У райспажыўтаварыстве

Гандаль Нумары

image_pdfimage_print

ЗАКЛЮЧАЮЦЦА ДАГАВОРЫ

Аддзел нарыхтовак райспажыўтаварыства актыўна рыхтуецца да новага сезона.

З перапрацоўчымі прадпрыемствамі заключаюцца дагаворы на пастаўку парэчак, клубніц, закупленых у насельніцтва. Нарыхтоўчы аддзел актыўна супрацоўнічае з Маладзечанскім харчовым камбінатам Белкаапсаюза, ёсць вопыт работы са Стаўбцоўскім філіялам Гарадзейскага цукровага камбіната.

Па-ранейшму будуць прыкладзены намаганні для нарыхтоўкі чарніц, якія закладваюцца ў камеры глыбокай замарозкі для рэалізацыі на экспарт. Магутнасці сховішчаў дазваляюць нарыхтаваць 20 тысяч тон гэтай каштоўнай дзікарослай ягады. Нарыхтоўшчыкі плануюць пашырыць камеры для захоўвання чарніц.

 

У ДАЧНЫМ СЕЗОНЕ

Сезонны магазін «Дачнік» райспажыўтаварыства рыхтуецца распачаць дзейнасць. Магазін знаходзіцца на ўездзе ў вёску Атцэда. Ён працуе толькі ў цёплыя месяцы года. Асноўныя наведвальнікі – уладальнікі дач, густа размешчаных у гэтым наваколлі. Хоць пакупкі з задавальненнем тут робяць і жыхары Атцэды, а таксама суседніх Кучкуноў.

Магазін працуе рэнтабельна – у мінулым сезоне, напрыклад, тавараабарот склаў 1,5 мільярда рублёў.

Акрамя таго, садовыя кааператывы гэтага мікрараёна абслугоўваюць па графіку пяць аўтамагазінаў.

 

МАГАЗІНЫ РЫХТУЮЦЦА ДА ДЭНАМІНАЦЫІ

Уважлівыя пакупнікі адразу ж заўважылі, што ў магазінах на таварах выстаўлены двайныя цэннікі. Так пачалася падрыхтоўка да дэнамінацыі, якая будзе праведзена 1 ліпеня бягучага года.  Гэта стала тэмай нашай размовы з начальнікам аддзела цэн райспажыўтаварыства Аленай Кухаравай.

– Алена Сяргееўна, якія патрабаванні прад’яўляюцца да гандлёвых прадпрыемстваў у сувязі з будучай дэнамінацыяй?

– Згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб правядзенні дэнамінацыі афіцыйнай грашовай адзінкі Рэспублікі Беларусь» Міністэрства  гандлю рэкамендавала парадак афармлення цэннікаў яшчэ за некалькі месяцаў да дэнамінацыі. Усе аб’екты гандлю і грамадскага харчавання павінны ўказваць цэны ў грашовых знаках да дэнамінацыі і пасля дэнамінацыі. Падрыхтоўка такой інфармацыі на гандлёвых аб’ектах патрабуе вялікага аб’ёму работы, нямала часу і працоўных затрат – патрэбна пералічыць і памяняць тысячы цэннікаў і этыкетак. Гэтая работа ўжо распачата ў нас. На гандлёвых аб’ектах наведвальнікам, акрамя цэннікаў, інфармацыю з неабходнымі  тлумачэннямі, табліцы  пераводу грашовых знакаў узору 2000 года на грашовыя знакі ўзору 2009 года данясуць і спецыяльныя стэнды.

– Чым адрозніваюцца цэннікі да дэнамінацыі і пасля дэнамінацыі?

– Пасля дэнамінацыі ў абарот будуць уведзены новыя банкноты і манеты. Дэнамінацыя будзе праведзена ў маштабе 10 000:1. Звычныя для нас цэннікі «згубяць» па чатыры нулі. Напрыклад, тыя тавары, якія каштавалі 10 тысяч рублёў, будуць мець цану адзін рубель. Зноў з’явяцца капейкі. 100 рублёў адпавядае адной капейцы, тысяча рублёў – 10 капейкам, 20 тысяч рублёў – двум рублям і т. п.

– Якая назіраецца рэакцыя пакупнікоў?

– Па словах прадаўцоў, пакупнікі спакойна рэагуюць на новыя цэннікі. Многія выказваюцца: правільна, што новыя цэны выстаўляюцца загадзя, людзі павінны да іх прывыкнуць.

Святлана ЖЫБУЛЬ     



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *