Дні вясны натхняюць

Адукацыя Нумары Таленты Стаўбцоўшчыны

image_pdfimage_print

У ШКОЛУ – З УСМЕШКАЙ

«У школу – з усмешкай». Такую назву насіў раённы конкурс вясёлых і знаходлівых педагагічных работнікаў устаноў адукацыі. У ім прынялі ўдзел каманды Дзераўнянскай СШ («Дзераўнянскія пчолкі»), Аталезскага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад – сярэдняя школа («Восем дзевак, адзін я»), СШ № 2 («Шпількі»), гімназіі № 1 («На абцасах»), СШ № 3 («Педсавет»), Горкаўскай СШ («Настаўнік.by»), Заямнаўскай СШ («Антыстрэс»), Шашкоўскай СШ («КУ-КУ»), Засульскай СШ («Мары збываюцца»).

Каманды прайшлі тры этапы конкурсу: прадставілі візітную картку «Па локаць у меле», жартоўны біятлон (конкурс капітанаў) і музычнае дамашняе заданне «Званок для настаўніка».

Гульня працягласцю чатыры гадзіны не дала сумаваць гледачам і членам журы. На працягу ўсяго конкурсу залу не пакідала атмасфера непасрэднасці і вясёлага настрою. Каманды выдатна і арыгінальна справіліся з заданнямі конкурсу. Яркай адметнасцю мерапрыемства стаў удзел дырэктараў устаноў адукацыі ў інтэлектуальным спаборніцтве: Аталезскага ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа І. В. Ключнік, гімназіі № 1 – Д. І. Клімовіча. Аўтарскае выступленне прадэманстравалі каманды Заямнаўскай, Шашкоўскай, Засульскай, Дзераўнянскай школ. Каманда СШ № 2 актыўна праявіла сябе ў артыстызме, спевах і танцах. Каманды Горкаўскай школы і СШ № 3 выдатна выступілі ў ролі карыстальнікаў інтэрактыўных сродкаў навучання.

Без энтузіязму і актыўнасці балельшчыкаў, груп падтрымкі конкурс не атрымаўся б такім вясёлым. Яны падтрымлівалі свае каманды з дапамогай расцяжак, свістулек, «крычалак» і, безумоўна, бурных апладысментаў.

Падчас падвядзення вынікаў гледачы не сумавалі – ім дарылі сваё майстэрства ў канцэртных нумарах педагог дадатковай адукацыі Горкаўскай СШ Таццяна Дзярнейка і настаўніца англійскай мовы СШ № 3 Ксенія Багрэй.

Пераможцам фінальнай гульні журы прызнала каманду СШ № 2 «Шпількі». Другое месца заняла каманда Горкаўскай СШ «Настаўнік.by», трэцяе – каманда гімназіі № 1 «На абцасах».

Усім камандам былі ўручаны граматы і салодкія прызы, а каманда «Шпількі» атрымала яшчэ 10 білетаў на канцэрт зводнага духавога аркестра г. Стоўбцы ад спонсара КВН – раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.

Яўгенія СЛЕСАРЧЫК, галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму

 

ВЫКЛІКАЮЦЬ «ПЕРШЫ – СТО ПЕРШЫ»

У г. Валожын прайшоў VI абласны фестываль конкурсу вясёлых і знаходлівых «Таленавітая моладзь таленавітая ва ўсім», дзе дзяўчаты і хлопцы з Мядзельскага, Валожынскага, Вілейскага, Мінскага, Дзяржынскага, Маладзечанскага і Стаўбцоўскага раёнаў жартамі расказвалі аб сур’ёзным – аб правілах бяспечных паводзін.

Наш раён прадставіла каманда «Першы – сто першы» з ліку вучняў Шашкоўскай школы. Пад кіраўніцтвам педагога-арганізатара школы Лідзіі Мазуркевіч школьнікі падрыхтавалі цікавую праграму. У іх групе падтрымкі былі інспектар раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Вольга Салей і метадыст раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму Таццяна Грамыка.

Перад артыстызмам, упэўненасцю і энергіяй каманды «Першы – сто першы» не змаглі ўстаяць члены журы. У выніку, яна вярнулася дадому прызёрам – з дыпломам ІІІ ступені.

Пр

 

ДАСЛЕДАВАННІ ВУСНАГІСТАРЫЧНЫЯ

Ужо другі год Дзераўнянская сярэдняя школа з’яўляецца ўдзельніцай рэспубліканскага інавацыйнага праекта «Укараненне мадэлі вуснагістарычных даследаванняў роднага краю як сродку фарміравання сацыяльна-грамадзянскіх кампетэнцый навучэнцаў».

У гэтую даследчую работу ўключыліся 11 настаўнікаў: філолагі, гісторык, географ, педагог сацыяльны і педагог-арганізатар. Работа праводзіцца пры актыўным удзеле вучняў.

Школа ўзяла некалькі накірункаў. Найперш гэта відэазапіс успамінаў вязняў фашысцкіх лагераў. Вучні на чале з настаўнікамі сустрэліся з жыхарамі навакольных вёсак, якія ў дзяцінстве, падчас Вялікай Айчыннай вайны, былі вывезены на Нямеччыну. Гэтую даследчую работу ўзначалілі настаўнік гісторыі Васіль Суднік і настаўніца беларускай мовы і літаратуры Ганна Філіповіч. Атрымаўся багаты відэаархіў з жывымі галасамі мяцовых людзей. Пазнаёміцца з гэтай даследчай працай у снежні мінулага года маглі ўдзельнікі раённага семінара – дырэктары школ раёна.

Наступным накірункам вуснагістарычнага даследавання стаў збор матэрыялу пра гісторыю мясцовага калгаса і ПМК-74.

Святлана ЖЫБУЛЬ

 

МАРАФОН «БУДЗЬ ЗДАРОЎ!»

У Гомелі адбыўся фінал спартыўна-патрыятычнага марафону «Будзь здароў!». Маштабны праект Беларуская піянерская арганізацыя прыўрочыла да Года культуры і Сусветнага дня здароўя. Палац гульнявых відаў спорту сабраў каля 400 юных удзельнікаў з усіх рэгіёнаў краіны, а таксама вядомых спартсменаў, ганаровых гасцей. За прызавыя месцы змагаліся сем зборных камандаў па піянерболе ў трох узроставых намінацыях. Паралельна прайшоў конкурс камандаў падтрымкі. У гэтым годзе асаблівасцю конкурсу з’яўляюцца праграмы, створаныя на падставе нацыянальнай культуры.

Мінскую вобласць прадстаўляла каманда «КлубНіка» сярэдняй школы № 2 г. Стоўбцы, якая перамагла ў абласным этапе конкурсу. Педагогі Людміла Несцярук і Ала Ярмак да дробязяў адпрацавалі кожную дэталь конкурснай праграмы. Усяго некалькі балаў не хапіла камандзе, каб трапіць у прызавую тройку, «КлубНіка» заняла ганаровае чацвёртае месца.

З запалам праходзілі і гульні ў піянербол. У выніку, лепшай у турніры стала каманда «Вікторыя» Любкаўшчынскага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад – сярэдняя школа. Трэнер каманды Міхаіл Мамайка навучыў школьнікаў не толькі прафесіянальна гуляць, але і стойка трымацца, не здаваць пазіцыі да апошняга мяча. Віншуем пераможцаў!

Вольга СМОЎЖ,метадыст Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі

 

ПАМЯЦІ ПАРТЫЗАНСКАГА КАМАНДЗІРА

Аркадзій Панамароў – гэта імя асабліва шмат гаворыць жыхарам Дзераўной. Адважны камандзір партызанскай брыгады «Спартак» у пасляваенны час прысвяціў сябе справе педагога. Ён узначальваў Дзераўнянскую сярэднюю школу, якая вызначалася ў раёне творчымі дасягненнямі, а таксама і здабыткамі ў спорце.

Традыцыйныя турніры па валейболе, якія праводзяцца на базе Дзераўнянскага ФАКа, прысвячаюцца памяці Аркадзія Панамарова. Цікавая спартыўная барацьба разгарнулася і сёлета. У выніку перамогу атрымала каманда ПМК-74. Услед за гаспадарамі пляцоўкі месцы занялі валейбольныя дружыны філіяла ААТ «ККХ «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы і вайсковай часці Наваколасава. Названы і лепшыя ігракі турніру. Гэта Канстанцін Шуцько, Уладзімір Супрановіч і Віктар Спарнюк.

Пр



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *