У раёне

Раённыя навіны

image_pdfimage_print

На працягу дзесяці дзён работнікі больш як пяцідзесяці арганізацый раёна аказвалі дапамогу падшэфным сельгаспрадпрыемствам – збіралі каменне з палеткаў. Штодзень у сярэднім працавала да 400 чалавек. Выкананы вялікі аб’ём работы, каменне сабрана з плошчы каля сямі тысяч гектараў, што больш як у два разы перавышае запланаванае. Разам з дарослымі плённа працавалі і вучні агульнаадукацыйных школ.

На здымках: рупяцца гімназісты.

Надзея БАТАЛКА

 

ДОМ ДЛЯ ШМАТДЗЕТНЫХ СЕМ’ЯЎ

Згодна з раённай жыллёвай праграмай, у Стоўбцах па вуліцы Міру ўзводзіцца 60-кватэрны жылы дом паводле дзяржзаказу. На верасень 2016 года намечаны ўвод яго ў эксплуатацыю.

– Аб’ектам займаецца генпадрадная арганізацыя – ААТ «Пухавічыаграбуд», якое выйграла тэндар. Работы вядуцца актыўнымі тэмпамі, – зазначае дырэктар дзяржаўнага прадпрыемства «УКБ Стаўбцоўскага раёна» Мікалай Мармузевіч. – Сёння ўжо выкананы фундаментныя работы, узведзены першы паверх,  пачаліся работы і на другім. Працуюць субпадрадныя арганізацыі – МПМК-14 і мясцовая ПМК-233, сіламі якой ажыццяўляецца цагляная кладка двух пад’ездаў дома. Акрамя таго, ужо аб’яўлена працэдура закупак і вызначэння падрадчыка на пракладку інжынерных сетак да гэтага дома. Заяўкі паступілі больш як ад 20 прэтэндэнтаў з розных рэгіёнаў рэспублікі.

У сувязі з будаўніцтвам дома ў работу ўключыўся і аддзел жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Падрыхтаваны праект рашэння аб размеркаванні кватэр у доме, а гэта 15 трохпакаёвых, 15 двухпакаёвых і 30 аднапакаёвых кватэр. Першачарговае права на іх атрыманне маюць шматдзетныя сем’і, якія выхоўваюць трох і больш непаўналетніх дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў, сем’і, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, асобы з ліку дзяцей-сірот, якія маюць роўнае са шматдзетнымі сем’ямі права на льготны крэдыт пад адзін працэнт гадавых тэрмінам на 40 гадоў. У Стоўбцах, паводле апошніх даных, на чарзе тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, знаходзяцца 1 427 сем’яў, з іх 75 – сем’і шматдзетныя.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

ЮНЫЯ ДАСЛЕДЧЫКІ

Шэсць чалавек – два дашкольнікі і чатыры вучні пачатковых класаў – устаноў адукацыі нашага раёна прынялі ўдзел у абласным конкурсе работ даследчага характару дзяцей дашкольнага ўзросту і малодшых школьнікаў «Я – даследчык». Конкурс прайшоў на базе Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі.

Наш раён прадстаўлялі пераможцы раённага этапу Аляксей Караневіч, выхаванец ясляў-сада № 4 г. Стоўбцы, Ульяна Шэлест, выхаванка Навасвержанскіх ясляў-сада, Ірына Міцякіна, вучаніца СШ № 3 г. Стоўбцы, Дар’я Хадаркевіч, вучаніца Коласаўскай СШ, Станіслаў Звярок, вучань Дзераўнянскай СШ, Максім Губанаў, вучань СШ № 2 г. Стоўбцы.

Работы юных «вучоных» ацэньвалі супрацоўнікі Нацыянальнай акадэміі  навук Беларусі, Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка, БДУ, абласнога інстытута развіцця адукацыі.

Усе ўдзельнікі конкурсу, якія шмат папрацавалі над падхрыхтоўкай і абаронай даследчых работ, атрымалі памятныя медалі. А Максім Губанаў стаў пераможцам. Ён узнагароджаны дыпломам ІІ ступені. Кіраўніком работы хлопчыка з’яўляецца настаўніца А. В. Ярмак. Максім выступаў у намінацыі «Матэматыка, фізіка, тэхніка» з работай «Хуліганка, якая заўсёды побач». Арыгінальная не толькі назва работы юнага даследчыка, але і змест яе. Так што ўзнагарода Максіма Губанава заслужаная.

Аксана ДАВЫДЗЕНКА,метадыст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *