Сеянцы ў руках выдатнікаў

Нумары Стаўбцоўшчына - родны край

image_pdfimage_print

Тыдзень лесу–2016, аб’яўлены сёлета ў нашай рэспубліцы з 2 па 9 красавіка, для Акінчыцкага лясніцтва Стаўбцоўскага доследнага лясгаса выдаўся асабліва гарачым. Паралельна з пасадкай лесу (на гэтае лясніцтва прыходзяцца самыя вялікія пасяўныя плошчы ў лясгасе) ідзе нарыхтоўка бярозавага соку, прыспешваюць мерапрыемствы ў рамках пажаранебяспечнага перыяду і месячніка па навядзенні парадку на зямлі.

– Да сярэдзіны красавіка мяркуем завяршыць пасадку лесу. Гэта 47 га плошчаў і не адзін дзясятак участкаў, аддаленых адзін ад аднаго. Дапамагае тое, што садзім талакой, агульнымі намаганнямі, – адзначае ляснічы Міхаіл Цялушка па дарозе да адной з дзялянак, на якой акурат і працуюць актыўныя памочнікі. На гэты раз – работнікі Рубяжэвіцкага лясніцтва, а таксама вучні 10 «А» класа школы № 2 г. Стоўбцы. За дзень усімі разам высаджваецца ў сярэднім каля 30 тысяч сеянцаў сасны, лістоўніцы, дуба і елкі, вырашчаных у гадавальніку лясгаса. 

Пагодныя ўмовы цудоўныя, і работа на падрыхтаванай акінчыцкімі лесаводамі дзялянцы – у самым разгары. Старшакласнікі ўвіхаюцца парамі: наперадзе хлопец з мячом Колесава рыхтуе ямкі, следам – дзяўчына запаўняе іх сеянцамі, прыціскаючы зялёныя пушыстыя «воблачкі» да зямлі. Праз пэўны час ім быць магутнымі соснамі… Каб пасадкі былі роўныя, без пропускаў, і юныя памочнікі былі забяспечаны ўсім неабходным, сочыць майстар лесу Валерый Говен. Валерый Міхайлавіч, акідваючы сваім вопытным вокам ужо зробленае, не хавае задавальнення: «Малайцы, школьнікі. Стараюцца».

10 «А» – не навічок у пасадцы лесу. Гэты клас дапамагае лесаводам, што называецца, не першы год і не першы раз. «Сёння хацелі ехаць адразу ўсім класам – 27 чалавек!» – уключаецца ў размову класны кіраўнік Таццяна Гаўрыленка. «Каму ж не хочацца прагуляць урокі?..» – гэта я спрабую праілюстраваць словы педагога ўспамінамі са свайго школьнага юнацтва. «Ды не, з паводзінамі і матывацыяй да вучобы ў нас праблем няма, – парыруе «класная» і выдае вычарпальную характарыстыку сваім выхаванцам: — Гэта клас «алімпіяднікаў», профільны, педагагічны. Сярэдні бал у вучняў – 8,4. Восем з 27-мі – выдатнікі, прэтэндуюць на залаты медаль».

Як не залюбавацца такімі старшакласнікамі-вундэркіндамі?! Яны, здатныя да вучобы і да працы, знайшлі і тут, у палявых умовах, адукацыйную цікаўнасць. «Сёння ў нас практычны ўрок біялогіі», – разважыла Лізавета Петруковіч.

А ў думках лесаводаў – спадзяванні на дождж. Вільгаць неабходна як новым пасадкам для максімальнага прыжывання (іх, акрамя школьнікаў, таксама дапамагалі рабіць беларускія скаўты, мясцовыя паляўнічыя і рыбаловы, работнікі еўрасетак і інш.), так і ўвогуле лясным масівам для зняцця высокай пажарнай небяспекі.

– У раёне Задвор’я ўжо быў пажар – успыхнула трава, і агонь наблізіўся да лесу. Ачаг ліквідоўвалі разам з работнікамі МНС, – выказвае сваю трывогу ляснічы «прыгараднага» лясніцтва.

Каб не дапусціць лясных пажараў, вядзецца абнаўленне ранейшых мінералізаваных палос і абсталяванне новых. Падчас тыдня лесу з актыўным удзелам раённых службаў і арганізацый (райаддзела па надзвычайных сітуацыях, Аграмашзапчасткі, аддзела адукацыі, спорту і турызму) прайшлі суботнікі, на якіх вялася ўборка стыхійных звалак. Іх, трэба сказаць, у Акінчыцкім лясніцтве нямала, і ўтвараюцца яны хутка, таму што на яго тэрыторыі каля трох тысяч дачаў. Апошнім часам у так званых праблемных месцах лесаводы ўстанаўліваюць «фотапасткі», з дапамогай якіх ёсць магчымасць выявіць парушальнікаў і прыцягнуць да адказнасці.

Цяпер у Акінчыцкае лясніцтва звяртаецца вялікая колькасць гараджан, каб выпісаць бярозавы сок. Попыт на лясны напітак расце з кожным днём.  Падсочкі зроблены на спелых бярозах, дзе ў перспектыве намечаны высечкі галоўнага карыстання. Іх месцазнаходжанне Міхаіл Цялушка тлумачыць так: «За шэсць гадоў рэалізацыі праекта па лесаўстройстве (ён разлічаны на 10 гадоў) паступова пераходзім на больш аддаленыя ўчасткі».

Для нарыхтоўкі ляснога напітку ў лясніцтве створана брыгада ў складзе Аляксандра Сідорыка, Юрыя Сідорыка, Сяргея Пяткевіча, а таксама трактарыста па зборы соку Мікалая Капусты. Гэтыя людзі працуюць да цямна ў будныя і выхадныя дні.

Вясна не дае стамляцца, патрабуе працавітасці і цярпення.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ     

НА ЗДЫМКАХ: Лізавета Петруковіч разам з майстрам лесу Валерыем Говенам; вучаніцы СШ № 2 Ангеліна Ключнік і Аляксандра Шкварчанка.

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *