Саломкі сонечнае цяпло

Культура Нумары Таленты Стаўбцоўшчыны

image_pdfimage_print

У раённым Цэнтры культуры прайшоў семінар-практыкум. Майстар саломапляцення, кіраўнік народнага клуба майстроў народнай творчасці «Пралеска» Аліна Халявінская запрасіла на яго культработнікаў раёна. Інтарэс да гэтага віду мастацкай творчасці праявілі дырэктар Яблынаўскага цэнтра творчасці Марына Халецкая, супрацоўніца Наваколасаўскага дома культуры Людміла Сянькевіч, супрацоўніца Навасвержанскага цэнтральнага дома культуры Марыя Ажгірэвіч. На майстар-клас маглі прыйсці ўсе жадаючыя. Пахвальна, што ва ўстановах культуры раёна адкрываюцца новыя гурткі па саломапляценні. Якія прыгожыя рэчы можна выканаць з гэтага сонечна-цёплага прыроднага матэрыялу, паказваюць выставы народнай творчасці, дзе мастацкія рэчы з саломкі прадстаўлены ва ўсёй красе: павукі, капелюшы і іншыя галаўныя ўборы, ёлачныя ўпрыгажэнні, дзіцячыя цацкі, шкатулкі, кветкі – розныя творы. Сярод прызнаных майстроў саломапляцення ў нашым раёне можна адзначыць Наталлю Пятроўскую з Дзераўной.

Вельмі важна, што гэты від творчасці перадаецца маладому пакаленню. Прыкладам таму можа служыць Іна Дошчачка, якая знаходзіцца ў штаце народнага клуба майстроў народнай творчасці. З 1994 года працуе студыя «Чароўная саломка» ў Старасвержанскай сярэдняй школе. Нязменна ўвесь гэты час студыю вядзе Аліна Халявінская. 10 гадоў назад студыі было прысвоена высокае званне «народная». Быў час, калі ў вучэбнай праграме Старасвержанскай СШ працаваў этнаклас і ўсе вучні далучаліся да свету прыгожага, вучыліся сваімі рукамі ствараць творы мастацтва. Многія з тых вучняў ужо закончылі школу, але працягваюць займацца саломапляценнем, для іх гэта – хобі. Для некаторых, як для Наталлі Машчыц, гэтыя заняткі вызначылі прафесію – яна закончыла Мірскі дзяржаўны мастацкі прафесійна-тэхнічны каледж па спецыяльнасці ганчарства. Але працягвае займаццам і саломкай. Адметна, што сярод юных талентаў, каго захапіла гэтае мастацтва, нямала хлопчыкаў, і ў іх атрымліваюцца выдатныя работы.

Ад маладога пакалення залежыць, каб гэты від творчасці, які з’яўляецца нацыянальным багаццем, развіваўся ў новых пакаленнях.

Святлана ЖЫБУЛЬ

На здымку: Аліна Халявінская (у цэнтры) праводзіць майстар-клас з Людмілай Сянькевіч (злева), Марынай Халецкай і Марыяй Ажгірэвіч.

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *