Захапленні

Адукацыя Культура Нумары

image_pdfimage_print

ТРАДЫЦЫЙНЫЯ «КАЗКІ ЖЫЦЦЯ»

Напярэдадні Сусветнага  дня тэатра на базе Стаўбцоўскага раённага цэнтра культуры, Стаўбцоўскай і Дзераўнянскай дзіцячых школ мастацтваў распачаў работу традыцыйны адкрыты рэгіянальны ХХІІІ Стаўбцоўскі фестываль дзіцячага тэатра «Казкі жыцця». На працягу многіх гадоў куратарам фестывалю з’яўляецца Дзераўнянская дзіцячая школа мастацтваў, дзе вельмі развіта тэатральная дзіцячая творчасць: працуюць чатыры дзіцячыя тэатры. Дырэктар школы Наталля Сіняўская і намеснік дырэктара Алена Шуцько, педагогі тэатральнага аддзялення, з’яўляюцца выдатнымі арганізатарамі фестывалю. Прайшоў ён у гэтым годзе, як і ў папярэднія, на высокім узроўні.

Гімнам фестывалю – песняй «Зерне хараства» – адкрыў конкурс народны вакальны ансамбль «Берагіня». Гарманічна далучылася да гэтага выступлення харэаграфічная пастаноўка «Бусляняты» ў выкананні вучняў малодшых класаў тэатральнага аддзялення Дзераўнянскай дзіцячай школы мастацтваў. З уступным прывітальным словам да ўдзельнікаў фестывалю звярнулася начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Алена Суднік. У стаўбцоўскім фестывалі акрамя тэатральных дзіцячых калектываў нашага раёна прынялі ўдзел дзіцячыя тэатры з г. п. Івянец, пас. Энергетыкаў, г. Нясвіжа.

Прафесійнае журы ў складзе галоўнага рэжысёра Мінскага абласнога цэнтра творчасці Алы Ганецкай і рэжысёра, прадзюсара, драматурга, стваральніка ўзорнага тэатра-студыi «Трыумф» Сяргея  Сергiенкі ацэньвалі работу адзінаццаці дзіцячых тэатральных калектываў з чатырох раёнаў Мінскай вобласці. Журы было няпроста: усе спектаклі атрымаліся па-свойму цікавымі, з творчым рэжысёрскім бачаннем. Пасля доўгіх дыскусій нарэшце вызначылі лаўрэатаў. Сярод лялечных тэатраў лаўрэацкі дыплом атрымаў узорны тэатр «Кудесник» з пасёлка Энергетыкаў (кіраўнік Г. Васілеўская), сярод драматычных – узорны тэатр «Волшебники» Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў (кіраўнік В. Навіцкая).

Дыпломы і сувеніры атрымалі ўсе тэатральныя калектывы.  За захаванне нацыянальных традыцый адзначаны ўзорны тэатр «Батлейка» Дзераўнянскай дзіцячай школы мастацтваў (кіраўнік Н. Сіняўская), за мастацкае афармленне спектакля – узорны лялечны  тэатр «Вандроўка» Івянецкага дома культуры (кіраўнік Т. Задрэйка). Лялечны тэатр «Валошкі» Стаўбцоўскага Свята-Уваскрэсенскага храма атрымаў дыплом за ўвасабленне беларускага класічнага твора (кіраўнік С. Шайнова).  Тэатр «Валошкі»  выдатна паказаў на сцэне ўрывак з паэмы Якуба Коласа «Новая зямля».  За пазітыўную інтэрпрэтацыю фальклорнага твора атрымаў узнагароду лялечны тэатр філіяла «Вішнявец»  Старасвержанскай дзіцячай школы мастацтваў (кіраўнік Д. Каменка).  За арыгінальнае ўвасабленне біблейскага сюжэта ўзнагароджаны ўзорны дзіцячы тэатр «На-Дзея» Дзераўнянскай дзіцячай школы мастацтваў (кіраўнік А. Сенька). За лепшы грым у спектаклі адзначаны тэатр «Каўчэг» Дзераўнянскай дзіцячай школы мастацтваў (кіраўнік Н. Сіняўская), за лепшыя касцюмы – тэатр «Іскрынкі» Дзераўнянскай дзіцячай школы мастацтваў (кіраўнік А. Шуцько). Тэатр Старасвержанскай дзіцячай школы мастацтваў пад кіраўніцтвам А. Ціцянок выдзеліўся лепшым мастацкім рашэннем спектакля, студыя сучаснай казкі з Цэнтра дзіцячай творчасці Нясвіжа пад кіраўніцтвам І. Пярцовай – лепшым акцёрскім ансамблем.

Персанальныя дыпломы і сувеніры былі ўручаны акцёрам. Усе ўдзельнікі атрымалі на памяць значкі з эмблемай фестывалю і пачаставаліся тортам.

Такая прыемнасць стала магчымай дзякуючы спонсарам. Пастаянна адклікаюцца на просьбу аб фінансавай падтрымцы фестывалю старшыня прафкама ААТ «Дзераўное» Галіна Карповіч, кіраўнік прыватнага прадрыемства Алена Гівойна, індывідуальныя прадпрымальнікі Наталля Мішук, Алена Шумчык, Іван Сінкевіч. Словы падзякі арганізатары фестывалю выказваюць начальніку аддзела адукацыі, спорту і турызму  райвыканкама Людміле Стонька за арганізацыю гледачоў з ліку навучэнцаў школ раёна. Нягледзячы на вясновыя канікулы, залы на спектаклях былі запоўненыя.

Кацярына ІГНАТОВІЧ

 

«БРЫГАНЦІНА» З САЦЫЯЛЬНЫМІ ВЕТРАЗЯМІ

Завяршыўся агляд клубных устаноў і дзіцячых школ мастацтваў раёна, тэмай якога стала вывучэнне работы аматарскіх аб’яднанняў і клубаў па інтарэсах. Асаблівасць і адметнасць гэтай работы – актыўнае прыцягненне да ўдзелу ў мастацкай самадзейнасці, у гуртковай рабоце падлеткаў і моладзі.

– У сучасных умовах работнікі культуры не могуць не адгукацца на патрэбы соцыуму, – зазначае намеснік дырэктара ДУ «Стаўбцоўскі раённы цэнтр культуры» Вольга Камко і акрэслівае  цікавасць у першую чаргу да тых падлеткаў, якія знаходзяцца на рознага віду ўліках або становішча якіх у сям’і прызнана сацыяльна небяспечным.

Сярод клубных устаноў раёна варта вылучыць Навасвержанскі дом культуры і яго народны хор народнай песні «Панямонь» пад кіраўніцтвам энтузіяста Сяргея Чупіна. Сёлета ў яго ўліліся маладыя галасы старшакласніц мясцовай школы. Нядаўна прайшоў абласны агляд народных і ўзорных калектываў, дзе хору «Панямонь» дадзена высокая ацэнка работы над гукам, голасавядзеннем і т. п.

У раённым Цэнтры культуры на працягу ўжо трох дзясяткаў гадоў збірае вакол сябе моладзь і выхоўвае ўзорны харэаграфічны ансамбль «Гарошынка» (мастацкі кіраўнік – Наталля Захарава). У Дзераўнянскім цэнтры культуры заслугоўвае ўвагі работа з дзецьмі і падлеткамі ў клубе «Неспакойныя сэрцы». За прыярытэт у дзейнасці выбраны патрыятычны накірунак. У Наваколасаўскім цэнтры культуры з прыходам маладога спецыяліста Яўгеніі Буняк з’явілася шмат розных клубаў па інтарэсах, папулярнасць сярод іх набылі клуб выхаднога дня з гульнявымі праграмамі для дзяцей «Поиграй-ка!», клуб старшакласнікаў «Брыганціна». Творчасць вакальнай групы «Світанак» пад кіраўніцтвам Людмілы Сінькевіч запатрабавана на розных мерапрыемствах, у тым ліку і раённага ўзроўню. Вельмі мабільны, хуткі да гастроляў як па раёне, так і за яго межамі народны вакальны ансамбль «Дольніца» (мастацкі кіраўнік – Рэгіна Васілеўская), што працуе пры Горкаўскім сельскім доме культуры. Знайшла прыхільнікаў па-за межамі раёна і вакальная фальклорная група «Раніца» (мастацкі кіраўнік – Валянцін Ажгірэвіч) з Вішнявецкага сельскага дома культуры. Сапраўдны брэнд гэтага дома культуры – народны драматычны тэатр «Гавязнянка» (мастацкі кіраўнік – Марыя Грэсь). Адна з апошніх інсцэніровак тэатра паводле С. Я. Маршака – «У нейкім царстве, хлебакаравайнай дзяржаве…» – прыйшлася даспадобы ўсім жыхарам сучаснага аграгарадка.

У гэтым пераліку названы далёка не ўсе сельскія дамы культуры, але фактычна ва ўсіх іх работнікі культуры імкнуцца працаваць творча, самааддана, з улікам сучасных патрабаванняў і запытаў людзей. Спрадвеку існавала цесная повязь паміж ачагамі культуры і людзьмі, і менавіта вакол гэтых ачагоў ішло фарміраванне культурных традыцый той ці іншай мясцовасці, тут адкрываліся таленты і зараджаліся такія важныя рэчы, як добрасуседства, згода, мір.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *