Былое і сучаснае

Нумары Соцыум

ПАЛЫННАЯ ГОРЫЧ

Самыя ўражлівыя,  даўгавечныя ўспаміны ў кожнага аб дзяцінстве, нават калі вясковая бестурботнасць маленства была азмрочана нязвыклымі і незразумелымі для дзіцячага разважання абставінамі, якія пераклікаліся з простай цікаўнасцю, як здарылася ў Юзэфы і Казіміра Адамцэвічаў з Несцеравіч.

Неўдамёк было малечы, што грымела жудасная кравапралітная вайна, аб якой дзеці чулі з бацькоўскіх гутарак. У дадатак зрэдку па вёсцы праязджалі грымучыя машыны з салдатамі. У гэты час імгненна пусцелі вуліцы, падворкі. Ды і што можна ўсвядоміць, у чым разабрацца, калі табе чатыры ці нават сем гадоў?

Вёска, прытуліўшыся да шчыльнай сцяны пушчанскага лесу, жыла ў далечыні ад франтавых падзей сваім размераным сялянскім жыццём. Гэта звыкласць парушылася ў адзін з гарачых летніх дзён 1943 года, калі ранкам у хату ўварваліся з грознымі чужамоўнымі крыкамі салдаты, выштурхнуўшы бацькоў і дзяцей-малалетак на вуліцу, дзе панавалі мітусня, гоман, крыкі, плач-галашэнне. Усіх гналі на прывясковы лугавы поплаў, збіўшы людзей у шчыльны перапужаны гурт, які чакаў непрадказальных падзей, азіраючыся на шарэнгу нямецкіх салдатаў, на пастаўлены перад людзьмі кулямёт. Па натоўпе прабягала халодная, жудасная  здагадка, што настае смяротны час.

Так і было б, каб раптам на полі за агародамі не прызямліўся невялікі самалёт, з якога выйшаў афіцэр і, падышоўшы да карнікаў, даў нейкія распараджэнні.

Праз некалькі хвілін вясковы натоўп з невялікімі клункамі-пажыткамі рушыў у бок Дзераўной, зноў жа ў невядомасць, кідаючы скрозь слёзы позіркі на густыя клубы дыму, на агонь, што пражэрліва гуляў па стрэхах несцеравіцкіх  хацін.

Нельга было не заўважыць дымы і  на прыпушчанскім даляглядзе. Гэта гарэлі суседнія вёскі. Так нямецкія карнікі пачалі блакадную вайну з партызанамі, адначасова вывозячы  сялян  налібацкага краю на катаржныя прымусовыя работы ў Нямеччыну.

Не многа могуць расказаць Казімір з Юзэфай аб чужбіне, здзіўляючыся, як тады хутка забылася роднае  слова. Лёс заставіў іх і бацькоў, Вікторыю Іванаўну і Баляслава Казіміравіча,  размаўляць з нямецкімі гаспадарамі на чужой мове. Малым ніхто і ні ў чым  спуску і скідкі на ўзрост пры нямецкай дысцыпліне і педантычнасці не даваў. Прыходзілася дапамагаць бацькам даглядаць цэлыя фермы свіней і кароў. Нават за дробязныя дзіцячыя вольнасці жорстка наказвалі плёткай. Жыццё было з пастаяннай аглядкай, у страху, якія трымалі, нібыта ў цісках.

Казіміру ўспамінаецца, як вясной (а гэта быў 1945 год) дзеці, зайшоўшы ў гаспадарчую пабудову, дзе тулілася сям’я, убачылі бацькоў у слязах, але з вясёлымі тварамі.

– Канец вайне, паедзем дамоў, – прамовіла маці, абдымаючы дзетвару напрацаванымі рукамі.

Ехалі дамоў з суседзямі па вёсцы, такімі ж прымусовымі вязнямі-гаротнікамі. Родная вёска сустрэла папялішчам, толькі пячныя трубы тырчалі, нібыта помнікі ваенных падзей. Несцераўцы, якія вярнуліся ў родныя мясціны, жылі ў зямлянках-норах. У адным з падзямельных схронаў Адамцэвічаў прытуліла сям’я Сечкаў.

Казімір і Юзэфа з цеплынёй успамінаюць гэтых спагадлівых вяскоўцаў. Але па-дзіцячаму ўспамінаецца і той недавер, які вітаў да тых, хто вярнуўся з Нямеччыны. Пастаянна чуліся  кпіны вясковых дзяцей, якія абзывалі малалетніх Адамцэвічаў немчурой. 

– Мы ж гаварыць на роднай мове спачатку не маглі: з маленства размаўлялі на чужой, – нібы апраўдваецца Юзэфа.

…Усё можа перацярпець чалавек у празе да жыцця. Акрэпнуць пасля чужыны ён можа пад крылом Радзімы, у родных мясцінах, асабліва такіх маляўнічых, як Налібацкая пушча, якая ў любы час – нібы прыродны абярэг несцераўцаў. Яна дала сілы адбудавацца і Адамцэвічам, наладзіць плённае асабістае жыццё, адсунуць удалячынь, але не забыць зусім  палынную горыч ваеннага ліхалецця. Тут, на роднай Стаўбцоўшчыне, Казімір доўгі час працаваў лесніком Налібацкага лясніцтва.

 На здымку: за ўспамінамі –  Юзэфа і Казімір Адамцэвічы.

 Васіль Зянько

 

ГАСПАДАРЦІ КВАТАРАНТ

Вуліца Міру райцэнтра часцей за ўсё прыгадваецца ў нас у інвестыцыйна-перспектыўным кантэксце: яна ўтварае новы высотны мікрараён, маладзёжны па духу, які кардынальна змяніў выгляд нашага горада. З яго шклопакетаў сапраўды вее вецер дэмаграфічных перамен, а прыпаркаваныя шчыльна адзін да аднаго аўтамабілі красамоўна гавораць аб «базісным» узроўні маладых сем’яў. Нечаканую трэшчынку ў гэты стэрэатып уносяць сухія міліцэйскія зводкі. Не хочацца верыць, але акурат з новых кватэр, жыльцам якіх пашчасціла пабудавацца, ды яшчэ з дзяржаўнай падтрымкай, ужо паступілі не адзінкавыя выклікі на разбор сямейных і іншых адносін…

Выходзіць, людзі чакалі свайго жылля, гадамі марылі аб уласным куточку, але не ўяўлялі, як будуць жыць на ўсім гатовым. У доме, дзе шмат жыльцоў, адносіны трэба выбудоўваць не толькі са сваімі блізкімі, а і з суседзямі па пляцоўцы, пад’ездзе. Не ўлічваць іх інтарэсы можа хіба што той, хто не збіраецца ў гэтым доме надоўга затрымлівацца…

Такіх, сапраўды, на вуліцы Міру нямала. Насуперак забароне, многія кватэры здаюцца. Больш таго, на іх ёсць попыт. Асабліва сярод маладых сем’яў з малымі дзецьмі, якім хочацца пажыць самастойна, без апекі бацькоў. У Стоўбцах прыкладны кошт «двухпакаёўкі» трымаецца на ўзроўні ста долараў у месяц. Сапраўды, для маладой сям’і – зашмат. Па гэтай або іншай прычыне жыльцы часта мяняюцца (у сувязі з чым міжволі напрошваецца асацыяцыя – гэта не кватэры ўласнікаў, а нейкі падменны фонд!), і асобныя «незнаёмцы» паводзяць сябе так, быццам нормы чалавечага пражывання іх не датычаць. Дзень, ноч для іх паняцце пераблытанае, пры тым, што гукаізаляцыя паміж кватэрамі і нават паміж паверхамі, мякка кажучы, сапраўды жадае быць лепшай. Вось і тупаюць да паўночы па нечай столі дзеці, якіх не трэба збіраць раніцай у дзіцячы садок, а іх матулям-«дэкрэтніцам» бегчы на працу.

Грашаць гэтым, дарэчы, не толькі кватаранты. І некаторых жыльцоў можа «заносіць» у падобныя дзіўнасці. Іх тут аб’ядноўвае адно: нізкі ўзровень культуры. Калі трэба класціся спаць, у іх ва ўсю кіпіць жыццё. Не палянуешся і пастукаеш ім у дзверы, каб паказаць на гадзіннік – у адказ пачуеш пра свой дрэнны сон. Гэта ў лепшым выпадку… Перасяліўшыся на вуліцу Міру, такія людзі працягваюць жыць у сваёй псіхалагічнай «шкарлупіне»: маўляў, нам так зручна, мы так прывыклі. Хто ім можа служыць указам?.. Старшыня жыллёва-будаўнічага кааператыва ці – міліцыя?.. 

Часовыя жыльцы, натуральна, не ўдзельнічаюць у жыцці шматкватэрнага дома. Лагічна, што адказнасць за іх павінны несці тыя, хто перадае ключы ад сваёй кватэры. Жыльцоў дома нярэдка запрашаюць на агульныя сходы, але не ўсе наведваюць такія мерапрыемствы. Тыя, да каго ў іншых найбольш пытанняў, часта проста ігнаруюць іх. Бывае, што такіх суседзяў нават у твар не заўсёды ведаюць…  

Разам з тым, сходы жыльцоў праходзяць даволі бурна. Пагаварыць ёсць аб чым. Канкрэтныя пытанні, канкрэтныя сітуацыі. За многімі – агульнае жаданне жыць у санітарнай чысціні і парадку, з павагай адзін да аднаго. Напрыклад, устурбавала тое, як зрабіць уборку ў пад’ездзе на першым паверсе, калі ён увесь застаўлены дзіцячымі каляскамі і веласіпедамі. З-за змены сезонаў некаторыя з іх стаяць кінутымі, незапатрабаванымі па некалькі месяцаў. А калі няма дзе прайсці, то як памыць падлогу?.. У кожнай сям’і ёсць сваё падвальнае памяшканне, але мала хто выкарыстоўвае яго, у тым ліку і для захоўвання тэхнікі. Зразумела, у пад’ездзе яна заўсёды пад рукой, напагатове, і маладой маме не трэба спускацца ўніз. Зручна. Пра іншых жыльцоў, напэўна, не задумваюцца… Хопяцца вырашаць праблему тады, калі безгаспадарная тэхніка стане здабыткам злодзея.

Хвалюе і іншае. «Прагуляецца» нехта з цыгарэтай у зубах па паверхах дома – у паветры на лесвічнай пляцоўцы застанецца дым, непрыемны пах. Да такога чалавека звернуцца суседзі, якія не кураць, а ён у адказ: «Я ж не куру, я проста спускаюся па лесвіцы…» Да курцоў і больш сур’ёзныя прэтэнзіі. Калі сышоў снег, пад балконамі адкрыліся цэлыя кучы акуркаў. Аказваецца, цяжка дарослым людзям прыстасаваць для іх попельніцу… Які-небудзь акурак жа можа і не прызямліцца, а заляцець на нечы балкон. Тады і да пажару нядоўга… З пятага паверха – бывалі такія выпадкі – спрабавалі скідваць смецце. Ух, не хочацца несці яго ўніз. Такія гаспадары…               

Тыя ж, хто прывык жыць цывілізавана і жадае быць у сваім доме гаспадаром, а не кватарантам, гатовы прыслухоўвацца да іншых, вучыцца і шукаць выйсце з любой сітуацыі.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

КАБ ЖЫЦЦЁ БЫЛО ПАЎНАЦЭННЫМ

Грамадскае аб’яднанне «Рэспубліканская асацыяцыя інвалідаў-калясачнікаў» пры падтрымцы Міністэрства спорту і турызму і Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь праводзіць лагер-семінар актыўнай рэабілітацыі інвалідаў-калясачнікаў.

У рамках лагера на працягу 10 дзён удзельнікі семінара ў колькасці 30 чалавек будуць вучыцца самастойна жыць і ў соцыуме. Навучанне праводзяць інструктары ГА «Рэспубліканская асацыяцыя інвалідаў-калясачнікаў», якія таксама перасоўваюцца ў інвалідных калясках.

Самая асноўная задача для нас – гэта дастукацца да тых інвалідаў, якія знаходзяцца дома і нікуды не хочуць выходзіць. У еўрапейскіх краінах людзі з абмежаванымі магчымасцямі даўно перасталі весці пустэльніцкі лад жыцця. Яны вучацца, наведваюць музеі і канцэрты.

Мы звяртаемся да родных, сяброў і знаёмых інвалідаў, каб яны ўбачылі інфармацыю ў сродках масавай інфармацыі і прастымулявалі людзей з абмежаванымі магчымасцямі для ўдзелу ў лагеры.

Лагер актыўнай рэабілітацыі пройдзе з 25 чэрвеня па 5 ліпеня на базе Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта (Брэсцкая вобласць, г. Пінск). Удзел у мерапрыемстве, у тым ліку пражыванне і харчаванне, – бясплатныя. Кожны ўдзельнік атрымае неабходныя веды і навыкі па кіраванні каляскай, занятках фізкультурай і спортам, асноўныя юрыдычныя веды, навыкі самаабслугоўвання. Удзельнікі лагера ўбачаць станоўчыя прыклады паўнацэннага жыцця ў інваліднай калясцы. На працягу ўсяго лагера-семінара яны будуць жыць і мець зносіны побач з паралімпійскімі чэмпіёнамі, бізнесменамі-інвалідамі, з людзьмі, якія, будучы інвалідамі, стварылі сем’і і нарадзілі дзяцей, атрымалі адукацыю і маюць добрую работу. Адабраныя ўдзельнікі, якія не атрымлівалі раней інваліднай каляскі актыўнага тыпу, атрымаюць яе падчас работы лагера-семінара.

Атрыманыя навыкі і ўменні стымулююць інвалідаў пераацаніць жыццёвыя каштоўнасці і стаць на актыўную пазіцыю.

Для ўдзелу ў лагеры неабходна запоўніць анкету на сайце www.raik.by і выслаць яе на электронную пошту inna.digilevich@gmail.com ці па факсе (8-017) 392-11-89. Вітаецца прымацаванне да анкеты свайго фотаздымка. Калі адсутнічае магчымасць выхаду ў інтэрнэт, то анкету можна запоўніць вусна па тэлефоне (8-017) 392-11-89, 8-029-109-17-69.

Яўген ШАЎКО,старшыня Рэспубліканскай арганізацыі інвалідаў-калясачнікаў



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *