Вясна заклікае дзейнічаць

Нумары Раённыя навіны

Вясна напоўніла красавіцкія дні земляробчымі клопатамі, думамі аб новым ураджаі. Імі зараз жывуць у фермерскай гаспадарцы «Сула», што спецыялізуецца на вырошчванні бульбы. Цяпер тут на падрыхтаваных плошчах займаюцца пасадкай элітнага клубневага матэрыялу – надзейнага фундамента ўраджаю другога хлеба. Адначасова ў вытворчым цэху ідзе сартаванне, фасоўка бульбы для адпраўкі пакупнікам.

 Фота Васіля Зянько

 

З ВОПЫТАМ – НА ВОБЛАСЦЬ

Вядучы спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму, старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі дзіцячы фонд» Алена Гамза і прыёмная маці-выхавацель дзіцячага дома сямейнага тыпу Кацярына Васільева прынялі ўдзел у рабоце пленума абласнога аддзялення Беларускага дзіцячага фонду.

У цэнтры ўвагі ўдзельнікаў пленума было пытанне работы з дзецьмі, якія выхоўваюцца ў дамах сямейнага тыпу і прыёмных сем’ях.

На ўзроўні вобласці быў запатрабаваны вопыт работы ў гэтым накірунку службы аховы дзяцінства Стаўбцоўскага раёна. З паведамленнем па гэтым пытанні перад прысутнымі выступіла Алена Гамза. 67 дзяцей у нашым раёне выхоўваюцца ў 15-ці прыёмных, 36-ці апякунскіх сем’ях і дзіцячым доме сямейнага тыпу.

А прыёмнае бацькоўства  ў нашым раёне атрымала развіццё з 2001 года. За гэты час многія дзеці са статусам сірот атрымалі пуцёўкі ў самастойнае жыццё. Толькі ў мінулым годзе чатыры выхавальнікі сталі студэнтамі каледжаў і ВНУ.

Пр

 

ПЕРАМОГА МАТЭМАТЫКАЎ

На базе СШ № 1 г. Фаніпаля Дзяржынскага раёна адбыўся ІV абласны міні-турнір юных матэматыкаў.

У конкурсе прынялі ўдзел 19 камандаў з розных раёнаў Мінскай вобласці. Стаўбцоўшчыну прадстаўляла зборная каманда вучняў гімназіі № 1 і СШ № 3. Па выніках міні-турніру наша каманда заваявала дыплом трэцяй ступені.

Да інтэлектуальнага спаборніцтва юных матэматыкаў рыхтавалі настаўніца матэматыкі гімназіі № 1 Святлана Цвірко і настаўнік матэматыкі СШ № 3 Віталь Цвірко. Вялікі ўклад кіраўнікоў у дасягненні вучняў.

Алена МАНЦЫВОДА,метадыст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама

 

І «МЯСНЫ КАПРЫЗ»

Да праваслаўнага Вялікадня фірменныя магазіны ААТ «Стаўбцоўскі мясакансервавы камбінат» парадуюць сваіх пакупнікоў навінкай – «Рулетам баярскім», які рэалізуецца  ў вакуумнай упакоўцы.

Тэхнолагі прадпрыемства падкрэсліваюць найбольш цікавыя асаблівасці «Рулета баярскага» – гэта свіная «рулька» са спецыямі і часнаком, вэнджаная з выкарыстаннем натуральнай букавай драніцы. Па смаку яна падобная на традыцыйныя дамашнія рулеты, а па форме – зусім незвычайная, нагадвае пірамідку.       

У цэлым у сваіх наватарскіх ідэях перапрацоўшчыкі ўзялі курс на пашырэнне лінейкі слаёнай прадукцыі. Не так даўно былі выпушчаны прадукты мясныя фірменныя слаёныя сыравэнджаныя, такія як  «Каралінскі», «Іспанскі» і «Версальскі». Да іх дабавіліся яшчэ тры новыя – «Балканскі», «Мясны дуэт» і «Мясны капрыз». «Балканскі» вырабляецца з даўжэйшай мышцы ялавічыны, «Мясны дуэт» – з тазасцегнавой свіной часткі, а «Мясны капрыз» – са свіной шыйкі. Традыцыйны смак гэтых прадуктаў аздабляюць натуральныя сушаныя белыя грыбы, а таксама пры засолцы мяса для «Мяснога дуэта» і «Мяснога капрыза» выкарыстоўваюцца натуральныя спецыі і прыправы, у склад якіх уваходзіць здробненая ягада ядлоўцу.

Усе тры слаёныя навінкі ўжо ў продажы. Вытворцы ўпэўнены, што пакупніцкі попыт на гэтую элітную прадукцыю будзе толькі павялічвацца.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

НА КІРМАШ – З САМШЫТАМІ

Стаўбцоўскі доследны лясгас  гэтымі вясновымі днямі актыўна ўдзельнічае ў кірмашах за межамі раёна – са сваёй прадукцыяй выязджае ў Слуцк, Салігорск, Нясвіж.

Работнікі лесу прапаноўваюць мёд, расфасаваны ў слоікі, а таксама саджанцы. Аматарам ландшафтнага дызайну прапануюцца саджанцы туй, дэкаратыўнага ядлоўцу, каліны, рабіны, самшыту, айвы, а таксама гартэнзіі, фарзіцыі і іншых прыгожых раслін.

Мясцовыя жыхары могуць зрабіць такія набыткі, звярнуўшыся ў лясгас ці ў лясніцтвы.

 

АМАТАРАМ ЯПОНСКАЙ КУХНІ

У піцэрыі «Ветразь» райспажыўтаварыства пастаянна пашыраецца асартымент піцаў, якія палюбіліся заказчыкам. Карыстаецца папулярнасцю такая паслуга, як дастаўка піцы і іншых кулінарных страў кліенту дадому, што прыносіць вытворцам дадатковы даход, а спажыўцам аблягчае быт і эканоміць час.

Піцэрыя «Ветразь» асвоіла прыгатаванне страў японскай кухні. Аматары экзатычных страў могуць заказаць цяпер ролы, сушы. Піцэрыя знаходзіцца на аўтамагістралі, таму працаўнікі аб’екта грамадскага харчавання маюць клопат прэзентаваць гасціннасць нашага горада праезджым і гасцям райцэнтра.

 

НАПАГАТОВЕ КАСІЛКІ

Ведамасная аўтабаза райспажыўтаварыства працягвае пашыраць пералік платных паслуг насельніцтву і арганізацыям раёна.

Можна заказаць такую паслугу, як пакос падворкаў.  Па-ранейшаму аказваюцца транспартныя паслугі па перавозе розных грузаў, рамонце транспарту. Працуе платная аўтастаянка. Дадаткова ад гэтых відаў дзейнасці атрымана ў мінулым годзе каля 78 мільёнаў рублёў даходу.

Асноўны ж клопат аўтабазы – забеспячэнне бесперабойнай рытмічнай работы ведамасных аб’ектаў. Транспарт з’яўляецца сувязным звяном паміж гандлёва-размеркавальнымі складамі і магазінамі. Кожны дзень адпраўляюцца па сваіх маршрутах аўтамагазіны, хлебныя фургоны, грузавікі, спецыяльныя машыны. Важную ролю гэтага падраздзялення ў арганізацыі вытворчага працэсу спажывецкай кааперацыі цяжка пераацаніць.

 

ПАЛЕТКІ БЕЗ КАМЕННЯ

Служба занятасці раёна прадаставіла магчымасць беспрацоўным паўдзельнічаць у грамадскіх аплатных работах.

Гаспадаркі раёна далі заказ на ўдзел у зборы камення на палетках. Падвоз памагатых з горада быў арганізаваны ў ААТ «Жацерава» і ААТ «Рубяжэвічы». У гэтым годзе вялікую падмогу сельскагаспадарчым таварыствам па ачышчэнні палёў ад камення аказваюць арганізацыі і прадпрыемствы раёна, якія па рашэнні райвыканкама выязджаюць вясною на такія работы.

 

НЕ СПРАВА ВЫПАДКУ

У нашым раёне прайшоў адзіны дзень прафарыентацыі «Шляхі атрымання прафесіянальнай адукацыі» для вучняў 9-х і 11-х класаў.

На мерапрыемства былі запрошаны спецыялісты розных навучальных устаноў: Уздзенскага і Клецкага дзяржаўных сельскагаспадарчых прафесіянальных ліцэяў, Маладзечанскага гандлёва-эканамічнага каледжа Белкаапсаюза, Жодзінскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа, Баранавіцкага дзяжаўнага ўніверсітэта і іншых.

У гэтым прафарыентацыйным мерапрыемстве прынялі ўдзел і спецыялісты ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. Навучэнцы былі праінфармаваны аб прафесіях, якія карыстаюцца попытам на рынку працы, і магчымасцях атрымання рабочых спецыяльнасцяў. Да вучняў стараліся данесці, што прафесіянальны лёс павінен быць не справай выпадку, а вынікам усвядомленага выбару.

Алена МАНЦЫВОДА,метадыст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *