Падзеі і здарэнні

Нумары Падзеі і здарэнні

image_pdfimage_print

ЗАГСам зарэгістраваны па раёне тры шлюбы. Пасведчанні аб нараджэнні атрымалі пяць маленькіх жыхароў Стаўбцоўшчыны: Надзея Пікун, Арына Кавальчук, Соф’я Кураш, Дзмітрый Валатоўскі і Аляксей Рэцкі.

Зямны шлях закончыўся для 12-ці чалавек.

У пажарнай часці згадалі 10 выездаў на загаранне смецця і сухой травы. З наступствамі чыёйсьці бяспечнасці прыйшлося змагацца і 7 красавіка ў раёне гарадскога возера, дзе ўспыхнуў чарот. Убаку не засталіся і відавочцы, у прыватнасці, Вольга Карго-Шэмір дапамагла пажарным у ліквідацыі вогненнай стыхіі. Нагадваем, што за выпальванне сухой расліннасці і спальванне смецця з парушэннем правілаў пажарнай бяспекі пагражае немалы штраф.   

Міліцыяй зарэгістравана 115 паведамленняў аб правапарушэннях, у выніку чаго ўзбуджана 10 крымінальных спраў, у васьмі з іх устаноўлены падазраваемыя. Нецвярозы грамадзянін уварваўся ў дом жыхаркі Драздоў і накіраваў у яе бок пнеўматычны пісталет з пагрозай забойства і патрабаваннем грошай і спіртнога.

Пракуратурай раёна ўстаноўлена, што ў ААТ «Рубяжэвічы», ААТ «Радзіма Дзяржынскага», ААТ «Рочавічы» і СГФ «Аталезь-агра» дапускаюцца парушэнні патрабаванняў ветэрынарна-санітарнага заканадаўства, а таксама правілаў аховы працы і пажарнай бяспекі падчас вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі. Кіраўнікам названых гаспадарак унесены прадстаўленні. На МТФ «Кондратавічы» ААТ «Рочавічы» ў сувязі з атрыманнем разраду электрычнага току зафіксавана гібель 11 галоў буйной рагатай жывёлы. Па гэтым факце праводзіцца службовая праверка.

Суд вынес прыгавор да аднаго года выпраўленчых работ з утрыманнем 10 працэнтаў заробку 40-гадоваму стаўбчаніну, які ўхіляўся ад выплаты сродкаў на ўтрыманне непаўналетніх дзяцей. За нанясенне свайму сваяку цяжкіх цялесных траўмаў, небяспечных для жыцця, прыгавораны да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму 39-гадовы жыхар Гнецькаў. 35-гадовая новасвяржанка аштрафавана на 2 100 000 рублёў за тое, што, не будучы індывідуальным прадпрымальнікам, захоўвала ў сябе дома шэсць літраў алкагольных напіткаў.

ДАІ выявіла 243 парушэнні правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў – 18 вадзіцеляў-бяспраўнікаў і чацвёра п’яных вадзіцеляў (у аднаго з іх, механізатара прадпрыемства «Профі-Аграцэнтр», які рухаўся на пагрузчыку па вуліцы аграгарадка Заямнае,  у крыві ўтрымлівалася 1,5 праміле), 23 недысцыплінаваныя пешаходы. Зарэгістравана пяць дарожных аварый.

«Хуткая» выязджала да хворых 186 разоў, у прыватнасці, дзевяць выклікаў было да асоб з алкагольным ап’яненнем.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ     



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *