Сумленная, старанная

Нумары Сельская гаспадарка

Цяляткі на малочнатаварным комплексе «Вішнявец» ААТ «Вішнявецкі-агра» пачуваюць сябе даволі камфортна і паступова набіраюць вагу. Для іх пабудавана тэнтаванае памяшканне, а побач, праз дарогу, – драўляны летні лагер. На дзень нашага прыезду маленькія гадаванцы песціліся на сонейку ў чаканні чарговай порцыі малака. І як толькі ўбачылі сваю карміцельку, адразу ж пабеглі да яе.

Галіна Загуста, а менавіта яна працуе тут цялятніцай, падкаціла «малочнае таксі» і пачала разліваць малако. Усім пароўну – па паўвядра. Галіна Аляксандраўна – вопытная работніца. Паўтоны малака за дзень перавозіць і раздае. Гаворыць, апарат неблагі, малако ў ім награваецца да патрэбнай тэмпературы, што вельмі зручна.

Работа ў жанчыны нялёгкая, тым больш што завіхаецца яна зараз адна. Прыходзіць разам з даяркамі і цэлы дзень на рабоце. У групе 62 цяляці. А бываюць перыяды, калі каровы масава целяцца, то пагалоўе дасягае звыш двухсот.

– Тады памочніцу мне даюць і нам абедзвюм работы хапае, – расказвае Галіна Аляксандраўна. – А ўвогуле месцам працы задаволена. Люблю жывёлу. Даглядаю цялятак ад нараджэння да трохмесячнага ўзросту – яны такія ласкавыя і прыгожыя. Калі гуляюць адно з адным, то цікава за імі назіраць. Адначасова атрымліваеш і зарад бадзёрасці.

Цялятніца стараецца, каб яе гадаванцы не хварэлі, але без праблем не абыходзіцца. Тады разам з брыгадзірам комплексу Марыяй Талако лечаць іх. Дарэчы, Марыя Антонаўна вельмі хваліць сваю работніцу за стараннасць і добрасумленнасць. Галіна Аляксандраўна мясцовая, з маленства звыклая да работы, бо вырасла ў вёсцы і добра ведае нялёгкую сялянскую працу.

Вынікі работы ў Галіны Загуста добрыя, сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе жывёлы складаюць звыш 700 грамаў.

Надзея БАТАЛКА,фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *