Сямён ШАПІРА: «Патэнцыял Мінскай вобласці дазваляе вырашаць сур’ёзныя задачы»

Нумары Улада. Слова. Справа

image_pdfimage_print

На мінулым тыдні ў горадзе Барысаве адбылася выязная прэс-канферэнцыя старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта для рэспубліканскіх, абласных і рэгіянальных СМІ.

ПРЭС-КАНФЕРЭНЦЫЯ

Барысаўскі раён з адміністрацыйным цэнтрам Барысавам знаходзіцца ў Мінскай вобласці. Плошча раёна складае 2 987 км кв., насельніцтва – 183 010 чалавек. Барысаў размешчаны на два бакі ракі Бярэзіны, за 70 км ад Мінска. Сам Барысаў успамінаецца ў беларуска-літоўскіх летапісах у 1102 годзе.

Знаёмства журналістаў рэспубліканскіх, абласнога і рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі з горадам Барысавам і Барысаўскім раёнам пачалося з дзяржаўнай спартыўнай установы «Барысаў-Арэна». Гэта сучасны, шматфункцыянальны футбольны стадыён, пабудаваны па ўзоры стадыёна ў горадзе Марыборы (Славенія). Ён адпавядае патрабаванням 4-й катэгорыі УЕФА і дазваляе праводзіць не толькі спартыўныя спаборніцтвы, але і дзяржаўныя і грамадска значныя праграмы і мерапрыемствы, канцэрты і г. д. Установа мае дзіцячы гульнявы цэнтр, трэнажорную залу, фітнес-залы, магазін футбольнай атрыбутыкі, канферэнц-залу з барам. Распрацавана «лінейка» абанементаў, дзе прадугледжана сістэма скідак. Стадыён заняў сёмае месца сярод лепшых стадыёнаў свету, пабудаваных у 2014 годзе.

Затым журналісты наведалі і пазнаёміліся з работай замежнага таварыства з абмежаванай адказнасцю «СВУДС экспарт» (дрэваапрацоўчая вытворчасць і выпуск мэблі), ТАТ «МАГОЛ» (вытворчасць металічнай крышкі тыпу «твіст-оф», лакіраванне і літаграфія ліставой бляхі), кацельны цэх № 3 Жодзінскай ТЭЦ у г. Барысаве (Барысаўская ТЭЦ), сумеснае закрытае акцыянернае таварыства «БЕЛДЖЫ» (беларуска-кітайскае прадпрыемства па выпуску легкавых аўтамабіляў маркі Geely), ААТ «Барысаўжылбуд».

У гэты дзень у Барысаве адбылося вельмі значнае мерапрыемства: адкрыццё ДУА «Яслі-сад № 50 г. Барысава» з назвай «Цветик-семицветик». У цырымоніі адкрыцця бралі ўдзел старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Сямён Шапіра, намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Віктар Гумінскі, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Сяргей Ладышаў, начальнік аддзела адукацыі і выхавання аблвыканкама Галіна Казак і іншыя. Установа прыняла сваіх маленькіх выхаванцаў новымі сенсорным пакоем, музычнай, спартыўнай і трэнажорнай заламі, басейнам, lego-SMART-цэнтрам. На тэрыторыі абсталяваны сучасныя гульнявыя і спартыўная пляцоўкі. Функцыянуюць групы кароткачасовага прабывання. Гэта першая дзіцячая дашкольная ўстанова адукацыі, уведзеная ў строй у Мінскай вобласці ў 2016 годзе.

Падводзячы вынік знаёмства з Барысавам, журналістаў запрасіў на прэс-канферэнцыю старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Сямён Шапіра.

МІНШЧЫНА ЛІДЗІРУЕ

Адкрываючы прэс-канферэнцыю, Сямён Барысавіч засяродзіў увагу журналістаў на некаторых аспектах развіцця Мінскай вобласці. «Ставіць сур’ёзныя задачы на перспектыву і паспяхова іх вырашаць Мінскай вобласці дазваляе яе патэнцыял. Па выніках работы на мінулую пяцігодку Мінская вобласць прызнана лідарам па сацыяльна-эканамічным развіцці», – зазначыў Сямён Шапіра. Тэмп росту валавога рэгіянальнага прадукту як агульнага паказчыка эфектыўнасці работы эканомікі склаў 112,3%. Атрыманы нядрэнныя паказчыкі па тэмпе росту вытворчасці прадукцыі прамысловасці – 135,9%, рознічнага тавараабароту – 163,4%. На Мінскую вобласць прыходзіцца 18% аб’ёму прамысловасці і 25% – сельскагаспадарчага. Па росце зарплаты ў Мінскай вобласці другі вынік (пасля Мінска), лепшы сярод іншых абласцей, – 144%.

Зараз на Міншчыне шпаркімі тэмпамі ідзе веснавая пасяўная кампанія. Для яе правядзення ў сельгасарганізацыях ёсць амаль 1,5 тысячы адзінак энерганасычаных трактароў, падрыхтавана 928 пасяўных агрэгатаў. «Пры такой колькасці тэхнікі сяўбу правядзём у аптымальныя тэрміны. Хаця ў гэтым годзе пасяўная кампанія пачалася на тыдзень пазней, чым у 2015-м, мы адстаём на 2-3 дні ад тэрмінаў мінулага года. Але, спадзяюся, усё будзе добра», – зазначыў кіраўнік сталічнага рэгіёна. У Мінскай вобласці робіцца стаўка на маладыя кадры. У сельскагаспадарчай галіне пры падборы на кіраўніцкую пасаду прыярытэт аддаецца маладым кадрам. За апошнія два гады ў вобласці сельгаспрадпрыемствы ўзначальваюць 39 кіраўнікоў ва ўзросце да 35 гадоў. На сёння ў рэгіёне існуе больш за 20 вакансій кіраўнікоў арганізацый АПК. Ёсць вынікі, але ёсць яшчэ над чым і працаваць. Зацверджана праграма развіцця краіны на 2016-2020 гады. Задачы, акрэсленыя гэтай праграмай, з’яўляюцца першачарговымі для выканання.

АБ СВІНАГАДОЎЛІ

Сямён Шапіра спыніў увагу на жывёлагадоўчай галіне:

– У цэлым сітуацыя ў птушкагадоўлі і свінагадоўлі складваецца паспяхова. Выконваем заданні, вызначаныя кіраўніком краіны, уводзяцца новыя свінагадоўчыя комплексы. Але чатыры такія комплексы мы вымушаны закрыць, бо ўзровень утрымання жывёлы, генетычны стан не дазваляюць там вырошчваць канкурэнтаздольную свініну.

Губернатар расказаў, што аптовыя цэны кілаграма свініны ў паўтушках даходзяць да 40-42 тысяч беларускіх рублёў. «Аналіз паказаў, што расход кармавых адзінак на кілаграм прываг на старых комплексах перавышае гэтае значэнне на новых. Корм займае 70% у структуры затрат у вытворчасці свініны». Сямён Шапіра паведаміў, што хутчэй за ўсё закрыюцца свінакомплексы ў Барысаўскім раёне (а. г. Лошыца), у Стаўбцоўскім раёне (ААТ «Вішнявецкі-агра») і г. д. «На прапрацоўку гэтага пытання патрэбен як мінімум год», – удакладніў кіраўнік сталічнага рэгіёна.

У перспектыве адкрыццё новых комплексаў у Жодзіне, Дзяржынску, каля Барысава.

РАЗВІЦЦЁ КІТАЙСКА-БЕЛАРУСКАГА ІНДУСТРЫЯЛЬНАГА ПАРКА

Старшыня Мінаблвыканкама нядаўна ў складзе дэлегацыі знаходзіўся ў КНР, дзе ўдзельнічаў у сустрэчах і перамовах. У Пекіне прайшоў сход акцыянераў, акрэдытаваных у Кітайска-беларускім індустрыяльным парку, з удзелам намесніка кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Мікалая Снапкова і міністра эканомікі Уладзіміра Зіноўскага. Сямён Шапіра паведаміў, што дасягнута дамоўленасць аб садзейнічанні кітайскіх партнёраў у прыцягненні інвестараў у парк «Вялікі Камень». На працягу трох гадоў у Кітайска-беларускі індустрыяльны парк плануецца прыцягнуць 100 кампаній. Зараз прымаецца рашэнне аб знаходжанні ў парку больш 10 такіх суб’ектаў.

У Кітаі беларуская дэлегацыя наведала правінцыю Чжэцзян, з якой Мінская вобласць мае пабрацімскія сувязі. Тут адбыліся перамовы з кіраўніцтвам кітайскай аўтамабілебудаўнічай кампаніі Geely. Вырашалася пытанне аб павелічэнні паставак машынакомплексаў у Беларусь і змяншэнні іх кошту.

АГРАТУРЫЗМ

Сямён Шапіра выказаў упэўненасць, што ў Мінскай вобласці неабходна развіваць агратурызм. Губернатар упэўнены, што патрэбна будаваць больш аграсядзіб. «Напрыклад, на Нарачы ёсць землі, якія неэфектыўна выкарыстоўваюцца. Я папрасіў старшыняў райвыканкамаў, каб на свабодных землях, якія ёсць у раёне, фарміраваліся фермерскія гаспадаркі. У іх значны патэнцыял у развіцці агратурызму», – падкрэсліў старшыня аблвыканкама.

Сямён Шапіра ўпэўнены, што прыцягненне замежных турыстаў у Мінскую вобласць вельмі перспектыўнае. Напрыклад, кітаец за сваё турыстычнае падарожжа пакідае 800 долараў ЗША ў той краіне, дзе адпачывае. «Кітайскія партнёры зацікаўлены Беларуссю і адпачынкам у нас», – канстатаваў губернатар. «Колькасць замежных адпачываючых у Беларусі расце. Санаторыі не памяшчаюць усіх жадаючых».

Журналісты пацікаваліся ў Сямёна Шапіры, якім турыстычным перавагам ён асабіста аддае свой вольны час. Сямён Барысавіч расказаў, што не адпачывае за мяжой. Вельмі любіць рыбалку на Прыпяці, Браслаўскіх азёрах, а яшчэ ў вольны час любіць заняцца спортам. Сямён Шапіра перыядычна трэніруецца і гуляе ў хакейнай камандзе Мінскага аблвыканкама. «Калі-нікалі бываюць траўмы, але гэта не адбівае інтарэсу да выхаду на лёд», – зазначыў губернатар.

Нэлі АСТРЭЙКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *