Спартыўныя таленты

Моладзь Стаўбцоўшчыны Нумары Спорт

НА ПРЫЗЫ МАЙСТРА

Аляксандр Карніцкі. Імя гэтае на слыху ў аматараў футбола рэспублікі. Выступаць за каманду Барысаўскага БАТЭ, якая ўжо амаль дзесяцігоддзе не саступае ніякаму калектыву права называцца мацнейшым у Беларусі, добра вядомая і Еўропе, – гэта давераць толькі самым майстравітым. Пачатак новага футбольнага сезона пацвердзіў баяздольнасць Аляксандра. У першым матчы першынства Беларусі-2016 дзякуючы і яго намаганням БАТЭ атрымала перамогу над брэсцкім «Дынама» з лікам 4:1. Цікава, што браты Карніцкія, паўабаронцы, абодва з нумарам сем на футболках, апынуліся, так бы мовіць, на супрацьлеглых баках барыкад. Аляксандр выступаў у форме БАТЭ, Валерый – за «Дынама». Здольныя хлопцы, якімі можа ганарыцца спартыўная Стаўбцоўшчына.

А на выхадныя Аляксандр Карніцкі змог прыехаць на радзіму. У Дзераўной праводзіўся турнір па міні-футболе. І акурат на прызы майстра спорту міжнароднага класа іграка футбольнага клуба БАТЭ Аляксандра Карніцкага.

У зале фізкультурна-аздараўленчага комплексу «Меліяратар» сабраліся каманды юнакоў 2000-2001 гадоў нараджэння са Стоўбцаў, Дзераўной, Шашкоў, а таксама з райцэнтра Валожын і аграгарадка Сноў Нясвіжскага раёна. Тон задалі гаспадары пляцоўкі. Юныя футбалісты Дзераўной з буйным лікам адолелі сапернікаў са Стоўбцаў – 5:1. Яшчэ большай была іх перавага ў матчы з шашкоўскімі рабятамі – 6:0. У напружанай барацьбе дзераўнянцы ўзялі верх над камандай Валожына – 5:4. І толькі ў матчы з гасцямі са Снова ўступілі – 2:3. У выніку яны набралі 9 ачкоў. Столькі ж стала і ў стаўбчан, на рахунку якіх адзначаны перамогі над камандамі са Снова, Шашкоў і Валожына з лікам адпаведна 3:1, 4:1 і 5:1. Дзякуючы перамозе над стаўбчанамі першае месца ў турніры заняў калектыў Дзераўной, на другім – каманда Стоўбцаў, на трэцім – Снова. Спецыялісты ацанілі ўменне юных футбалістаў. Лепшым варатаром турніру прызнаны Сяргей Болсун (каманда а. г. Шашкі), самы выніковы бамбардзір – Ігар Рудзянок (г. Стоўбцы). А ўвогуле лепшым іграком спаборніцтваў названы Ілья Супрановіч з каманды аграгарадка Дзераўная. Вызначаны і лепшыя ігракі камандаў. Гэта Аляксандр Ломаць (Валожын), Ігар Рослік (Шашкі), Яўген Вайткевіч (Дзераўная), Павел Бычкевіч (Стоўбцы).

Момант узнагароджання стаў сапраўды ўрачыстым. Усе ўдзельнікі турніру атрымалі памятныя падарункі, лепшыя ігракі – майкі каманды БАТЭ з аўтографамі футбалістаў асноўнага саставу. Трафеі прызёраў – памятныя медалі і камандныя кубкі.

Асаблівыя словы ўдзячнасці аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама выказвае арганізатару спаборніцтваў Аляксандру Карніцкаму за папулярызацыю відовішчнага віда спорту, за падтрымку і развіццё дзіцяча-юнацкага футбола.

І вельмі добра, калі юныя будуць раўняцца на майстроў футбола, пераймаць у іх і тэхнічнае ўменне, і настойлівае імкненне аддаваць сябе любімай справе.

 

СЕЗОН ПАЧЫНАЕ «ЮНАЦТВА»

Стаўбчане гэтымі днямі не могуць не прыпыніцца каля стадыёна «Юнацтва». «Хто гуляе? Які лік?» – як не спытаць, назіраючы за дзеяннямі  футбалістаў на зялёным газоне. Пра назвы камандаў можна даведацца па эмблемах ці подпісах на футболках ігракоў. «Мінск», «Слуцк», «Гарадзея» – футбольныя клубы, якія выступаюць у вышэйшай лізе першынства рэспублікі. Праўда, не асноўныя іх саставы прыехалі ў Стоўбцы, пераважна члены юнацкіх калектываў. І не афіцыйныя пакуль гульні, проста трэніроўкі. Былі заўважаны ў нас і юнацкія футбалісты з Санкт-Пецярбурга. Патрэніраваліся, азнаёміліся са знакамітымі мясцінамі Стаўбцоўшчыны.

Аматары футбола ўсё ж у чаканні ўдзелу ў спаборніцтвах нашых футбалістаў. Яшчэ не вырашана, у першынстве рэспублікі ці вобласці прыме ўдзел «Нёман-Агра», але каманда рыхтуецца з поўнай аддачай.

Прыхільнікі каманды спадзяюцца, што наш футбольны калектыў парадуе прыгожай, а галоўнае – пераможнай гульнёй.

Ф. ФЯДОТАЎ

 

У  «ВІКТОРЫІ» –ТОЛЬКІ ПЕРАМОГІ

На базе  дзяржаўнай установы адукацыі «Сярэдняя школа  № 4 горада Нясвіжа»  прайшоў абласны этап рэспубліканскага турніру па піянерболе «Гуляй і выйгравай» на прыз газеты «Пераходны ўзрост».

У турніры прымалі ўдзел лепшыя каманды Мінскай вобласці са Стаўбцоўскага, Салігорскага, Чэрвеньскага, Мінскага, Нясвіжскага раёнаў. Каманды змагаліся дастойна. Барацьба ішла за кожны мяч. Усе ўдзельнікі паказалі высокі ўзровень фізічнай падрыхтоўкі, смеласць, спрыт, сілу. Ва ўпартай барацьбе перамогу атрымала каманда «Вікторыя» дзяржаўнай установы адукацыі «Любкаўшчынскі вучэбна- педагагічны комплекс дзіцячы сад – сярэдняя школа», якая прадстаўляла Стаўбцоўскі раён. Капітанам каманды выступіў вучань 8 класа Дмітрый Біёнчык. Падрыхтаваў каманду да турніру настаўнік фізічнай культуры і здароўя Міхаіл Мамайка.

Права прадстаўляць наш раён на абласным турніры каманда атрымала заслужана. Абласным спаборніцтвам папярэднічалі занальны тур абласнога турніру, які праходзіў у горадзе Дзяржынску, і раённыя спаборніцтвы па піянерболе, дзе каманда таксама атрымала перамогу.

А днямі прыйшла прыемная вестка з Гомеля: «Вікторыя» з Любкаўшчыны стала пераможцай рэспубліканскага турніру па піянерболе. Віншуем! Няхай «вікторыя» – перамога, спадарожнічае членам аднайменнай каманды.

Асаблівую сілу камандзе надае тое, што вучні добра ведаюць адзін аднаго, таму што вучацца ў невялікім школьным калектыве. Удзел у такіх спаборніцтвах робіць іх больш згуртаванымі ў паўсядзённых справах. Атрымаўшы такую важную агульную перамогу, дзеці больш цэняць сяброўства, сілу калектыву, камандны дух.

Ірына МАМАЙКА,намеснік дырэктарапа асноўнай дзейнасці



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *