Жыць збіраешся – кветкі сей

Добраўпарадкаванне Нумары

image_pdfimage_print

На Стаўбцоўшчыне працягваецца месячнік добраўпарадкавання. Навыперадкі з ім імчыць вясна з яе магутным абуджэннем усяго жывога. Для кожнага з нас гэта заклік да дзеяння, да канкрэтнай работы па навядзенні парадку.

У пярэдадзень праваслаўнага Вялікадня асабліва вітаюцца рознага роду суботнікі – індывідуальныя, сямейныя, вулічныя, карпаратыўныя, якія не патрабуюць ніякіх узгадненняў і спецыяльных абвестак, вызначэння аб’ектаў.

Галоўная ўмова – гадзіна-другая вольнага часу ды жаданне быць карысным, «падыграць» прыродзе ў абнаўленні фарбаў, ачышчэнні ад лішняга, што, натуральна, паслужыць і нашаму духоўнаму ачышчэнню, самаўдасканаленню.

У такім жаданні не адмовіш стаўбчанцы з вуліцы Першамайскай Ларысе Уладзіміраўне Прыбыш. Нават у свае 84 жанчына ўзяла рыдлёўку і выйшла на вуліцу «пасуботнічаць». «На клумбах у сваім двары парадак ужо навяла, – паказвае яна нам, – цяпер хачу на вуліцы перад домам ускапаць. Пасаджу петуніі – будуць цвісці да маразоў». З рабочым інструментам выйшла, гледзячы на яе, яшчэ адна суседка (а, магчыма, было і наадварот). Прыгадалася, што ў Стоўбцах жыве паміж суседзямі такая звычка спаборніцтва – не адставаць адзін ад аднаго, абавязкова быць сярод першых. І ім, ахвочым да агульнага парадку і прыгажосці, вельмі баліць, калі нехта побач парушае гэтую завядзёнку.

Напрыклад, як уладальнік дома № 79. Набыў маёмасць і забыў пра яе. Зімою каля яго дома снег не чысціцца, летам трава не косіцца. А вуліца Першамайская, між іншым, адносіцца да транзітных, і нават адзінкавая недагледжаная сядзіба дае падставы думаць дрэнна пра ўсіх нас, стаўбчан. Дбайным суседзям жа прыходзіцца глядзець на падобную безгаспадарнасць пастаянна, з дня ў дзень. На жаль, такія сядзібы, дзе ніхто не пражывае і пра стан якіх уладальнікі не маюць ніякага клопату, можна сустрэць паўсюдна ў прыватнай забудове горада.

Падчас рэйду аб’язджаем вуліцы Першамайскую, Гагарына, Каперніка, Свярдлова, Сацыялістычную, Чыгуначную, Міру, Ленінскую, Магістральную… Усе адрасы невыпадковыя – яны «падказаны» выдадзенымі раней прадпісаннямі. У ходзе кантрольнага маніторынгу высвятляецца, што большасць заўваг ухілена, аднак іх месца дзе-нідзе занялі новыя. Так, на прывакзальнай плошчы на стаянцы таксі ўрны ўжо непашкоджаныя, цэлыя, аднак акуркі валяюцца, па ўсёй тэрыторыі стаянкі. На вуліцы Машынабудаўнікоў, якая суседнічае з ажыўленым шматпавярховым мікрараёнам, па-ранейшаму няма ніводнай урны. У лясным масіве ў Прысадах не ўсё лішняе было высечана падчас раённага суботніка (затое па вуліцы Багушэвіча стыхійная міні-звалка была прыбрана і зараўняна бульдозерам). У кустах уздоўж аўтадарогі Р2 неабходна далей праводзіць чыстку і, у першую чаргу, сіламі жыльцоў суседніх з зялёнай зонай дамоў. Не на ўсіх вуліцах падмецены пясок. Не ўсюды наведзены парадак ля гаспадарчых пабудоў (вул. Магістральная, дамы №№ 3, 4 і інш.): захламленасць, паўразбураныя пабудовы і т. п.

Відавочна, што прадпрыемствы, замацаваныя за вуліцамі, не заўсёды своечасова праводзяць іх уборку, хаця для гэтага і прадугледжаны рашэннем райвыканкама двойчы на месяц так званыя чыстыя чацвяргі. Прыватным домаўладальнікам неабходна таксама прыбіраць прылеглую да дамоў вулічную тэрыторыю (да бардзюра).

– На даны момант неабходна падмятаць вуліцы. Дажджамі ізноў нанесла пяску. Праз яго трава ўжо пачала прарастаць на тратуарных дарожках, – падкрэслівае асноўныя недахопы ўрач-гігіеніст раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Наталля Рык і пры гэтым нагадвае пра платы з агароджамі, фасады дамоў. Самы час рамантаваць іх, абнаўляць фарбай.

На вуліцы Сацыялістычнай, у цэнтры горада, кідаецца ў вочы непрыглядны драўляны плот. Яго неабходна ў тэрміновым парадку рамантаваць, а лепш за ўсё – з улікам месцазнаходжання (побач – плошча Бессмяротнасці) – змяніць на новы, сучасны. Прайшоўшы крыху далей па Сацыялістычнай, бачым, што жыхары дамоў не прыбіраюць і прылеглую тэрыторыю – інакш не былі б такімі «запясочанымі» і «праросшымі» выезды з іх двароў. Спадзяюцца, што гэта зробяць за іх камунальнікі?..

Папрок адрасаваны і камунальнікам. Вадзіцелі, адпампоўваючы каналізацыю каля дома № 39, пакідаюць на тратуары масляністую пляму. Пра яе, дарэчы, гаворыцца не першы год, але пляма і сёння там… У двары дамоў №№ 117 і 117-а, 119 кантэйнерная пляцоўка ачышчана ад адходаў, але чыстай назваць яе нельга. Паміж кантэйнерамі – мокрыя камякі бруду… Камунальнікі не падмялі ўслед пляцоўку (як і на ўездзе ў мікрараён Усходні), але ж і жыльцам павінна быць сорамна: у кантэйнеры, прызначаныя для збору цвёрдых бытавых адходаў, забаронена выліваць, прабачце мяне, памыі. Навошта рабіць так, каб іржой пакрываліся кантэйнеры, ды і працу камунальнікаў абцяжарваць?.. Тым больш, як зазначае майстар прысядзібных тэрыторый АКС Святлана Бохан, апошнім часам колькасць рабочых па комплекснай уборцы скарацілася на прадпрыемстве з 21 да 16 чалавек і «аптымізацыя» на гэтым яшчэ не закончана.

Давайце будзем граматнымі і ўважлівымі карыстальнікамі жыллёва-камунальных паслуг, узаемакультурнымі і проста дбайнымі стаўбцоўскімі гаспадарамі!

У рэйдзе прымалі ўдзел:

Галіна РАДЗІОН, начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама;

Наталля РЫК, урач-гігіеніст раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі;

Святлана БОХАН, майстар прысядзібных тэрыторый Стаўбцоўскага АКС;

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, наш кар.

На здымках: 1) пераважная большасць жыхароў вуліцы Гагарына – сапраўдныя стаўбцоўскія гаспадары; 2) будзе клумба і каля дома 84-гадовай Ларысы Прыбыш з вуліцы Першамайскай; 3) выезд са свайго двара жыхары вуліцы Сацыялістычнай,35, не падмятаюць; 4) у жыхароў дамоў побач з плошчай Бессмяротнасці і плот непрыглядны, і трава прарасла на прылеглай тэрыторыі; 5) міні-звалка ў скверы па вуліцы Гайдука – самавольства аднаго з домаўладальнікаў; 6) вось што пакінулі камунальнікі на ўездзе ў мікрараён Усходні пасля ачысткі кантэйнераў.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *