам прэзідыума раённай ветэранскай арганізацыі, сапраўды ёсць чым падзяліцца з калегамі. У раёне сёння засталося няшмат ветэранаў вайны – 44 чалавекі,  27 з іх пражываюць у сельскай мясцовасці, усе – у шаноўным узросце, таму важна наша да іх увага, паўсядзённы клопат.

Акцэнт на канкрэтныя меры, прынятыя з мэтай сацыяльнай абароны ветэранаў і пажылых людзей, паляпшэння іх жыллёвых умоў, гандлёвага, медыцынскага і іншых відаў абслугоўвання, быў зроблены ў дакладзе старшыні раённай ветэранскай арганізацыі Іосіфа Язвінскага. Многія з надзённых пытанняў удаецца вырашаць у супрацоўніцтве з раённым выканаўчым камітэтам, прафсаюзнымі камітэтамі (удзел у канферэнцыі брала старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Галіна Шапецька), тэрытарыяльным цэнтрам, грамадскімі арганізацыямі. Пры гэтым важна не ўпусціць і такі дзейсны рэсурс, як калектыўныя дагаворы прадпрыемстваў. Неабходна дабівацца ўключэння ў іх мерапрыемстваў па сацыяльнай абароне ветэранаў працы. 

Як падкрэсліў Іосіф Язвінскі, немалаважную ролю іграюць ініцыятыўнасць і настойлівасць прэзідыума раённай ветэранскай арганізацыі. Яго члены не пакідаюць без увагі хворых таварышаў у бальніцы, прыходзяць з віншаваннямі да юбіляраў, удзельнічаюць у рытуальных мерапрыемствах. Дзякуючы спонсарскай падтрымцы сялянскай фермерскай гаспадаркі «Сула» ветэранаў забяспечваюць на зіму бясплатнай бульбай. І гэта – надзвычай адметны факт сацыяльнай адказнасці, за што, уласна кажучы, кіраўнік гаспадаркі Уладзімір Радзевіч быў адзначаны падзякай Мінскага абласнога савета ветэранаў. Акрамя таго, спонсарскую дапамогу ветэранам аказвалі магазін «Дабраном», «Аграмашзапчастка» і інш. Найбольш актыўна займаюцца праблемамі сваіх ветэранаў пярвічкі Навасвержанскага сельвыканкама, ЦБП ААБ «Беларусбанк», райаддзела міліцыі, электрасетак, раённай арганізацыі ветэранаў вайны ў Афганістане, цэнтральнай раённай бальніцы. Прагучала прапанова: для стымулявання іншых мэтазгодна праводзіць штогадовы агляд-конкурс на лепшую пярвічную арганізацыю. Просьба прагучала да старшыняў сельвыканкамаў: дайсці ў аддаленыя вёскі да кожнага ветэрана, асабліва да тых, хто пражывае адзін, даведацца пра яго праблемы.

Да гэтага года на ажыццяўленне статутнай дзейнасці арганізацыі  выдзялялі бюджэтнае фінансаванне. Са справаздачай аб фінансавай дзейнасці выступіла член рэвізійнай камісіі Станіслава Кузьма. У абмеркаванні даклада прынялі ўдзел намеснік старшыні раённай ветэранскай арганізацыі Аляксей Палянскі, старшыня раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» Рыгор Мамайка, старшыня раённага камітэта КПБ Ніна Дубовік. У выніку галасавання работа раённай ветэранскай арганізацыі прызнана здавальняючай. На першым арганізацыйным пленуме ў выніку галасавання Іосіф Язвінскі быў пераабраны старшынёй на новы тэрмін.

Намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Шэсцель ад раённага выканаўчага камітэта ўручыў падзякі за шматгадовую працу ў ветэранскай арганізацыі Уладзіміру Пашковічу, Аляксею Палянскаму, Іосіфу Язвінскаму, Сямёну Стому, Дзмітрыю Байчуку. Пры падвядзенні вынікаў канферэнцыі ён зазначыў:

– Савет ветэранаў і пярвічныя арганізацыі праводзяць вялікую работу для выканання агульнадзяржаўных задач, бяруць актыўны ўдзел у важных палітычных падзеях, якімі з’яўляюцца выбары Прэзідэнта, дэпутатаў краіны. Знойдзены формы ўзаемадзеяння ветэранаў і моладзі, што садзейнічае патрыятычнаму выхаванню падрастаючага пакалення. У раёне зарэгістравана 75 памятных месцаў, на добраўпарадкаванне якіх выдаткаваны сродкі з мясцовага бюджэту, былі прыцягнуты спонсарскія сродкі. Яшчэ два воінскія захаванні прыняты на ўлік. Агульнымі намаганнямі яны прыводзяцца ў парадак.

Сяргей Шэсцель адказаў на вострыя пытанні, якія паступілі з залы.         

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

ПРАЦАТЭРАПІЯ

Цэнтральная раённая бальніца лічыцца адной з лепшых арганізацый раёна ў правядзенні работы з абавязанымі асобамі.

У калектыве ЦРБ на даны момант працуюць чацвёра бацькоў, прызнаных згодна з Дэкрэтам № 18 абавязанымі асобамі. З гэтымі людзьмі праводзіцца канкрэтная работа па іх перавыхаванні. Як сведчанне таму – у мінулым годзе дзве матулі аднавіліся ў бацькоўскіх правах. 

– Дзеці знаходзіліся на дзяржаўным забеспячэнні і былі вернуты ў сям’ю. Каб падтрымаць гэтыя сем’і, аддзел адукацыі, спорту і турызму звярнуўся ў суд раёна аб спісанні з бацькоў запазычанасці,  – адзначае намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Наталля Хвасько.

У бальніцы абавязаныя асобы працуюць пераважна па такіх спецыяльнасцях, як санітарка, прыбіральшчыца і т. п. Усе яны спраўна выходзяць на працу, а любы нявыхад тут жа становіцца сігналам для выезду рабочай мабільнай групы, створанай наймальнікам для вышуку і дастаўкі абавязаных асоб на працоўнае месца. Група працуе не фармальна, а эфектыўна. Больш таго, медыкі заўсёды гатовы аказаць кожнай з абавязаных асоб прафесійную дапамогу ў выглядзе кансультацыі і лячэння ад алкагольнай залежнасці. Абавязаныя асобы ў выпадку добрасумленных адносін да сваіх абавязкаў маюць магчымасць зарабіць вышэйшую зарплату: іх пераводзяць на больш аплатную работу, забяспечваюць дадатковай нагрузкай і т. п.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *