Стаўбцоўшчына Напалеона Орды

Нумары Панямонь

image_pdfimage_print

Свае малюнкі Орда сістэматызаваў па асобных папках, дзякуючы чаму сёння можна прасачыць творчы шлях мастака. Існуюць папкі з выявамі Францыі, Партугаліі, Іспаніі, Германіі, Прусіі, Гродзенскай, Валынскай, Кіеўскай, Падольскай, Віцебскай, Ковенскай, Віленскай губерняў былой Расійскай імперыі. Але найбольшую цікавасць для нас выклікае серыя карцін Напалеона ў Мінскай губерні за 1864 – 1876 гг. (64 працы). Сярод іх – і дзве выявы Стаўбцоўшчыны.

На першай з карцін – сядзібна-паркавы ансамбль паноў Брахоцкіх у Вялікім Двары (былы Гародзій). Найбольш трапна пад апісанне малюнка пасуюць радкі Уладзіслава Сыракомлі з яго знакамітых «Вандровак па маіх былых ваколіцах» (1853 г.): «Ненамнога вузейшая, чым паштовы гасцінец, бярозавая алея вядзе да мураванага маёнтка, што велічна выглядвае з зялёнага вянка саду. Побач з памешчыцкім дваром відаць акуратна збудаваная вёска, кожная хата ў ёй абсаджана таполямі, высяцца там і сям ветракі, што змяняюць вадзяныя млыны, бо тут няма ніякай ракі. Нібы дываны, квітнеюць добра дагледжаныя палі канюшыны. Пры дарозе добры заезны двор. Усюды тут адчуваецца заможная і гаспадарлівая рука, а гэта сведчыць аб большым прагрэсе краю. Тут – Гародзій, уладанне палкоўніка Брахоцкага, сапраўдны аазіс у гэтым баку». Варта адзначыць, што і да гэтага часу краявід уражвае сваёй прыгажосцю: захаваліся і возера, і фрагменты сядзібна-паркавага ансамбля, і цікавыя гаспадарчыя пабудовы (напрыклад – камера для сушкі лёну).

На другой выяве вялікага мастака яшчэ адно знакавае месца Стаўбцоўшчыны – Жукаў Барок. На малюнку цудоўна бачны пераправа падарожнікаў паромам праз Нёман, сялянскія хаткі, царква Покрыва Прасвятой Багародзіцы і меркаваныя насыпы «шведскіх курганоў». Тут ізноў не абысціся без супастаўлення з трапным апісаннем Сыракомлі: «Вёска балоцістая, бо ў нізіне, і хоць малая (у ёй можна налічыць ледзьве дзесяць хат), але дзякуючы свайму гожаму месцу на беразе Нёмана славіцца кузняй, млыном, царквою, плябаніяй, лясніцтвам, прасторнай новай карчмою і паромам на Нёмане».

У сваіх працах Напалеон Орда аддаваў перавагу жоўтаму колеру. Яго акварэлі, насычаныя мяккім сонечным святлом, выразна апісваюць архітэктуру і краявіды, навейваюць рамантычную настальгію па мінулым.  Усяго вядома каля 1150 малюнкаў мастака. Усе яны раскіданыя па розных музеях і бібліятэках замежжа. Але дзякуючы літаграфіям з карцін мастака сёння мы можам любавацца ў тым ліку і краявідамі Стаўбцоўшчыны стапяцідзесяцігадовай даўніны.

Канстанцін НАШЧЫНЕЦ

НА ЗДЫМКАХ: сядзібна-паркавы ансамбль Брахоцкіх у Вялікім Двары; ваколіцы Жукавага Барка.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *