Клопаты жывёлаводаў

Нумары Сельская гаспадарка

image_pdfimage_print

жывёлагадоўля

Святлана Гаркач працуе на МТФ «Засулле» ААТ «Каганец». Па выніках работы за мінулы год жанчына заняла другое месца ў раённым спаборніцтве сярод аператараў машыннага даення ў другой групе гаспадарак. Яна прымала ўдзел у раённым Свяце працы і была ўзнагароджана. Брыгадзір фермы Таццяна Тарасевіч расказвае, што Святлана Іванаўна шчырая і працавітая работніца. Добрасумленна ставіцца да сваіх абавязкаў. За тры месяцы бягучага года яна надаіла ад кожнай каровы сваёй групы, у якой налічваецца 52 галавы, па 1763 кілаграмы малака, што на 141 кілаграм больш за адпаведны перыяд летась. У адпаведнасці з гэтым паказчыкам руплівіца займае другое месца ў сваім вытворчым калектыве, услед за Наталляй Вазнюк. Маюць неблагія вынікі Алена Райская і Таццяна Забродная. На ферме разам са Святланай Іванаўнай працуе жывёлаводам яе муж Міхаіл Мікалаевіч, які дапамагае жонцы, бо мае вопыт у прафесіі аператара машыннага даення – раней шчыраваў тут доярам.

 

ВЫВЕЛІ СТАТКІ НА ПАШУ

На мінулым тыдні на жывёлагадоўчых фермах сельгаспрадпрыемстваў раёна завяршыліся работы па пераводзе дойных статкаў на летняе пашавае ўтрыманне. Можна сказаць, ва ўсіх гаспадарках сфарміраваны гурты, закуплены электрапастухі, зроблены прагоны для жывёлы, пафарбаваны ёмістасці для вады і карыты. Набраны і абслуговы персанал – даглядчыкі-пастухі. На своечасова падкормленых мінеральнымі ўгнаеннямі пашах адрастае неблагі травастой. Першымі ў мінулую пятніцу вывелі статкі на пашу жывёлаводы ААТ «Агранёманскі». Дарэчы, сёлета па азімым жыце пасвіліся каровы толькі ў ААТ «Радзіма Якуба Коласа».

 

ДАДАТКОВАЯ КРЫНІЦА

У сёлетнюю вясеннюю пасяўную кіраўніцтвам раёна асаблівая ўвага ўдзяляецца сяўбе аднагадовых бабова-злакавых траў. Гэта звязана з тым, што на працягу вегетацыйнага перыяду пашам уласціва нераўнамернасць адрастання зялёнай масы. Стварэнне ж зялёнага канвеера, які прадугледжвае акрамя пашаў выкарыстоўваць у якасці дадатковай крыніцы корму аднагадовыя травы ў палях севазвароту, дазволіць не дапусціць перабояў у забеспячэнні жывёлы зялёнай масай. А значыць, паўнацэнна карміць пагалоўе да самага заканчэння летняга пашавага перыяду і атрымліваць прадукцыю. У гаспадарках раёна запланавана пасеяць каля трох тысяч гектараў аднагадовых травасумесяў.

 

ПАСТАЎЛЯЮЦЦА КАМБІКАРМЫ

Як падкрэсліваюць у аддзеле жывёлагадоўлі райсельгасхарча, у кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў раёна апошнім часам наладжана супрацоўніцтва са Стаўбцоўскім філіялам ААТ «Барысаўскі камбінат хлебапрадуктаў» на пастаўку камбікармоў. Не трэба ехаць на галаўное прадпрыемства, дастаткова звязацца з кіраўніком філіяла па тэлефоне і дамовіцца аб колькасці запатрабаванай прадукцыі. Корм паступае ў гаспадаркі пастаянна. Неплацежаздольным прадастаўляецца адтэрміноўка плацяжу. На ўсіх сельгаспрадпрыемствах у наяўнасці спецыялізаваны камбікорм для кароў КР-60. Крыху праблематычна са стартарным КР-1 для цялят, але гэтае пытанне заўжды вырашаецца станоўча.

 

ВЫТВОРЧАСЦЬ ПАВЯЛІЧЫЛАСЯ

За шэсць месяцаў зімова-стойлавага перыяду сельгаспрадпрыемствамі раёна атрымана 41003,7 тоны малака, што больш за адпаведны леташні перыяд на 2282,3 тоны, або на 5,9 працэнта. Самая высокая валавая вытворчасць у ААТ «Радзіма Якуба Коласа» і «Агранёманскі» – звыш 44 тысяч тон. Рэалізавана за зімоўку 8077,9 тоны мяса ў жывой вазе на забой – гэта на 54,6 тоны перасягае паказчык мінулага года і складае 107,3 працэнта. Найбольш пастаўлена мяса з ААТ «Вішнявецкі-агра» – 1183,3 тоны. На вытворчых плошчах філіяла «Птушкаферма «СЗАТ «Агракамбінат «Колас» вырашчана 3674,1 тоны мяса птушкі.

 

ЖЫЛЛЁ ДЛЯ РАГУЛЯЎ

На МТФ «Вялікі Двор» аднайменнага таварыства здадзены ў эксплуатацыю «клюшачнік», у які паставяць 250 галоў жывёлы – цялушак. Пабудавалі жывёлагадоўчае памяшканне работнікі Стаўбцоўскага рамонтна-будаўнічага ўпраўлення. РБУ выступіць падрадчыкам і наступнага будаўніцтва – кароўніка з даільнай залай, на які ўжо рыхтуецца праектна-каштарысная дакументацыя.

Раўненне

на «экстру»

За тры месяцы бягучага года сельгаспрадпрыемствамі раёна адгружана на малаказаводы 19794,8 тоны малака ў заліковай вазе. Перапрацоўшчыкамі залічана гатункам «экстра» 2846,6 тоны, або 14,4 працэнта ад агульнайколькасці пастаўленай сыравіны. Найвышэйшым гатункам здавалі сваю прадукцыю работнікі малочных цэхаў ААТ «Каганец», ПДСУП «Профі-Аграцэнтр», ААТ «Вішнявецкі-агра», «Жацерава» і «Агранёманскі». Нізкая гатунковасць малака ў ААТ «Рочавічы» (уся прадукцыя з фермаў гэтай гаспадаркі залічваецца толькі першым гатункам) і ў ААТ «Дзераўное». Тлустасць малака па раёне складае 3,76 працэнта. Самая высокая ў ААТ «Жацерава» – 3,98 працэнта.

Надзея БАТАЛКА

 Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *